Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц таму распачаўся чарговы футбольны чэмпіянат Беларусі ў Вышэйшай лізе. На сёньняшні дзень вышэйшыя прыступкі турнірнай табліцы сярод 16 каманд дзеляць салігорскі Шахцёр, менскае Дынама й барысаўскі БАТЭ. Цікава, што і ў 2016 годзе менавіта гэтыя тры каманды былі пераможцамі — першае месца і чэмпіёнства атрымаў БАТЭ, Шахцёр быў другім, а Дынама-Менск заняло трэцяе месца.

Як адносяцца да беларускай мовы пераможцы леташняга чэмпіянату й лідэры чэмпіянату сёлетняга? Адказ на гэта даюць самі клюбы ў сваіх афіцыйных адказах, а таксама нізараньне за камандамі на стадыёнах і ў сеціве.

Чэмпіён-2016 — ФК «БАТЭ», Барысаў

Ужо другі год запар адказ БАТЭ вызначаецца сваёй арыгінальнасьцю — генэральны сакратар клюбу Андрэй Вашкевіч дае яго ў вершаванай форме.

Пачынае пан Вашкевіч наступнымі словамі:

«Ігар, Ігар, як рады мы ўсе
Ў нашай пошце твой ліст пабачыць!
Родным стаў ты ўсім тут пакрысе,
Нас за „тыканьне“ мусіш прабачыць!»

Уступ цікавы, але ці сапраўды родным я стаў для клюбу? Напачатку сэзону я даслаў усім 16 клюбам Вышэйшай лігі прапанову афіцыйна акрэдытаваць мой блог «Мова Спартова», дзе падрабязна распавядаецца аб тым, як беларуская мова выкарыстоўваецца ня толькі ў беларускім футболе, але й наогул у спорце. На момант напісаньня гэтага тэксту 11 клюбаў акрэдытавалі «Мову Спартову», 2 адмовілі ў акрэдытацыі, а яшчэ 3 пакуль не паведамілі аб сваім рашэньні. Дык вось, сярод тых двух, хто палічыў, што блог аб беларускай мове ў спорце ня варты права асьвятляць футбольныя гульні, быў і БАТЭ. Вось як матываваў адмову прэс-сакратар БАТЭ Сяргей Дашкевіч (стылістыка захавана):

«Перш чым вырашаць пытаньне аб выдачы вам сэзоннай акрэдытацыі на хатнія матчы ФК БАТЭ, хачу зразумець, як часта вы плянуеце наведваць гэтыя гульні? Калі ў вашы пляны ўваходзіць наведваньне хаця б 8-10 такіх матчаў, то я ня маю прынцыповых пярэчаньняў супраць таго, каб вас акрэдытаваць. Але ёсьць адна важная ўмова: падставай для акрэдытацыі являеется афіцыйны ліст таго СМІ, якое вы будзеце прадстаўляць».

Паколькі адной з галоўных мэтаў атрыманьня акрэдытацыяў ад клюбаў была праверка таго, наколькі каманды адкрытыя для СМІ і блогер-фрэндлі для тых, хто асьвятляе беларускі чэмпіянат, які ня можа пахваліцца вялікай наведвальнасьцю, усім клюбам дасылаўся стандартны зварот з фотаздымкам, маімі дадзенымі й спасылкай на блог, то, вядома, ніякіх лістоў з подпісам і пячаткай я не прадстаўляў (а гэта было патрабаваньнем абсалютнай большасьці клюбаў), хоць пры жаданьні і мог бы. Тым ня менш, мінімум 11 з 16 каманд змаглі заплюшчыць вочы на адсутнасьць гэтай фармальнасьці. Але не БАТЭ.

Цікава тут ня толькі гэта, але й умова наведаць 8-10 матчаў з удзелам БАТЭ. Узьнікае пытаньне — клюб такое патрабаваньне і іншым акрэдытаваным выстаўляў? Карацей, бачна, што нягледзячы на словы ў лісьце, родным я для БАТЭ ня стаў, таму і за тыканьне прабачыць не магу. Але, магчыма, тут эксцэс выканаўцы: адзін з кіраўнікоў клюбу ўмее працаваць з грамадзкасьцю на пазытыўны імідж клюбу, а вось выканаўца «перабдзеў» у фармалізьме, чым перакрэсьліў усе высілкі свайго кіраўніка. Так часта ў Беларусі бывае — вярхі хочуць, а нізы — ня могуць.

