Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Случак піша аб сытуацыі зь беларускай мовай у футбольных клюбах, якія прадстаўляюць Беларусь на міжнародных турнірах.

Ня так даўно мы даведаліся, як выкарыстоўваецца беларуская мова ў хакейным «Дынама-Мінск» і баскетбольным клюбе «Цмокі-Мінск», якія прадстаўляюць Беларусь на міжнародных чэмпіянатах. Прыемна, што ў названых клюбах сытуацыя зь беларускай мовай у цэлым добрая.

Сёньня — аб футбольных клюбах. Беларусь на міжнародных турнірах прадстаўляюць дзьве каманды. У групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў змагаецца барысаўскі «БАТЭ», а ў ніжэйшай па рангу Лізе Эўропы — менскае «Дынама».

Футбольны клюб «БАТЭ» (Барысаў)

Шматразовы чэмпіён Беларусі, флягман беларускага футболу «БАТЭ» сталы ўдзельнік групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў на роўных змагаецца зь вядучымі эўрапейскімі клюбамі, перамагае наймацнейшыя зь іх. Калі запытацца ў замежніка, што ён ведае аб Беларусі, то да традыцыйнага набору «Чарнобыль-Лукашэнка-Прыгожыя дзяўчаты» абавязкова будзе дададзена «БАТЭ-Барысаў».

А як у вядучай футбольнай каманды краіны зь беларускай мовай?

Першы афіцыйны кантакт з барысаўскім клюбам у мяне адбыўся ў лютым 2013. Тады намесьніца дэпартамэнту разьвіцьця ФК «БАТЭ», былы гулец беларускай нацыянальнай зборнай па баскетболе Натальля Марчанка адказала наступнае:

«Дзякуй за Ваш ліст, за любоў да роднай мовы і неабыякавасьць да фармаваньня і разьвіцьця патрыятычных пачуцьцяў у аматараў беларускага футболу, якія мы, у сваю чаргу, падзяляем.

Натальля Марчанка

Натальля Марчанка

У цяперашні час пытаньне аб правядзеньні мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы сярод заўзятараў ФК «БАТЭ» (у прыватнасьці, беларускамоўныя прозьвішчы на спартыўнай форме футбалістаў, гукавое суправаджэньне падчас правядзеньня матчаў на стадыёне на беларускай мове, выкарыстаньне беларускай мовы ў друкаванай прадукцыі ФК «БАТЭ»), знаходзіцца ў стадыі разгляду. У бліжэйшы час плянуецца правесьці кансультацыі з гульцамі і трэнэрскім штабам, а таксама апытаньні сярод удзельнікаў Клюбу заўзятараў БАТЭ, уладальнікаў сэзонных абанэмэнтаў і прадстаўнікоў фан-сэктару. Магчыма, у новым сэзоне будуць прынятыя захады, накіраваныя на больш актыўнае выкарыстаньне роднай мовы ў сфэры беларускага футболу.

У мэтах дадатковага стымуляваньня працэсу папулярызацыі роднай мовы ў беларускім футбольным чэмпіянаце, рэкамэндуем Вам таксама зьвярнуцца з прапановай аб правядзеньні ўзгаданых у Вашым лісьце мерапрыемстваў у Асацыяцыю «Беларуская фэдэрацыя футбола».

Праз год, у сакавіку 2014, Натальля Марчанка зноў паведаміла аб пазыцыі «БАТЭ» па беларускай мове. Адказ быў амаль на 100% ідэнтычны папярэдняму, толькі адрозьніваўся тым, што, як паведаміла Марчанка, «у гэтым годзе было прынята рашэньне не выкарыстоўваць беларускамоўныя прозьвішчы на спартыўнай форме футбалістаў», а таксама кола людзей, зь якімі «у бліжэйшы час плянуецца правесьці кансультацыі» па моўным пытаньні, пашырылася. Зараз гэта пытанне было вынесена на абмеркаваньне ня толькі «з гульцамі і трэнэрскім штабам» ды іншымі, як гэта было ў 2013 годзе, але і з «кіраўніцтвам стадыёна».

Адным словам, кансультацыяў і абмеркаваньняў стала яшчэ больш, а выніку — як не было, так і няма — беларуская мова ў «БАТЭ» выкарыстоўвацца не пачала.

Яшчэ ліст адрозьніваўся блянкам і подпісам — калі ў 2013 годзе эмблема барысаўскага клюбу зорачак ня мела зусім, хоць і мела права на адну (кожная зорачка азначае 5 чэмпіёнстваў у нацыянальным чэмпіянаце), то ўжо ў 2014 годзе займела адразу дзьве.

Сапраўды, чаго саромецца дасягненьняў? Гэта ж ня беларуская мова, якая патрабуе бясконцых кансультацыяў, абмеркаваньняў і нарадаў. Што да подпісу Марчанкі, то я не графоляг, але падпісвалася яна ў 2013 і 2014 годзе зусім па-рознаму. Чаму — ня ведаю.

Я б параіў БАТЭ вырашаць моўнае пытаньне як найхутчэй. У тым самым данецкім «Шахтары», якому «БАТЭ» прагуляла з разгромным лікам, квітнее ўкраінская мова. Цяпер украінскі клюб вымушаны праводзіць свае гульні ў Львове.

Што да зваротаў да АБФФ з прапановай распачаць у беларускім футболе беларусізацыю, гэта прапанова слушная і магла б зьмяніць моўную сытуацыю ў беларускім футболе кардынальна. Зь іншага боку, гэта вельмі дрэнная беларуская звычка, што разьвілася ў беларусаў за савецкі час і гістарычна нам не ўласьцівая, гэта глядзець у рот начальству, чакаць загаду зьверху, баяцца браць на сябе адказнасьць. Я перагледзеў паперы АБФФ — усе яны не забараняюць, а гэта значыць, дазваляюць выкарыстоўваць беларускую мову і прапагандаваць беларускую культуру у любых маштабах. Сам рэбрэндынг лягатыпу Асацыяцыі сьведчыць аб гэтым — замест «лётаючай талеркі» ім стаў беларускі зубр. Прыклад ФК «Гомель» і ФК «Белшына» сьведчаць, што для разьвіцьця беларускай мовы ніякіх дадатковых загадаў, папер і іншых хваробаў нашага часу не патрэбна.

​Сытуацыя пачала лепшаць у Барысаве ў кастрычніку 2014 года. Тады на мой запыт адказаў генэральны дырэктар ФК «БАТЭ» Міхаіл Дземянцэвіч.

«Шаноўны Ігар! У першую чаргу дзякуем Вам за пажаданні. Спадзяемся і далей радаваць Вас выдатнымі вынікамі і ў нацыянальным першынстве, і ў Кубку Беларусі, і ў Лізе чэмпіёнаў УЕФА.

Што тычыцца Вашых прапаноў, то мы ўжо даўно думаем над аптымальным варыянтам выкарыстаньня беларускай мовы ў дзейнасьці клюбу. На гэты момант мы не прыйшлі да адзінага меркаваньня і стапрацэнтнага адказу на моўнае пытаньне. Паколькі сэзон-2014 блізкі да завяршэньня, хутчэй за ўсё, мы вернемся да разважаньняў на гэты конт узімку».

Тое, што над вырашэньнем моўнага пытаньня ў клюбе думаюць даўно, я ўжо зразумеў па перапісцы з Марчанкай. Але хочацца пабачыць вынікі. Для пачатку можна і не пераводзіць усё на беларускія рэйкі, хаця б нешта. У футболе ж БАТЭ не за адзін дзень ачкі набірае — гэта праца цягам сэзону. А так атрымоўваецца як у анэкдоце пра габрэя, які абяцаў, што яго дзеці будуць есьці толькі шакалядныя цукеркі. Ня трэба адразу шакалядныя, можна і карамэлькі. А наконт разважаньняў узімку, то, як казаў Эд Старк з «Гульняў Тронаў»: «Зіма блізка, але хацелася б канкрэтыкі ўжо зараз».

Міхаіл Дземянчэвіч працягвае:

«Можам таксама адзначыць, што ў Лізе чэмпіёнаў УЭФА мы выкарыстоўваем трансьлітэрацыю зь беларускага варыянту правапісу прозьвішчаў гульцоў, а таксама часткова вядзем афіцыйныя старонкі ў сацыяльных сетках на беларускай мове. У будучыні мы не выключаем магчымасьці пашырыць выкарыстаньне беларускай мовы ў жыцьці клюбу, улічваючы і Вашы прапановы.

Са свайго боку хацелі б падзякаваць вам за ідэі, выказаныя ў Вашым лісьце, і пажадаць посьпехаў у важнай справе папулярызацыі беларускай мовы і культуры».

Тое, што трансьлітэрацыя прозьвішчаў гульцоў БАТЭ ў Эўракубках робіцца зь беларускай мовы, можна толькі вітаць, гэта добры крок і паказвае, што беларуская мова магчыма і ў нацыянальным чэмпіянаце. Можна было б яшчэ параіць, каб была ня проста трансьлітэрацыя, а прозьвішчы пісаліся беларускай лацінкай — гэта цалкам адпавядае як беларускім моўным нормам, так і правілам УЭФА.

Вядзеньне сацыяльных сетак часткова па-беларуску таксама добры крок, хоць, праглядаючы гэтыя сацсеткі, беларускамоўных запісаў за апошні час я не сустракаў.

БАТЭ магло б браць прыклад са свайго капітана, найлепшага гульца каманды і аднаго зь вядучых гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусі Віталя Радзівонава, які і па-беларуску не саромеецца размаўляць, і вышыванку не цураецца адзець. Сапраўдны беларус!

Футбольны клюб «Дынама-Мінск»

А зараз — да галоўнага канкурэнта «БАТЭ» у нацыянальным чэмпіянаце. Сёлета дынамаўцы прадстаўляюць Беларусь у другім па значнасьці эўрапейскім кубкавым турніры — Лізе Эўропы. Як у іх зь беларускай мовай і культурай?

Вось што паведаміў прэс-аташэ ФК «Дынама-Мінск» Васіль Князюк:

«У футбольным клюбе „Дынама-Мінск“ з павагай ставяцца да дзяржаўнай мовы — беларускай! Нашы заўзятары даўно і рэгулярна афармляюць трыбуны банэрамі на беларускай мове. Клюб таксама прыкладае намаганьні па больш шырокім выкарыстаньні беларускай мовы. Нашы прадстаўнікі ніколі не адмаўляюць і ахвотна даюць інтэрвію беларускамоўнай прэсе. У дні матчаў на вучэбна-трэніровачных зборах афіцыйны твітэр клюбу вядзе тэкставыя трансьляцыі матчаў непасрэдна на беларускай мове, што было заўважана і ўхвальна ўспрынята заўзятарамі як мінскага „Дынама“, так і аматарамі футболу ў нашай краіне».

Наогул, адчуваецца, што ліст — не адпіска ці канцыляршчына, а пісаўся з душой. Адразу напрошваецца песьня Ляпіса Трубяцкога на словы Янкі Купалы «Ня быць скотам!». Відавочна, дынамаўцы хочуць падтрымліваць беларускую мову і культуру, няхай сабе і павольнымі крокамі. Што тычыцца фанатаў, то яны, як і большасьць беларускіх фанатаў, для себе прыярытэты ўжо расставілі — нацыянальная мова і культура ў іх на першым месцы, за што ім вялікая падзяка і пашана. З гэтых воінаў сьвятла, што падтрымліваюць родныя каманды на стадыёнах і па-за іх межамі, неглядзячы на перашкоды шэра-чорна-крапавага колеру, адміністрацыі маглі б браць прыклад, культываваць беларускую мову на клюбным узроўні, падтрымліваць сваіх фанатаў ва ўсім, не забываючы аб тым, што яны таксама частка каманды.

Васіль Князюк

Васіль Князюк

Далей Васіль Князюк працягвае:

«Не прайшла незаўважанай у беларускіх СМІ ініцыятыва клюбу стварыць беларускамоўную вэрсію сайту „Дынама-Мінск“. Такая праца вядзецца. Вельмі спадзяемся самым бліжэйшым часам парадаваць нашых заўзятараў запускам беларускамоўнай вэрсіі сайту!

Дзякуем вам за ўвагу да беларускага футболу і да мінскага „Дынама“. 26 красавіка ў матчы 5 туру чэмпіяната Беларусі мінскае „Дынама“ праводзіць матч у Гомелі. Будзем рады бачыць Вас на трыбунах стадыёна!»

Тут я магу сказаць, што «Дынама» сваё слова трымае — клюб сапраўды запусьціў беларускамоўную вэрсію сайту. Больш за тое, гэта адзіны клюб беларускай Вышэйшай лігі, які мае беларускамоўную вэрсію. Беларускамоўную вэрсію мае яшчэ і мазырская «Славія», якая ўзначальвае турнірную табліцу Першай лігі, і ў наступным годзе таксама будзе гуляць у «вышцы». Хочацца спадзявацца, што беларускамоўныя вэрсіі паступова пачнуць з’яўляцца і ў іншых.

Адметнае ў дынамаўскім сайце і тое, што ніводная з моваў не выбіраецца пры заходзе на старонку па змоўчваньні — на першай старонцы ў чытача ёсьць магчымаць выбраць, на якой мове ён хоча чытаць навіны на сайце, і толькі пасьля гэтага трапляе на галоўную старонку. Вельмі цывілізаваны падыход, прыняты ва ўсіх цывілізаваных краінах, якія маюць некалькі дзяржаўных моваў.

Што да запрашэньня наведаць матч у Гомелі — то я яго цалкам прымаю. Больш за тое, я прыкладу намаганьні, каб адна зь дзьвюх беларускамоўных праграмак ФК «Гомель», што выйшлі ў гэтым сезоне, была якраз да гульні з «Дынама-Мінск».

У наступных запісах вы даведаецеся, як зь беларускай мовай у хакейных і гандбольных клюбаў, якія выступаюць на міжнародных турнірах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG