Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбаліст Мікалай Януш: Хочацца верыць, што праз пару гадоў дойдзе разуменьне таго, што мову трэба вяртаць


Форвард Мікалай Януш — адзіны футбаліст нацыянальнага першынства, які карыстаецца роднай мовай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:47 0:00

Набліжаецца да фінішу чарговы чэмпіянат Беларусі па футболе. Яшчэ за тур да яго заканчэньня стала зразумела, што фаварыты — барысаўскі БАТЭ, салігорскі «Шахцёр» і менскае «Дынама» — зноў пацьвердзяць свой кляс, акупаваўшы верхнія прыступкі пʼедэсталу.

Прамежкавыя вынікі падводзім з форвардам «Шахцёру» і зборнай Беларусі Мікалаем Янушам, які ў складзе гарнякоў трэці раз стаў срэбным мэдалістам першынства. Сёлета не пашчасьціла застацца ў гульні цягам усяго сэзону, праз траўму давялося прапусьціць восем тыдняў другога кола. Адпаведна, запасу трываласьці ў 11 галоў не хапіла, каб працягнуць бамбардырскі трыюмф папярэдніх гадоў — у 2014-м і 2015-м у кожным разе з 15 мячамі Мікалай узначальваў сьпіс самых выніковых гульцоў.

Мікалай Януш адметны яшчэ і тым, што зьяўляецца адзіным дзейным футбалістам у сьвеце, які актыўна карыстаецца беларускай мовай. Упершыню публічна прамовіў па-беларуску падчас леташняй цырымоніі ўганараваньня лепшых па выніках чэмпіянату. Ад траўня вядзе беларускамоўную старонку ў сацыяльнай сетцы Instagram .

У чэрвені, пакуль залечваў траўму, паспрабаваў сябе ў ролі беларускамоўнага тэлекамэнтатара ў пары з Уладзімерам Навіцкім.

У якасьці прызнаньня памкненьняў футбаліста на моўным фронце вытворца адзеньня LSTR і спартыўны партал by.tribuna.com прапанавалі свой варыянт формы для нацыянальнай каманды, пазначыўшы ўзоры гасьцявога, хатняга і адмысловага камплекту янушаўскім № 10 і лацінкавым варыянтам прозьвішча Januš.

Альтэрнатыўны камплект формы ад LSTR і by.tribuna.com
Альтэрнатыўны камплект формы ад LSTR і by.tribuna.com

«Люблю цішыню і спакой: калі здараецца падвышаная ўвага, пачынаю нэрвавацца»

Днямі зь Мікалаем Янушам сустрэліся на лясной «шахцёрскай» базе на ўскраіне Салігорску, прыстасаванай да футбольных патрэбаў з колішняга безгаспадарнага прафілякторыю. І амаль гадзіну без аніякай моўнай напругі размаўлялі на каляфутбольныя ды сацыяльна значныя тэмы.

Мікалай Януш на клюбнай базе ў Салігорску
Мікалай Януш на клюбнай базе ў Салігорску

— Мікалай, два папярэднія сэзоны вы заслужана прымяралі ляўры лепшага бамбардыра нацыянальнага чэмпіянату, былі ў прыцэле журналісцкай увагі, сталі пазнавальнай асобай. Крыўдна, што сёлетні сэзон аказаўся крыху змазаным? Хоць і цяперашняе месца ў пяцёрцы снайпэраў з 11 галамі — дасягненьне, асабліва з улікам безгульнявой паўзы.

— Куды аднесьці сёлетні сэзон — у актыў ці ў пасіў — так адназначна сказаць не магу. Бо калі браць папярэднія гады, я згуляў амаль усе гульні, а сёлета два месяцы давялося прапусьціць з-за траўмы. На лаўцы праседзеў больш, чым думалася. Нават зірнуць на статыстыку: чэмпіянат заканчваецца, а я ў другім коле забіў толькі два галы. Таму што фактычна не гуляў. Што тычыцца «пазнавальнай асобы», то такім сябе не лічу — у нас футбалісты не такія знакамітыя людзі, як у вялікіх футбольных дзяржавах. Прынамсі ў гэтым разрэзе зусім ніякай крыўды. Ды я сам па сабе чалавек вельмі сьціплы, і калі раз-пораз здараецца падвышаная ўвага, нават пачынаю нэрвавацца. Я найперш люблю цішыню і спакой.

Перапрафіляваны прафілякторый стаў футбольнай базай
Перапрафіляваны прафілякторый стаў футбольнай базай

— Ужо зразумела, што «Шахцёр» у чэмпіянаце краіны фінішуе на другім месцы, сьледам за БАТЭ. Не хапае літаральна аднаго кроку, каб быць задаволеным на 100%. Што могуць супрацьпаставіць астатнія клюбы, каб спыніць шматгадовую гегемонію Барысава?

— Сапраўды, колькі ўжо гадоў БАТЭ застаецца нязьменным лідэрам нашага чэмпіянату... Гэта ўвогуле складанае пытаньне, але, мяркуючы па тых умовах, па тым, як у іх арганізаваныя справы, любому іншаму клюбу да іх дацягнуцца будзе надзвычай цяжка. Гэта першае. Па-другое, усе маладыя таленавітыя футбалісты зараз хочуць гуляць толькі ў БАТЭ. Іншымі словамі, як толькі ў Барысаве на некага паклалі вока, яны адразу ж атрымліваюць гэтага гульца. З катэгорыі прапановы, ад якой нельга адмовіцца. У тэорыі дагнаць і перагнаць магчыма, але на практыцы зрабіць вельмі няпроста. Красамоўны факт: у нацыянальнай зборнай гуляе 5-6 прадстаўнікоў БАТЭ, іншыя каманды на гэтым фоне адзначаныя сьціпла.

На трэніровачным полі
На трэніровачным полі

— У чым прычына? Там мэнэджмэнт лепшы, фінансавы стан, сэлекцыйная праца, зноў жа, спартовая база?..

— Усё пералічанае, акрамя можа спартовай базы. На мой погляд, самая лепшая база ў краіне якраз у «Шахцёра». А наконт мэнэджмэнту, фінансавага складніку маеце рацыю. Там усё даведзена да дасканаласьці, няма няўлічаных дробязяў, усё раскладзена па паліцах. Салідная, сурʼёзная арганізацыя. Хаця ў «Шахцёра» таксама на ўзроўні, але, як на маё бачаньне, каб канкураваць з БАТЭ, трэба яшчэ шмат над чым папрацаваць.

«Пракляцьце эўракубкаў: калі не праходзім далей, значыць, узровень супэрніка вышэйшы»

— Ужо факт, што ў наступным годзе «Шахцёр» чарговым разам пазмагаецца ў Лізе Эўропы. Але зноў жа: на пачатковай стадыі, дзе стартуюць збольшага прахадныя каманды, усё пад кантролем. І зусім іншая справа, калі трапляе супэрнік большага калібру. Што ня так: не хапае матывацыі, сілы волі, а, можа, элемэнтарны мандраж?

Януш — на вастрыні атакі
Януш — на вастрыні атакі

— Не, справа не ў мандражы ці няўпэўненасьці. Як ужо казаў, усё залежыць ад майстэрства і клясу футбалістаў. Узяць той жа БАТЭ. У гэтым годзе яны не змаглі прабіцца ў групавы турнір ні ў Лізе чэмпіёнаў, ні ў Лізе Эўропы. І ўсе лічаць, што сталі горш гуляць футбалісты. Але ж людзі ў масе сваёй засталіся тыя ж, хто раней выводзіў каманду ў элітны раўнд. У нейкіх момантах не хапіла ўдачы, больш падфарціла супэрнікам. Ясна, што нельга ўсё сьпісваць на адсутнасьць шанцаваньня — калі не праходзім далей, значыць, у той сытуацыі ўзровень супэрніка вышэйшы за наш.

— Пра ўзровень беларускага футболу сьведчыць і запатрабаванасьць за мяжой. Нават у Расеі, дзе яшчэ пару гадоў таму беларускі дэсант быў адчувальны, цяпер гуляюць адзінкі. Не кажу ўжо пра топавыя лігі. Ці гэта агенты слаба працуюць, ці ня бачна кандыдатаў на прагляд?

— Калі казаць пра Расею, тамтэйшы чэмпіянат стаў дастаткова моцным. У другой палове 1990-х, напачатку 2000-х сапраўды было багата нашых і ў Расеі, і ва Ўкраіне, гэта парасткі яшчэ таго, савецкага, футболу з досыць высокай плянкай. Узяць Бялькевіча, Хацкевіча, якія фармаваліся ў тыя часы. Ехалі футбалісты, я лічу, мацнейшыя за наша пакаленьне. Сёньня каб узяць і адразу загуляць нават у нейкай расейскай камандзе — з катэгорыі мараў. Узровень нашага чэмпіянату да Расеі не дацягвае. Зараз столь — гэта Польшча, у найлепшым выпадку. Але ў Польшчы ня хочуць браць беларусаў, таму што яны ня маюць эўрапейскага пашпарту. Так разважаюць і астатнія краіны: лепш узяць сэрба, чыя краіна прынамсі кандыдат у Эўразьвяз, чым беларуса. Сэрбы зараз па ўсім сьвеце і ва ўсіх відах спорту, бо яны эўрапейцы. Мы, на жаль, пакуль на ўзбочыне...

Траўма, якая на 2 месяцы выбіла з гульні
Траўма, якая на 2 месяцы выбіла з гульні

— Асобныя экспэрты сьпісваюць рэгрэс на каманды, якія рвуцца ў вышэйшую лігу, ня маючы ні базы, ні стабільнага фінансаваньня, гатовыя гуляць практычна за дзякуй. І гэтым, маўляў, тармазяць разьвіцьцё ўсяго футболу. Называюцца перадусім «Крумкачы», «Іслач», некаторыя іншыя...

— Ня думаю, што гэта так. Калі ўзяць склад «Крумкачоў» ці «Іслачы», там цалкам кваліфікаваныя футбалісты. Касьцяк камандаў памяняўся на 80-90%, на першых ролях людзі, якія даўно гуляюць у вышэйшай лізе. Іншая справа, што няма такой базы, як, скажам, у «Шахцёра». Праблема, але найперш для іх. Калі яны трапілі ў вышэйшую лігу паводле спартыўнага прынцыпу, усе прэтэнзіі адыходзяць на другі плян. Гэта тычыцца ня толькі названых камандаў. У той жа Расеі таксама багата такіх клюбаў. Напрыклад, «Луч-Энергия» з Уладзівастоку адзін сэзон пабыла ў прэмʼер-лізе, усім надакучыла туды лятаць, і зрабілі ўсё, каб яе адтуль выціснуць. «Аланія» з Уладзікаўказу, «Спартак» з Нальчыку — хапае калектываў, якія ў той ці іншай ступені некага не задавальняюць. Так і ў нас.

Фартовая «дзясятка» «Шахцёра»
Фартовая «дзясятка» «Шахцёра»

«Абʼектыўная рэальнасьць: Беларусь — унікальная краіна, якая забываецца родную мову»

— Мікалай, вы — ня толькі прыроджаны бамбардыр, але і ўнікальны выпадак адзінага на ўсю Беларусь футбаліста, які валодае роднай мовай. Прынамсі не саромеецеся гаварыць, ня грэбуеце, наадварот, пры выпадку падкрэсьліваеце сваю беларускасьць. Як падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджаньня пры канцы мінулага году, калі ўпершыню публічна прамовілі па-беларуску...

— Калі нехта быў на той цырымоніі, ведае, што, па вялікім рахунку, гэта быў экспромт. Вядоўца таго шоў, вядомы наш тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі, падчас уручэньня мне ўзнагароды перайшоў на беларускую мову і сказаў: маўляў, калі ў адным з інтэрвію адказаў па-беларуску карэспандэнту «Прессбола» Ўладзімеру Пірагу на пытаньне пра мову, можа, асьмеліцца і ў прысутнасьці паважанай публікі? І я без усялякай падрыхтоўкі, зь вялікімі памылкамі пачаў гаварыць на беларускай мове. То бок, каб не было сорамна, што нібыта спалохаўся, не адказаў на «выклік» Уладзімера Мікалаевіча (сьмяецца).

Цырымонія ўганараваньня найлепшага форварда і бамбардыра
Цырымонія ўганараваньня найлепшага форварда і бамбардыра

— Ну, а сёлета ўпершыню ў гісторыі беларускіх тэлетрансьляцый было сумеснае з тым жа спадаром Навіцкім беларускамоўнае камэнтаваньне матчу Лігі Эўропы паміж «Шахцёрам» і фарэрскім «Рунавікам». Адучвалі сябе ўжо больш упэўнена?

— Зноў жа, у штодзённым жыцьці я па-беларуску амаль ні з кім не размаўляю, бо практычна ніхто на мове не кантактуе. Таму адкуль таму ўзроўню ўзяцца? Канечне, троху падрыхтаваўся, але збольшага пахваліцца няма чым, вопыту, на жаль, няшмат.

— Чаму, на ваш погляд, такая сытуацыя? Беларусь унікальная ўжо тым, што на сваёй мове гаворыць меншасьць. На якім этапе беларусы «забуксавалі»?

— Калі ўзяць нядаўнюю гісторыю, мы ўсе былі ў СССР. Розным народам даводзілася знаходзіць агульную мову, размаўлялі па-расейску. Грузіны ці літоўцы таксама засвоілі расейскую мову, але сёньня маладое пакаленьне ў постсавецкіх краінах гаворыць па-свойму, плюс па-ангельску, расейскую амаль ня ведаюць. Ну а мы засталіся на тым узроўні, відаць, так зручней. Так склалася, што Расея — галоўны наш партнэр у палітычным, эканамічным, фінансавым пляне. Але ж родную мову адкідваць нельга. Якраз чытаю кнігу Вадзіма Дзеружынскага, ён гэтаксама кажа: Беларусь — унікальная краіна, якая забываецца сваю мову. Добра, што сёньня робяцца хоць маленькія, аднак крокі ў правільным кірунку: беларуская зьяўляецца ў назвах вуліц, на шыльдах, у рэкляме. Хочацца верыць, што праз пару гадоў нарэшце дойдзем у разуменьні да таго, што мову трэба вяртаць.

— Да месца згадаць сёлетнія зьмены ў маркетынгавай палітыцы футбольнай зборнай — ад рэбрэндынгу «Пад белымі крыламі» да ўласна формы, на якой зьявіліся элемэнты нацыянальнага арнамэнту. Вы якраз былі сярод першых «мадэляў», хто дэманстраваў новыя строі публіцы...

— Натуральна, вельмі важна лішні раз падкрэсьліць такога кшталту элемэнты, тое, што мы ёсьць і адчуваем сябе беларусамі, а ніякай іншай нацыяй. Зь іншага боку, ня трэба адкідаць і камэрцыйны складнік. Як на маё адчуваньне, тут чыста маркетынгавы ход кампаніі Adidas. Яны зараз шмат якім краінам прапануюць нейкія характэрныя арнамэнты, каб утрымаць кантракты з футбольнымі фэдэрацыямі. Не выключаю, што ў дадзеным выпадку ініцыятыва зыходзіла ня столькі ад беларускага боку, колькі ад вытворцы формы.

«Глядзець шырэй: цяперашні герб — адгалосак СССР, „Пагоня“ — гісторыя стагодзьдзяў»

— Да нядаўняга часу існавала фактычная забарона на гістарычныя бел-чырвона-белыя сьцягі на трыбунах, майкі і шалікі з гербам «Пагоня» апрыёры расцэньваліся як адміністрацыйнае правапарушэньне. Падчас апошніх матчаў зборнай міліцыя на сымболіку празь сілу, але закрывала вочы. Бачыце тут нейкі крымінал?

— Зноў жа, чаму ў нас і беларуская мова ў грамадзтве асабліва не ўспрымаецца. Таму што апазыцыя, пачынаючы ад 1990-х, у масе сваёй размаўляла па-беларуску. Адпаведна, спрацоўвае стэрэатып: калі гаворыш на мове — значыць, апазыцыянэр. Шырэй трэба глядзець. Што тычыцца той жа «Пагоні», то лічу, што гэта наш герб, яшчэ ад часоў Вялікага Княства Літоўскага. Калі цяперашні герб — гэта наўпроставы адгалосак СССР, то «Пагоня» — усё ж куды больш глыбокая гісторыя.

Вымушаная «адседка» на трыбунах
Вымушаная «адседка» на трыбунах

— Вы цалкам прыстойна валодаеце беларускай мовай — прынамсі большасьць дзяржаўных людзей такім узроўнем пахваліцца ня могуць. Гэта дзякуючы атачэньню ў родных Мікашэвічах, школе, яшчэ нечаму?

— Гэта школа. Ну і, канечне, мая галава. Чаму яна так запомніла беларускую мову — нават ня ведаю, але вось так здарылася (сьмяецца). Таму ўсё дзякуючы школе. У тым ліку ангельская мова, гісторыя — усё адтуль. І нават матэматыка. Калі зараз са старэйшым сынам рыхтуем урокі, жонка дапамагае з мовамі, а я бяру на сябе матэматыку. Даводзіцца быць унівэрсалам.

— Мікалай, а каб не карʼера футбаліста? У адным вашым інтэрвію чытаў, што вулічная кампанія была ня самая «творчая». Выходзіць, выцягнулі «шчасьлівы білет»?

— Так, лічу, што мне дастаўся «шчасьлівы білет». Футбол я любіў ад самага дзяцінства, таму пачаў займацца, і больш мы адзін аднаго з поля зроку не выпускалі. У нас быў вельмі добры першы трэнэр Уладзімер Канстанцінавіч Дземідовіч. Ён трымаў жорсткую дысцыпліну адносна цыгарэт, піва, усяго, што тычылася спартовай дысцыпліны. Недзе ў юнацкім веку нашы шляхі з той самай кампаніяй, сяброўства зь якой магло кепска скончыцца, канчаткова разышліся. Мне сапраўды пашчасьціла, што мая дарога пайшла праз футбол.

Сьвяткаваньне чарговага голу
Сьвяткаваньне чарговага голу

— Як зараз вас успрымаюць у Мікашэвічах? Як героя? Альбо, можа, як «здрадніка», які гуляе ня ў родным горадзе?

— Найперш, зараз у Мікашэвічах мяне амаль ніхто ня ведае — мала хто наўскідку адрэагуе, хто такі Мікалай Януш. Калі Ўладзімер Пірог рыхтаваў матэрыял для часопіса «Вялікі футбол», мяне там фатаграфавалі, запісвалі інтэрвію, падышоў крыху паддаты сусед і пачаў запытваць: што вы, хто вы, да каго прыехалі? Я кажу: да Колі прыехалі, але ён некуды адʼехаў. Потым з Уладзімерам пасьмяяліся, але гэта так. На жаль, вельмі складаная сытуацыя з клюбам «Граніт», ён да Мікашэвічаў збольшага прыпісаны толькі на паперы. Пра яго даўно ўжо забыліся. Больш за 10 гадоў таму зьехалі ў Лунінец, і ад таго часу ніводзін жыхар Мікашэвічаў не разумее, што такое быць на футболе, заўзець за сваю каманду. Таму і «здраднікам» мяне ня лічаць, бо ніхто ўжо ня памятае.