Але працягнем знаёмства з адказам БАТЭ:

«Гэта пяты ж ужо твой зварот —
Юбілейны, клясычны, яскравы!
Хоць зьмяняецца ў ім толькі год,
Нам чытаць яго вельмі цікава!

Мы чытаем і бачым: Случак
Жыў здароў, піша ды не сумуе,
І бывае ў яго вольны час,
І „Белпошта“ нармальна працуе».

Сапраўды ня першы год я вяду перапіску з БАТЭ і кожны год дасылаў адзін і той жа зварот. І не мая была ў гэтым віна — да 2017 году клюб амаль зусім не выкарыстоўваў беларускую мову.
Але сёлета адбыліся некаторыя зрухі:

«Што ня зьнік у адвечнай журбе,
Не спыніў ты свой бой папяровы.
Мы паведаміць рады табе:
Нашы прозьвішчы будуць на мове!»

Камізэлькі рыхтуем цяпер:
«Палякоў», «Валадзько» на абновах.
Табе — наша падзяка звыш мер
За выдатныя прапановы!»

Кажуць, абяцанага тры гады чакаюць — у выпадку з БАТЭ гэтага прыйшлося чакаць 5 гадоў, але ж радуе, што шматразовы чэмпіён Беларусі ўсё ж прыйшоў да беларушчыны.

Дарэчы, сёлета 11 з 16 каманд Вышэйшай лігі будуць пісаць прозьвішчы сваіх гульцоў па-беларуску. У 2016 годзе такіх было толькі 6, у 2015 — 3, а ў 2014 — не было зусім. Таму прагрэс ёсьць і даволі добры.

Але верш ад пана Вашкевіча яшчэ ня скончаны:

«Нібы золата зьзяе яна,
Наш маскот — грамавая маланка!
У дадатак зьявілася на
клюбным лога БАТЭ вышыванка.

Даспадобы такі падыход
Вышываначным патрыётам!
Усё сьведчыць: сямнаццаты год
Беларускім тут будзе годам».

Сапраўды, новы маскот БАТЭ, што зьявіўся ў сэзоне-2017, мае беларускае імя Маланка, а на клюбным лога, што выкарыстоўваецца на форме каманды, і сапраўды зьявілася вышыванка.

Праўда, толькі на атрыбутыцы — афіцыйнае лога засталося старым, без вышыванкі й з расейскамоўным тэкстам. Але трэба аддаць належнае і заўважыць, што нават рэкляму на новай форме гульцоў у БАТЭ пераклалі на беларускую мову — добры прыклад для іншых каманд. І ня толькі спартовых каманд, але й вытворцаў тавараў і паслуг, а таксама Міністэрства гандлю, якое лічыць, што выкарыстаньне беларускай мовы можа прынесьці дадатковыя выдаткі. Хоць насамрэч ніякіх выдаткаў няма, а наадварот, толькі дадатковая карысьць і прыбыткі.

Скончваецца верш БАТЭ цудоўнымі словамі ў адрас беларускай мовы й адсылкай да «Пагоні» Максіма Багдановіча:

«У далёкіх краінах чужых
На тамтэйшых калег-чэмпіёнаў
З роднай мовай у сэрцах сваіх
Мы выходзім на ўсе стадыёны.

І калі на замежных палях
Зноў сустрэнем „Баварыю“ тую,
Успомнім пену на грозных канях,
Успомнім Вострую Браму сьвятую!»

Як бачым, у параўнаньні з папярэднімі гадамі ў БАТЭ ў выкарыстаньні беларускай мовы вялікі прагрэс, але яшчэ застаюцца шмат момантаў, дзе беларускай мовы нестае: няма беларускамоўнай вэрсіі сайту, афішы й праграмкі вырабляюцца па-руску, у сацыяльных сетках беларуская мова выкарыстоўваецца мінімальна, гукавое й візуальнае суправаджэньне на Барысаў-Арэне таксама расейскамоўнае, як расейскамоўная і эмблема клюбу. Будзем спадзявацца, што клюб ня будзе стаяць на месцы і беларускай мовы яшчэ ў гэтым сэзоне стане болей — усё цалкам магчыма, было б жаданьне.

Нельга забываць аб тым, што адным з амбасадараў беларускай мовы ў Беларусі зьяўляецца Віталь Радзівонаў, які шмат у публічных выступах выкарыстоўвае беларускую мову і ўдзельнічае ў шматлікіх беларускіх мерапрыемствах. Праўда, на закрыцьці футбольнага сэзону «Зорны Мяч-2016», што ўпершыню ў гісторыі беларускага футболу прайшоў цалкам па-беларуску, Віталь Радзівонаў, які быў прызнаны лепшым бамбардзірам сэзону-2017, чамусьці па-расейску выступаў, як яго вядучы Ўладзімер Навіцкі не ўгаворваў сказаць пару словаў па-беларуску.

Уладзімер Навіцкі, фота Прессболу.
Уладзімер Навіцкі, фота Прессболу.

Магчыма, Віталь проста ня вытрымаў націску спартовага камэнтатара Ўладзімера, які калі ўжо пачынае па-беларуску размаўляць (што робіць надзвычай добра), то яго не разьбіць, не спыніць, не стрымаць, як кажуць у народзе.

2-месца ў Чэмпіянаце-2016 — ФК «Шахцёр», Салігорск

Хоць клюб і акрэдытаваў блог «Мова Спартова», але нельга казаць, што ён зьяўляецца беларускім клюбам — беларуская мова ў ім прынцыпова зусім не ўжываецца. Вось што піша дырэктар клюбу Юрый Вяргейчык:

«Выканаць вашыя пажаданьні (па больш шырокім ужываньні беларускай мовы — І.С.) на дадзены момант не ўяўляецца магчымым паколькі сэзон ужо пачаўся й спартыўная форма ўжо выраблена, афіцыйны сайт пасьпяхова працуе, эмблема клюбу зьяўляецца таварным знакам і зарэгістравана ў існуючым выглядзе. Зьмена дадзеных атрыбутаў клюбу запатрабуе значных фінансавых выдаткаў, што не прадугледжана бюджэтам клюбу. Зносіны з заўзятарамі клюбу адбываюцца на расейскай мове, якая зьяўляецца дзяржаўнай у Беларусі, і не выклікае нараканьняў у непасрэдных заўзятараў ФК „Шахцёр“ ва ўсіх кірунках дзейнасьці клюбу».

Шахцёр зьяўляецца адным зь пяці клюбаў Вышэйшай лігі, хто не выкарыстоўвае беларускую мову на футболках гульцоў і гэта яго прынцыповая пазыцыя, бо зварот аб пашырэньні беларускай мовы я дасылаю клюбу ня першы год, звычайна загадзя, калі сэзон яшчэ не пачаўся, а новая форма ня выраблена. Аб гэтым, напрыклад, кажа й крывадушны адказ за 2012 год — 5 год прайшло, а беларускай мовы як не было, так і няма.

Клюб з году ў год прынцыпова абірае расейскую мову ня толькі на форме, але й ва ўсіх сфэрах дзейнасьці клюбу — беларускую мову на стадыёне ў Салігорску вы не пачуеце і не пабачыце. Нават афіцыйны блянк клюбу ў парушэньне беларускага заканадаўства пазбаўлены беларускамоўнай часткі — замест яе інфармацыя на ангельскай мове. Адрачэньне ад беларускай мовы ў Шахцёры перайшло ўсе межы й застаецца толькі запытацца, чаму ў беларускім клюбе склалася такая сытуацыя?

Міукалай Януш (у цэнтры)
Міукалай Януш (у цэнтры)

Адзіным, хто нясе сьвет беларускай мовы ў царстве расейскй мовы Шахцёру зьяўляецца Мікалай Януш — лепшы бамбардзір футбольнага чэмпіянату Беларусі ў 2014 і 2015 гадах. Ён заўжды публічна выступае ў любой сытуацыі па-беларуску, намагаецца і ў прыватным жыцьці выкарыстоўваць толькі беларускую мову і вядзе па-беларуску свае старонкі ў сацыяльных сетках. Што й казаць найлепшыя — найлепшыя ва ўсім. Кіраўніцтву Шахцёру варта браць прыклад са свайго найлепшага гульца, які да таго ж адзін з найлепшых у Беларусі і гуляе за нацыянальную беларускую каманду.

3-е месца Чэмпіянату-2016 — ФК «Дынама», Менск

Легендарны беларускі клюб мае ня толькі багатую і яскравую гісторыю, але і сапраўды беларускую душу — аб гэтым кажа ліст за подпісам прэс-сакратара Дынама-Менск Васіля Князюка:

«Вы не аднойчы адзначалі ў матэрыялах вашага блогу намаганьні менскага „Дынама“ па папулярызацыі беларускай мовы. Мы ж ніколі не імкнуліся афішаваць ці неяк асабліва падкрэсьліваць нашу павагу да роднай мовы. Таму што ня лічым, што выкарыстаньне беларускай мовы — гэта нешта незвычайнае і, тым больш, нешта накшталт маркетынгу.

Наадварот, мы ўпэўнены, што натуральная зьява — выкарыстаньне роднай мовы. Дынама-Менск — гэта беларускі клюб, і ён заўсёды будзе пераважна беларускамоўным. На нашу думку было б выдатна, каб належную ўвагу да беларускай мовы надавала ўсё асяродзьдзе і ня толькі спартыўнае».

Цудоўныя словы, зь якімі нельга не пагадзіцца. На сёньняшні дзень менскае Дынама выкарыстоўвае беларускую мову пішучы прозьвішчы сваіх гульцоў на форме па-беларуску, мае найлепшы ў Беларусі сайт футбольнага клюбу, дзе беларускамоўная вэрсія ня горш за расейскамоўную і англамоўную, таксама беларуская мова даволі шмат выкарыстоўваецца й у сацыяльных сетках клюбу — нездарма каманда заняла другое месца ў «Рэйтынгу беларускамоўнасьці футбольных клюбаў у сеціве». Вядома, яшчэ далёка не паўсюль беларуская мова выкарыстоўваецца камандай, але другая частка адказу Васіля Князюка дае падставу меркаваць, што ў хуткім часе беларускай мовы стане яшчэ больш:

«Мы маем на мэце паступовае пашырэньне выкарыстаньня беларускай мовы па ўсіх кірунках футбольнага й каля футбольнага жыцьця. Спадзяемся, вы заўважыце гэта, калі будзеце наведваць нашы гульні і зьвяртацца да нашых афіцыйных старонак у сеціве».

Дарэчы, мой блог «Мова Спартова» клюб таксама акрэдытаваў.

Амбасадарамі беларускай мовы ў БАТЭ і Шахцёры ў папярэдніх частках былі названыя Радзівонаў і Януш. У Дынама-Менск няма такога яркага беларускамоўнага гульца, але вельмі слушнымі зьяўляюцца словы брамніка клюбу Андрэя Клімовіча:

«Каб Беларусь пачала размаўляць па-беларуску, патрэбна зараз усю адукацыю і тэлебачаньне перавесьці на беларускую мову».

Цяжка не пагадзіцца з гэтымі словамі.

Як бачым, сярод пераможцаў Сэзону-2016 найбольш беларускую мову выкарыстоўвае менскае Дынама, за ім ідзе БАТЭ, а Шахцёр ад беларускай мовы цалкам адцураўся. Казаў Францішак Багушэвіч: «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі». Тыя ж словы й да футбольных клюбаў можна прымяніць, узгадваючы, напрыклад Граніт зь Мікашэвічаў, які таксама прынцыпова беларускую мову не выкарыстоўваў, а пасьля ў мінулым сэзоне вылецеў з Вышэйшай лігі ў Першую.

Пажадаем жа перамогаў тым клюбам, што шануюць беларускую мову.

У адным з наступных допісаў пагаворым аб тым, як беларуская мова выкарыстоўваецца іншымі футбольнымі клюбамі беларускай Вышэйшай лігі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG