Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 50 чалавек завялі ў аўтазак, па дарозе ў РАУС білі, пагражалі і абражалі. Такога не было апошнія 5 гадоў.

На адказнай гульні 1/8 фіналу Кубку Беларусі па футболе між «Слуцкам» і «Гомелем» паўсотні фанатаў былі затрыманыя, паведамляе Belultras. Мяркуючы па фотарэпартажы kurjer.info, заўзятараў затрымліваў АМАП у поўнай экіпіроўцы, а міліцыянтаў было ці ня больш, чым затрыманых.

Як піша сайт Belultras, фанаты «Гомеля» ў сярэдзіне другога тайму ўзьнялі расьцяжку «Нигде не сгинем», запалілі некалькі дымавых шашак, кідалі пэтарды. АМАП са шчытамі падбег да сэктару, прастаяў 10 хвілін і сышоў, а ў канцы гульні завёў увесь гасьцявы сэктар у аўтазак, які павёз фанатаў у РАУС. Па дарозе і ў самім аддзяленьні, сьцьвярджае выданьне, фанатаў білі, абражалі, пагражалі ім. У якасьці доказу Belultras публікуе фатаздымкі сінякоў на нагах.

Таксама паведамляецца, што фанатаў здымалі на відэа, прымушалі паказваць малюнкі на цішотках і татуіроўкі, адбіралі тэлефоны і прымушалі выдаляць здымкі, якія не спадабаліся міліцыі. На аднаго непаўналетняга склалі адміністратыўны пратакол, іншых адпусьцілі.

Спэцыяліст «Гомеля» па працы з заўзятарамі Кірыла Маісейкін у інтэрвію Свабодзе пацьвярджае, што, паводле ягонай інфармацыі, міліцыя біла фанатаў, перавысіўшы свае паўнамоцтвы:

«Шчыра кажучы, такое за год пяць першы раз адбылося. Бывала, што завозілі ў аддзяленьне, трымалі людзей, пакуль высьвятлялі, што ды як. Але такое ўпершыню за многа год з нашымі фанатамі. Было пару пэтардаў і дымавая шашка, адна ці дзьве. Натуральна, гэта парушэньне правапарадку, але нам хацелася б, каб такія парушэньні вырашаліся ў прававым полі, а не выходзілі за яго рамкі. Ня ведаю, ці стануць фанаты пісаць заявы, бо, наколькі я ведаю, ува ўсіх пабоі на ўзроўні ног, а такія пабоі не здымаюцца, сэнсу няма».

XS
SM
MD
LG