Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляцець высока, глядзець далёка


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Беларускі футбольны чэмпіянат прымусіў сябе заўважыць.

Я не зьяўляюся такім ужо футбольным заўзятарам, пагатоў патрэба хадзіць на матчы футбольнага першынства краіны праз амонаўскія рамкі жаданьня не дадае. Але зьявілася каманда, якая робіць настрой у гэтым спаборніцтве. Менскія «Крумкачы» – галоўная зьява сёлетняга турніру. Вось і 17 траўня, як той казаў, «Крумкачы» зрабілі мой дзень, ды думаю, ня толькі мой.

Даўно я ня бачыў аншлягу на матчы нацыянальнага чэмпіянату ў горадзе-героі, але стадыён на Камвольным быў поўным, як страменная чарка. Прычым на трыбунах сядзелі не падлеткі, але дзядзькі майго веку. І ніхто не лічыў сябе ашуканым пасьля фінальнага сьвістка.

Любая прыстойная футбольная сталіца мае сваё сталічнае дэрбі, дзе зазвычай супрацьстаяць адно аднаму заўзятары розных сацыяльных, а то й ідэалягічных груповак: Чэлсі – Тотэнхэм у Лёндане, Спартак – ЦСКА у Маскве, Атлетыка – Рэал у Мадрыдзе, Рома – Лацыё ў Рыме, Партызан – Црвэна Звэзда ў Бялградзе і г.д.

Менск дэрбі ня меў, калі не лічыць зьніклы шматпакутны і блізкі да анархісцкіх груповак «Партызан», які спрабаваў супрацьстаяць фанам «Дынама». Тое, што называлі апошнім часам дэрбі па-беларуску, я маю на ўвазе канкурэнцыю БАТЭ – Дынама, не адпавядала назьве, бо БАТЭ каманда ня менская. Але цяпер менскае дэрбі робіцца магчымым, то бок Менск набывае статус сапраўднай футбольнай сталіцы.

Напярэдадні гэтай гульні я зьвярнуў увагу на графіці дынамаўскіх фанаў, што зьявіліся ў цэнтры: трафарэты – як тушкі крумкачоў выкідаюць у сьметніцы; «ФК Крумкачы 17.05 2016 – покойся с миром»; «что-то модно, что-то вечно» – намёк на неўміручую дынамаўскую традыцыю й гісторыю, і, адпаведна, на нейкіх выскачак зь несур'ёзнай назвай.

Чаму ж дынамаўскія фаны гэтак раўніва рэагуюць менавіта на «Крумкачоў», але, скажам, не на ФК «Менск», тэарэтычна больш важкага прэтэндэнта на ролю суперніка ў дэрбі? Чаму ўвесь іх крэатыўны энэргетычны запал мае выключна крумкачоўскі напрамак? А ўсё проста, таму што за ФК «Менск», афіцыйным і статусным клюбам, нягледзячы на добры склад гульцоў і трэнэра Георгія Кандрацьева, што вывеў зборную Беларусі на Алімпійскія Гульні, яны ня бачаць ніякай энэргіі, драйву, атмасфэры. А гэта значыць – канкурэнцыі. «Дынама» ў «Крумкачах» бачыць тое, што само паступова страціла, калі пераўтварылася ў спосаб зарабляньня грошай празь вядомы футбольны брэнд. «Крумкачы» – зьява прынцыпова іншая. «Крумкачы» – гэта мадэрновы футбольны праект, які выклікае зайздрасьць, і ня толькі ў фанаў «Дынама».

Калі ў міжсэзоньні, пасьля трыюмфальнага прарыву ў Вышэйшую Лігу «Крумкачы» перамаглі ў таварыскай гульні мазырскую «Славію», яе трэнэр Юры Пунтус раздражнёна сьцьвярджаў, што ня верыць у клюб, які мае ідэю, але ня мае грошай. Маўляў, гэта несур'ёзна – сунуцца ў Вышэйшую Лігу без капейкі за душой. Інтэрнэт яму апэляваў выказваньнем аднаго з форумных заўсёднікаў, маўляў, галоўнае, каб была тая душа.

Цяпер, калі мінула ладная частка чэмпіянату, «менскія птушкі» задзяўблі ня толькі пасьпяховы ва ўсіх адносінах салігорскі «Шахтар», але 17 траўня не пакінулі каменя на камені ад сталічнага «Дынама»: 4 - 1. Пры тым узьляцеўшы на другі радок табліцы.

Але вернемся да матчу «Крумкачы» – «Дынама». Такога куражу на цалкам забітых трыбунах не было нават на матчах эўрапейскіх турніраў, дзе бралі ўдзел беларускія каманды. Сярод гледачоў апынуўся і Аляксандар Глеб, які прыйшоў паглядзець на гульню малодшага брата ў складзе «Крумкачоў». Мы прыстроіліся на агароджы за трыбунамі, але адтуль нас папрасілі амонаўцы. Пакуль шукалі, дзе ёсьць месца, «Крумкачы» забілі.

– І відэа-паўтору ня будзе, – заўважыў Глеб-старэйшы.

Але як толькі ён стаў у праходзе паміж сэктарамі, бо месца так і не знайшоў, паўтор здарыўся, і лік стаў: 2 - 0.

Заўзятары «птушак» спачатку скандавалі свой слоган: «Ляцець высока, глядзець далёка!», але пасьля, гледзячы на рэакцыю супрацьлеглай трыбуны, пачалі са сьцёбам скандаваць слоган дынамаўскіх фанаў: «что-то модно, что-то вечно».

Фаны «Дынама» адказвалі ня надта далікатна, але пры ўсёй іхнай неадназначнасьці й брутальнасьці, здаецца, фан-рух гэтага сталічнага клюбу – самае жывое, што засталося ад некалі славутага брэнду, пакуль ён ня трапіў у абдоймы ўлады.

Увечары разгром камэнтавалі на інтэрнэт-форумах.

Valera Krasnagir:

Усё непазьбежна ідзе да таго, што «Дынама» перастае быць цікавае ўсім, нават тым, хто аддаў гэтай камандзе дзесяцігодзьдзе і не адно. Жаласныя фанацкія патугі ня ў лік – гэтае самакрасаваньне і абліваньне матам заўзятараў праціўнікаў – брыдкае. Зрэшты, як гэта ня сьмешна і ў той жа час сумна, фанаты «Дынама» зацьмілі само «Дынама», якое ўжо даўно не існуе. Дынамаўскі дух пратух. Амінь...

Генэральны дырэктар ФК «Крумкачы» Дзяніс Шунто ў інтэрвію «Прэсболу»:

Клюб «Крумкачы» створаны дзякуючы «Дынама». Тыя, хто стаяў ля вытокаў, сустрэліся як заўзятары «Дынама», калі абаранялі колеры «Дынама» на адным зь сяброўскіх турніраў. У нейкай ступені «Крумкачы» – гэта пабочны эфэкт тых працэсаў, якія йшлі ў «Дынама» апошнія 10-15 гадоў. Калі б не было незадаволенасьці заўзятараў тым, што адбывалася і адбываецца ў стане менчукоў, не сасьпеў бы і плян па стварэньні «Крумкачоў». Шкада... шкада, што такое «Дынама» цяпер.

tegeran:

Як па мне, так «Крумкачы» – гэта «пабочны эфэкт тых працэсаў, якія йшлі» ў нашым грамадзтве апошнія 10-15 гадоў. Патэнцыял велізарны, шмат талентаў, але з-за некрэатыўнага зладзеяватага мэнэджмэнту вынік слабенькі. А «Крумкачы» яскравы прыклад таго, што можна зрабіць пры прафэсійным падыходзе, нават ня маючы вялікіх грошай.

Ідучы ў натоўпе пасьля матчу, я адчуваў тую футбольную атмасфэру, як калісьці пасьля перамог сталічнага «Дынама» васьмідзясятых, і бачыў, што ў гэтым не самотны. Я шчыра ўдзячны «Крумкачам» за гэтую атмасфэру, за стварэньне інтрыгі. За тое, што яны вяртаюць драйв у нашае жыцьцё. За надзею на лепшае не адно ў беларускім футболе. Магчыма, роля гэтага клюбу адпавядае ягонай назьве, бо крумкач – птушка, якая кружляе над тымі, хто ўжо нічога ня ў стане зрабіць.

Выглядае на тое, што нешта накшталт гэтае каманды хутка паўстане і ў беларускім грамадзтве. Бо ўжо даўно настала пара, як цьвердзіць крумкачоўскі слоган, «Ляцець высока, глядзець далёка!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG