Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які футбольны клюб Беларусі самы беларускамоўны ў сеціве?


1 красавіка пачынаецца чарговы чэмпіянат Беларусі па футболе. У Вышэйшай лізе, дзе гуляюць найлепшыя футбольныя клюбы Беларусі, удзельнічае 16 каманд. Вядома, што наведвальнасьць беларускіх стадыёнаў ня дужа добрая ў параўнаньні з сярэднеэўрапейскімі паказчыкамі, што зьвязана як з аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі прычынамі. Можна з упэўненасьцю казаць, што вялікая частка футбольных заўзятараў сочыць за чэмпіянатам праз інтэрнэт.

Як жа прадстаўлены футбольныя клюбы ў сеціве? Ці забясьпечваюць яны беларускамоўнага заўзятара інфармацыяй аб футбольным жыцьці яго клюбу па-беларуску? Каб адказаць на гэтае пытаньне быў падрыхтаваны «Рэйтынг беларускамоўнасьці футбольных клюбаў у сеціве».

У рэйтынгу ацэньваліся ўсе клюбы Вышэйшай лігі, а месца ў ім вызначалася па сямі паказчыках выкарыстаньня беларускай мовы: мова сайту (максымальная колькасць балаў — 40) і мова шасці асноўных у Беларусі сацсетак (максымальная колькасьць балаў за кожную — 10): Фэйсбук, Укантакце, Аднаклясьнікі, Твітар, Інстаграм і Ютуб. Такім чынам, калі беларуская мова годна выкарыстоўвалася клюбам у сеціве, то ён мог набраць максымум 100 балаў.

Што ж у выніку атрымалася? Пачнём з аўтсайдэраў, што ўдзяляюць найменш увагі дзяржаўнай беларускай мове, а напрыканцы дойдзем да тых каманд, якія найбольш выкарыстоўваюць беларускую мову і паважаюць сваіх беларускамоўных заўзятараў.

Поўныя нулі

Амаль палова клюбаў Вышэйшай лігі зусім ігнаруюць беларускую мову ў сеціве і не паважаюць сваіх беларускамоўных заўзятараў, адмаўляючы ім у інфармацыі на роднай мове. Карыстаючыся іх сайтам і сацыяльнымі сеткамі можна так і не зразумець, да якога чэмпіянату гэтыя клюбы адносяцца — да чэмпіянату Беларусі ці да шостай лігі чэмпіянату Расеі. Такім ганебным падыходам да выкарыстаньня беларускай мовы ў сеціве вызначаюцца сем наступных каманд: ФК «Дынама» (Берасьце), ФК «Шахцёр» (Салігорск), ФК «Дняпро» (Магілёў), ФК «Іслач», ФК «Віцебск», ФК «Мінск» і ФК «Нафтан» (Наваполацк).

ФК «БАТЭ» (Барысаў) — 9 месца

Шматразовы чэмпіён Беларусі і пасьпяховы ўдзельнік Лігі Чэмпіёнаў толькі ў гэтым годзе стаў на шлях беларусізацыі і ўскочыў у апошні вагон рэйтынгу беларускамоўнасьці ў сеціве, атрымаўшы 1 бал са 100 за тое, што сваю старонку ў Фэйсбуку ён падпісаў па-беларуску беларускай лацінкай — «FC BATE Barysaŭ». Прама скажам — ня той гэта ўзровень выкарыстаньня беларускай мовы ў сеціве, які чакаецца ад найлепшага клюбу Беларусі. Будзем спадзявацца, што хутка гэта сытуацыя выправіцца.

ФК «Гарадзея» — 8 месца

На сайце клюбу і ў яго Твітары часам зьяўляюцца допісы па-беларуску, за што камандзе можна налічыць 5 балаў.

ФК «Гомель» — 7 месца

Калі пачынаў складаць рэйтынг, то здавалася, што клюб з майго роднага гораду будзе ў ім вышэй і набярэ больш балаў, бо даволі добра выкарыстоўвае беларускую мову ў сваім спартовым жыцьці. Але ў выніку сталася так, што клюб набраў толькі 6 балаў. На старонцы Ўкантакце «ФК Гомель — вялікі і магутны!» пераважае расейская мова, але сустракаюцца і беларускамоўныя запісы, а сама назва суполкі — па-беларуску. У Фэйсбуку і Твітары клюбу зрэдку, але зьяўляюцца беларускамоўныя допісы.

ФК Тарпэда-БелАЗ (Жодзіна) — 6 месца

Калі патрапіў на старонку клюбу ў Фэйсбуку, то ўзьнікла надзея, што натрапіў на каманду, якая годна прадстаўлена ў сеціве па-беларуску — асноўнай мовай старонкі была беларуская, толькі інфаграфіка і назва суполкі былі па-расейску. Але, на жаль, на гэтым усё і скончылася — астатнія сацсеткі і сайт былі толькі па-расейску. Такім чынам клюб набраў толькі 7 балаў, хоць напачатку здавалася, што вынік будзе нашмат лепшым.

ФК «Славія» (Мазыр) — 5 месца

Пачнём з таго, што ў Вышэйшай лізе беларускага чэмпіянату толькі тры клюбы маюць беларускамоўную вэрсію сайту, і «Славія» адзін з іх. Іншая справа, што беларускамоўная вэрсія сайту ў іх зусім не абнаўляецца, але праз тое, што максымальная колькасьць балаў за сайт 40 (амаль палова ад максымальнай колькасьці ў рэйтынгу) клюбу атрымалася набраць 8 балаў. У сацсетках каманда беларускую мову не выкарыстоўвае зусім.

ФК «Крумкачы» (Менск) — 4 месца

Асноўная мова менскага клюбу зь беларускай назвай, што вылучаецца на фоне іншых каманд Вышэйшай лігі тым, што гэта прыватны клюб, зьяўляецца расейская мова, тым ня менш на сайце, старонках клюбу Ўкантакце, Фэйсбуку, Інстаграме і Ютубе часам зьяўляюцца матэрыялы і па-беларуску. Праз гэта камандзе атрымалася назьбіраць 12 балаў і амаль патрапіць у ганаровую тройку клюбаў, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў сеціве.

СФК «Слуцк» — 3 месца

Вядома, 14 балаў са 100 — гэта ня той вынік, што павінен паказваць футбольны клюб, які заняў 3 месца з 16 каманд Вышэйшай лігі, але гэта хутчэй паказвае на тое, што беларуская мова беларускімі футбольнымі клюбамі надзвычай мала выкарыстоўваецца ў сеціве, што не дадае ім падставаў для гонару. Але вяртаючыся да «Слуцку» хацеў бы адзначыць, што такая высокая яго пазыцыя ў рэйтынгу была для мяне адкрыцьцём, бо па-за межамі сеціва клюб беларускую мову выкарыстоўвае надзвычай мала. Тым ня менш прыемна было адзначыць, што ў Фэйсбуку асноўнымі мовамі клюбу зьяўляюцца беларуская і ангельская, а ў Інстаграме прыкладна напалову выкарыстоўваецца беларуская і расейская мовы. У Твітары і Ўкантакце асноўнай мовай зьяўляецца расейская, але часам выкарыстоўваецца беларускамоўная інфаграфіка.

ФК «Дынама» (Мінск) — 2 месца

Другое месца ад трэцяга ў рэйтынгу падзяляе вялікая колькасьць балаў. Калі «Слуцк» набраў 14, то ўжо менскае «Дынама» набрала 47 балаў — амаль столькі ж, колькі ўсе пералічаныя вышэй 14 клюбаў разам узятыя. Як ужо казалася раней, толькі тры клюбы Вышэйшай лігі маюць беларускамоўную вэрсію афіцыйнага сайту і калі ў «Славіі» беларускамоўная вэрсія не абнаўляецца, то беларускамоўная старонка менскага «Дынама» працуе выдатна, за што клюб і атрымоўвае 40 балаў. Яшчэ 7 балаў клюб атрымоўвае за сваю старонку ў Фэйсбуку, на якой уся тэкставая інфармацыя па-беларуску, але інфаграфіка і назва суполкі па-расейску. Астатнія сацсеткі клюбу па-расейску.

Вяртаючыся да сайту каманды, трэба адзначыць, што ў «Дынама» выключна слушна выканана першая старонка — перад тым як патрапіць на асноўную старонку сайту карыстальніку спачатку прапануецца выбраць зручную для яго мову — беларускую, ангельскую, або расейскую, а ўжо толькі потым наведваць тую моўную вэрсію, якая яму зручней. Такі падыход варта прымяняць ня толькі для спартовых сайтаў, але і для ўсіх астатніх сайтаў: дзяржаўных органаў, вытворцаў, кампаній і інш.

ФК «Нёман» (Горадня) — 1 месца

Не дарма гарадзенскі клюб прызнаны адным з самых беларускамоўных футбольных клюбаў Беларусі — па-сапраўднаму самым беларускамоўным ён зьяўляецца і ў сеціве — 82 балы са 100 магчымых, і адрыў ад другога месца, менскага «Дынама» ў 35 балаў не пакідае ў гэтым сумневаў.

Беларускамоўная вэрсія сайту «Нёмну» выдатна і апэратўна абнаўляецца, а старонкі клюбу ў Фэйсбуку, Інстаграме, Твітары, на Ютубе вядуцца выключна па-беларуску. Старонка ў Укантакце вядзецца па-расейску, але і там зьяўляецца інфаграфіка па-беларуску. У клюбу няма старонкі ў Аднаклясьніках, але калі б была, то вялікая верагоднасьць, што ён набраў бы яшчэ больш балаў. Так ці інакш, але «Нёман» можна сьмела назваць па-сапраўднаму беларускім клюбам — беларуская мова ў жыцьці каманды шырока выкарыстоўваецца як у сеціве, так і па-за ім. Першае месца ў «Рэйтынгу беларускамоўнасьці футбольных клюбаў у сеціве» цалкам заслужанае.

ПФК «Тарпэда» (Менск) — Гран-пры

У дадзеным рэйтынгу мы аналізавалі толькі клюбы, што гуляюць у наймацнейшым дывізіёне беларускага футбольнага чэмпіянату — Вышэйшай лізе. Але нельга абысьці ўвагай і менскае «Тарпэда», што гуляе ў Першай лізе — другім па моцы беларускім футбольным дывізіёне. Гэты клюб адным з першых наагул у беларускім спартовым жыцьці пачаў выкарыстоўваць беларускую мову як у сеціве, так і па-за ім, даючы прыклад іншым футбольным камандам і без яго пашырэньне беларускай мовы ў беларускім футболе бадай што не адбылося б, або пачалося б значна пазбней.

Сайт клюбу мае якасную асноўную беларускамоўную вэрсію, а ўсе сацсеткі — Фэйсбук, Укантакце, Ютуб, Інстаграм і Твітар вядуцца выключна па-беларуску, што дало б клюбу 90 балаў у рэйтынгу, калі б ён гуляў у Вышэйшай лізе. Клюб ня мае старонкі ў Аднаклясьніках, але калі б яна была, без сумневу можна было б казаць, што каманда набрала 100 балаў са 100 магчымых. Застаецца толькі пажадаць менскаму «Тарпэда» найхутчэй вярнуцца ў Вышэйшую лігу і адзначыць яго Гран-пры ў «Рэйтынгу беларускамоўнасьці футбольных клюбаў у сеціве».

Падводзячы вынікі агляду можна зрабіць выснову, што па-сапраўднаму шырока выкарыстоўваюць беларускую мову ў сеціве толькі тры футбольныя клюбы — менскае «Тарпэда», гарадзенскі «Нёман» і менскае «Дынама». Гэтыя каманды па-сапраўднаму паважаюць сваіх беларускамоўных фанатаў і заўзятараў, беларускую мову і беларускую дзяржаўнасьць і незалежнасьць. Астатнім яшчэ трэба зрабіць вельмі шмат у кірунку пашырэньня беларускай мовы ў сеціве, а некаторыя гэты шлях яшчэ наогул не пачыналі.

Новы футбольны сэзон яшчэ толькі пачынаецца і будзем спадзявацца, што калі ў канцы лістапада ён будзе падыходзіць да завяршэньня, беларускай мовы ў сеціве будзе ў некалькі разоў болей — часу, каб гэта зрабіць, яшчэ шмат. Было б жаданьне і пачуцьцё беларускасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG