Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Футбольны клюб «Белшына» (Бабруйск)

«ФК „Белшына“ практыкуе і будзе далей пашыраць ужываньне беларускай мовы. З усёй адказнасьцю і разуменьнем робім і будзем гэта рабіць, каб не забываць, хто мы і хто нашы дзяды і прадзеды», — так адказаў на прапанову пашырыць выкарыстаньне беларускай мовы генэральны дырэктар ФК «Белшына», былы старшыня Бабруйскага гарадзкога выканаўчага камітэту Міхаіл Бандарэнка.

Міхаіл Бандарэнка

Міхаіл Бандарэнка

Пасьля заяваў, што на беларускую мову няма грошай, як гэта зрабіў генэральны дырэктар ХК «Хімік» (Наваполацак), альбо тое, што прыняцьце захадаў па падвышэньні стутусу беларускай мовы зьяўляецца немэтазгодным, аб чым у адзін голас заяўлялі нашыя дэпутаты, Міхаіл Бандарэнка прадэманстраваў, што ёсьць яшчэ ў Беларусі спартоўцы і чыноўнікі, якія ўсьведамляюць, што будаваць «моцную і квітнеючую Беларусь» можна толькі на нацыянальным падмурку.

Сёння пагаворым аб пазытыўных тэндэнцыях, зьвязаных зь беларускай мовай у двух самых беларускамоўных футбольных клубах Беларусі, а менавіта у ФК «Гомель» і «Белшына»

Прафэсійны футбол у Беларусі складаецца з трох ліг мужчынскага чэмпіянату — вышэйшай, першай і другой, а таксама чэмпіянату сярод жанчын. Агулам — 62 каманды. Першынства беларускамоўных клюбаў сярод такой колькасьці заслугоўвае павагі да іх. Яны — флягман беларускамоўнага спорту ў Беларусі.

Белшына — самы беларускамоўны клюб у Беларусі

Генадзь Варакса

Генадзь Варакса

Пытаньне мовы ў клюбе прынцыповае. У адным зь лістоў у 2013 годзе былы генэральны дырэктар «Белшыны» Генадзь Варакса напісаў мне, хоць і па-расейску, але беларускі па духу адказ: «КУП «Бобруйский футбольный клуб „Белшина“ осуществляет рекламу (рекламные ролики, щиты, растяжки, афиши и т. д.) домашних игр на белорусском языке. Надеемся, что в дальнейшем мы сможем расширить сферу применения белрусского языка как во время проведения соревнований, так и в повседневной жизни.»

Неўзабаве, калі Вараксу на пасадзе замяніў Бандарэнка, выкарыстаньне мовы сапраўды павялічылася ў разы. Што ж канкрэтна робіць бабруйскі клюб самым беларускамоўным?

1. На хатніх гульнях на бабруйскім стадыёне «Спартак» працуе беларускамоўны дыктар.

2. Прэс-сакратар клюбу Аляксандар Чыгір вядзе онлайн-трансьляцыі гульняў па-беларуску, таксама ім жа праводзяцца беларускамоўныя прэс-канфэрэнцыі.

Аляксандар Чыгір і галоўны трэнэр “Белшыны” Аляксандар Сяднёў

Аляксандар Чыгір і галоўны трэнэр “Белшыны” Аляксандар Сяднёў

3. У клюбу ўсе афіцыйныя старонкі ў сацыяльных сетках — Фэйсбук, вКонтакце, Твітэр вядуцца па-беларуску.

4. Праграмкі і афішы да хатніх гульняў «Белшыны» зробленыя па-беларуску. Акрамя гэтага, на квітках — беларускамоўныя запрашэньні на матч.

Вялікую ролю ў белшынаўскай «беларусізацыі» адыграў кіраўнік аддзелу маркетынгу і разьвіцьця клюбу Алег Багдзееў.

Крайні справа - Алег Багдзееў

Крайні справа - Алег Багдзееў

У наступным сэзоне ў клюбе плянуюць напісаць па-беларуску прозьвішчы на футболках гульцоў.

Хоць «Белшына» і самы беларускамоўны футбольны клюб, ён яшчэ і самы бедны клюб Вышэйшай лігі беларускага чэмпіянату. Многія іншыя клюбы, да якіх я зьвяртаўся з прапановамі «беларусізацыі», апраўдваліся, што ня могуць з-за абмежаванасьці ў сродках. Досьвед «Белшыны» паказвае, што праблема ня ў сродках, а жаданьні.

Футбольны клуб «Гомель»

Галоўным канкурэнтам «Белшыны» за ганаровае званьне «Самы беларускамоўны спартовы клюб» ёсьць ФК «Гомель». Ён гэтаксама гуляе ў Вышэйшай лізе.

Клюб ад 2012 г. ціхай сапай беларусізуецца. Намесьнік дырэктара «Гомеля» Віталь Кушнер у 2013 годзе па-расейску пісаў: «В 2012 году озвучивание матча проводилось на белорусском языке и практика прошлого года по дикторскому сопровождению на белорусском языке сохраниться и в сезоне 2013 года».

Дырэктар клюбу Яўген Пабалавец паабяцаў яшчэ і навіны рабіць на беларускай мове: «У сэзоне 2013 агучваньне пад час матчаў каманды на стадыёне „Цэнтральны“ працягнецца на беларускай мове, а таксама мы паспрабуем на афіцыйным сайце пачаць друкаваньне навінаў на беларускай мове».

Гэтая практыка захавалася і ў сэзоне 2014 году і, спадзяюся, захаваецца і ў наступныя гады. На афіцыйным сайце ФК «Гомель» сапраўды пачалі зьяўляцца матэрыялы па-беларуску.

Яўген Пабалавец - зьлева

Яўген Пабалавец - зьлева

Цікава, што Яўген Пабалавец, як і Міхаіл Бандарэнка, таксама ў мінулым чыноўнік. Да прыходу ў ФК «Гомель» працаваў у Гомельскім абласным выканаўчым камітэце. Як бачым, ня ўсе беларускія чыноўнікі грэбліва адносяцца да беларускай мовы і культуры.

Дыктарам на стадыёне «Цэнтральны» зьяўляецца загадчык катэдры «Прамысловая электроніка» Гомельскага дяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Сухога, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Юрый Крышнёў, які, між іншага, свае тэхнічныя дысцыпліны ва ўнівэрсытэце выкладае па-беларуску і быў навуковым кіраўніком Андрэя Грабянчука, які напісаў і абараніў свой тэхнічны дыплёмны праект па-беларуску.

Праграмкі да асноўных гульняў выконваюцца па-беларуску, зноў жа беларуская мова — на стадыённым табло.

Гомельскі клюб ня толькі папулярызуе беларускую мову, але і гісторыю. Да гадавіны Грунвальдзкай бітвы, напярэдадні гульні зь менскім «Дынама» гульцы асноўнага складу каманды арганізавалі сваеасаблівы пэрфоманс, выйшаўшы на стадыён у сярэднявечных дасьпехах, дзе «Гомель» прадстаўляў беларускае войска, а «Дынама» — тэўтонскае.

Хочацца спадзявацца, што да 500-годзьдзя бітвы пад Воршай гульцы таксама зладзяць нешта падобнае. Акрамя дырэктара Яўгена Пабалаўца значную ролю ў папулярызацыі беларускай мовы адыгрывае і прэс-сакратар Зьміцер Крышталёў.

Увогуле, «Гомель» актыўна дэманструе сваю пазыцыю і прапануе сваім прыкладам далучацца да беларушчыны і іншым спартовым клюбам. Сёлета «Гомель» з прэзэнтацыя «Адзіны і магутны клюб, адзіная і магутная мова!», якая распавядала аб дасягненьнях клюбу ў галіне папулярызацыі беларускай мовы і культуры, атрымаў другое месца на Пятым фэстывалі беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD. NAK! — 2014 у намінацыі «Грамадзказначныя праекты».

І «Белшына», і «Гомель» — клюбы, якія знаходзяцца ў Магілёўскай і Гомельскай абласьцях адпаведна, руйнуюць стэрэатып, што ўсход Беларусі ўшчэнт зрусіфікаваны. У спорце найбольшыя праблемы з нацыянальнай культурай у клюбаў з захаду Беларусі, асабліва на Гарадзеншчыне, але аб гэтым у адным з наступных допісаў.

XS
SM
MD
LG