Перад чарговым матчам
Перад чарговым матчам

«Урокі крызісу: падціснуцца ў заробках і надалей заставацца сьціплым чалавекам»

— Тым ня меней у маштабах Мікашэвічаў, як ні круці, Мікалай Януш — асоба адметная...

— Адразу перабʼю: адметная асоба ў вузкіх мікашэвіцкіх колах (сьмяецца). Я там жыву, за 70 кілямэтраў ежджу адтуль на трэніроўкі, вяртаюся назад. Усё паводле клясыка: «Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы...» і далей па тэксьце. Дзе нарадзіўся, там і твой кут. Фармальна я адтуль зьехаў 7 гадоў таму: два зь іх быў у Берасьці, пяць апошніх у Салігорску. Але па факце жыву там. Адпаведна, кожны дзень на колах: рана раніцай — сюды, позна ўвечары — туды. Няпроста, але гэта мая праца, нічога ня зробіш. Калі быў у Берасьці, мы там жылі сямʼёй. Сын быў яшчэ адзін (на той час 3-4 гады), а цяпер ён ходзіць у школу, у 4 клясу, ня хочацца яго лішні раз кудысьці перасоўваць. Вось скончыць пачатковую школу — будзем думаць, што рабіць далей. Усяму свой час.

Клюбны аўтобус салігорскай каманды
Клюбны аўтобус салігорскай каманды

— Салігорск заўсёды быў «мажорным» горадам: «Беларуськалій» спраўна забясьпечваў рэспубліканскае лідэрства ў прыбытках. Але зьмена каньюнктуры на ўсясьветных рынках ударыла па прадпрыемстве, даходы скараціліся. Як гэта адбілася на камандзе, на вас асабіста — асноўны спонсар клюбу па-ранейшаму «Белкалій»? Магчыма, час шукаць нейкія іншыя прапановы?

— Выгадныя прапановы былі, як мы гаварылі на самым пачатку, калі я два гады запар быў найлепшым бамбардырам чэмпіянату. Але я застаўся ў сваёй камандзе... Ну, а як ударыў крызіс? Як і па ўсіх — падціснуліся. Асабіста для мяне гэта не крытычна. Я рос бяз бацькі, таму з самага маленства, як маці вучыла эканоміць, дык усё жыцьцё жыў сьціпла, без аніякага шыку. Хоць заробкі ў мяне добрыя, я ніколі ня мог сабе дазволіць нешта такое, каб гэта кідалася ў вочы, выклікала нечыю зайздрасьць і г. д. І да таго, што зараз трохі падрэзалі фінансаваньне, адношуся спакойна, з разуменьнем.

Мікалай Януш
Мікалай Януш

Мікалай Януш нарадзіўся 9 верасьня 1984 году ў Мікашэвічах Берасьцейскай вобласьці. Форвард салігорскага «Шахцёра» і нацыянальнай зборнай Беларусі.

Выхаванец мікашэвіцкага футболу, цягам 2002–2009 гадоў выступаў за каманду «Граніт». Наступныя два сэзоны гуляў у берасьцейскім «Дынама», але праз траўмы рэалізавацца там напоўніцу ня здолеў. Ад 2012-га абараняе колеры салігорскага «Шахцёру». Паводле вынікаў сэзону-2014 з 15 галамі стаў найлепшым бамбардырам вышэйшай лігі, атрымаў выклік у нацыянальную зборную. У 2015-м паўтарыў гэтае дасягненьне.

Срэбны прызэр чэмпіянату Беларусі 2012, 2013 і 2016 гадоў, бронзавы прызэр нацыянальнага першынства 2014 і 2015 гадоў. Уладальнік Кубку Беларусі — 2014. Найлепшы форвард Чэмпіянату краіны — 2015.

Жанаты, мае двух сыноў. Жыве ў Мікашэвічах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG