Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Немэтазгодная» беларуская мова, хакей і настальгія па СССР


Ігар Случак

Ігар Случак

Ігар Случак ужо некалькі гадоў лістуецца з чыноўнікамі і фірмамі, змагаючыся за прастору і правы для беларускамоўных. Пра посьпехі і няўдачы ў гэтым змаганьні — у новым цыклі на Радыё Свабода.

«Фарміраванне патрыятычных чувств да Радзімы і выбар мовы міжасобасных зносін залежыць адзін ад аднаго вельмі апасродкавана».

Так адказаў на прапанову пашырыць ужываньне беларускай мовы ў наваполацкім хакейным клюбе «Хімік» яго генэральны дырэктар М. В. Дзянісаў.

Гэты красамоўны выраз паказвае ўсю складанасьць зь беларускай мовай у Беларусі. Здаецца, Дзянісаў блізка да сэрца ўзяў жыцьцёвае крэда Алега Трусава «Лупіце на трасянцы!» і лупіць ёй, як клюшкай, направа і налева, ранячы чувства простых беларусаў, ці наадварот, падбіраючы ключык да іх патрыятычных сэрцаў.

Вы скажаце — навошта сьмяяцца з чалавека, ён стараецца, а мог бы наагул па-расейску адказаць, ці, як у старым савецкім анэкдоце пра Леніна, і ножыкам паласнуць. Ну зразумела, не Дзянісаў, а Ленін — мы ж, беларусы, мірныя людзі, а наконт Леніна я ня ўпэўнены.

Сапраўды, былі часы, калі чувства беларускамоўных былі зусім не абароненыя, а аб адказах па-беларуску можна было толькі ціха марыць і радавацца кожнай праяве беларускасьці з боку чыноўнікаў і іншых найлепшых людзей нашай краіны. Зразумела, права на мову і цяпер ня вельмі рэалізоўваецца, але раней маглі проста культурна (альбо ня вельмі), вы ўжо прабачце, паслаць.

Вось, напрыклад, у 2010-м годзе пісаў мне рэктар Менскага інстытуту кіраваньня, доктар эканамічных навук, прафэсар Мікола Суша на прапанову даць адказ на зварот па-беларуску: «В соответствии со ст. 17 Конституции Республики Беларусь государственными языками в Республике Беларусь являются белорусский и русский. Если Вы, господин Случак, не владеете одним из государственных языков — русским, то советую Вам заняться его изучением. Изучив русский язык, Вы тем самым сможете поднять свой культурный уровень и несколько расширить имеющийся у Вас кругозор. Желаю Вам успехов в изучении русского языка. Это тем более важно, что одним из критериев определения культурного уровня человека всегда считалось владение им не одним, а двумя или несколькими языками».

Таму прыйшлося мне, чалавеку зь нізкім культурным узроўнем і вузкім кругаглядам заняцца зьменай беларускага заканадаўства, каб і Мікола Суша змог авалодаць беларускай мовай, а кожны беларус меў права атрымаць адказ на свой зварот па-беларуску.

Першыя перамогі

Пачалася доўгая перапіска зь беларускімі парлямэнтарамі, а гэта яшчэ тыя гумарысты: цягнулася амаль 3 гады і нарэшце ў 2012 годзе мае прапановы знайшлі адлюстраваньне ў Законе «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», паводле якога адказ на пісьмовы зварот павінен давацца на мове звароту.

Дзякуй тут належыць культурнаму прафэсару Міколу Сушу, без чыёй правакацыі гэтыя зьмены, думаю, яшчэ б ня хутка зьявіліся. Дарэчы, адміністрацыя Заводзкага раёна Менску накіравала гэтаму самаму рэктару ліст аб недапушчальнасьці некарэктных дзеяньняў пры падрыхтоўцы адказаў на звароты грамадзян.

Хацела і да адміністрацыйнай адказнасьці кандыдата навук прыцягнуць, але тэрміны прыцягненьня да адказнасьці скончыліся. Застаўся Мікола на свабодзе з чыстым сумленьнем.

Ёсьць яшчэ цікавы нюанс з гэтым законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» — у ім не пазначана, што адказ на зварот даецца на адной зь дзьвюх дзяржаўных моваў. Проста сказана — адказ даецца на мове звароту.

Таму, сябры, можаце пісаць да чыноўнікаў на любой мове, хоць па-карэйску, хоць па-каталянску — на ёй ён і павінен даць адказ. Я вось думаю да Сушы на эстонскай зьвярнуцца, якой валодаю, няхай і ён мне адкажа па-эстонску, культурны ўзровень падвысіць, ну і гэтак далей, што ён мне рэкамэндаваў. Таму, сябры, вось вам першае правіла і карысная інфармацыя: калі вы зьвярнуліся пісьмова па-беларуску, то ў адпаведнасці з законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» вам павінны адказаць па-беларуску. Калі ж вам не адказалі па-беларуску, вы можаце напісаць у адміністрацыю вашага населенага пункту заяву аб прыцягненьні вінаватай асобы да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзян. Такія прэцэдэнты ўжо былі і сканчваліся перамогай беларускамоўных грамадзян. Тут ужо, як кажуць, усё ў нашых руках — выкарыстоўвайце беларускую мову ў перапісцы, а калі трэба, абараняйце свае правы праз суд. Пасьля яшчэ зможаце і зыск аб спагнаньні маральнай шкоды супраць незаконапаслухмянага чыноўніка падаць.

Хакей і СССР

Але вернемся да ХК «Хімік» і яго дырэктара, што лупіць на трасянцы. Дзянісаў ня проста лупіць на ёй, як Копаць у Сала, але і фэерычна абгрунтоўвае неабходнасьць і правамернасць выкарыстаньня расейскай мовы ў жыцьці клюбу:

«Артыкулам 17 Канстытуцыі (Асноўным законам Рэспублікі Беларусь) дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляюцца беларуская і расейская мовы, а Законам ад 26.01.1990 года № 3094-ХІ „Аб мовах“ (артыкул 2) гарантавана забесьпячэньне права вольнага выкарыстаньня расейскай мовы, як мовы міжнародных адносін народаў саюзу ССР». Лупіць Дзянісаў параграфам ня горш за Кручкова зь «Пінскай шляхты» , нават не зважаючы на тое, што закон «Аб мовах» ужо быў зьменены сто пяцьсот разоў і ніякіх згадак пра СССР і яго шматпакутныя народы ў ім ужо няма.

Але якраз у гэтым праўным нігілізьме і крыецца адказ на пытаньне, чаму ў нашых чыноўнікаў усіх рангаў і масьцей такое непрыняцьце і боязь беларускай мовы — духам, сэрцам і розумам (у большасьці сваёй) яны яшчэ там, у СССР. Адтуль і гэтая любоў да расейскай мовы і апраўданьні — ну яна ж мова міжнацыянальных зносін народаў СССР і кропка.

А як жа душэўна Дзянісаў у мінулым годзе па-заліхвацку і з аганьком абгрунтоўваў, чаму зараз у клюбе патрэбна расейскую мову пакінуць, а для беларускай час яшчэ не надышоў! Не было ніякіх спасылак на законы і артыкулы — усё ад душы, ад сэрца. Так міла і кранальна, так проста, як драны лапаць.

Ну вось, напрыклад: «Што тычыцца надпісаў на форме спарцменаў і афіцыйнага сайта, то такія змены клубу не па кармане». Як заўжды — на беларускую мову няма грошай.

Ці яшчэ: «Хакейныя майкі ў мэтах эканоміі прадпрыемства заказвае кожны сезон для дзвюх каманд не камплектна, а штучна. Уявіце сабе: частка — на беларускай мове, частка — на расейскай. Зразумела, што мы павінны прытрымлівацца адзінства». Я вось магу сабе ўявіць, што частка прозьвішчаў па-расейску напісана, а частка — па-беларуску. Да таго ж гэта звычайная сусьветная практыка, калі прозвішча гульца пішацца так, як яно гучыць і пішацца ў яго на радзіме, не трансьлітаруецца і не перакладаецца. Тым больш, што і расейская і беларуская мовы заснаваныя на кірылічным альфабэце. Карацей, зноў адмазкі. І зусім не зразумела, чаму мы павінны прытрылівацца адзінства. І чаму ў такім выпадку, калі адзінства хочацца, ня ўзяць за адзіны стандарт беларускую мову — чэмпіянат жа беларускі? А тут мы бачым адзінства нейкае атрымоўваецца расейскае. З такім адзінствам можна і да сытуацыі, як ва Ўкраіне, дайсьці.

Хакейны клюб Хімік

Хакейны клюб Хімік

Але вернемся да адказу, я ж казаў, што ён надта душэўны. Далей пачынаецца проста крык душы, сэрца і іншых частак цела: «Сітуацыю з фінансаваннем клубаў Вы ведаеце, як, напэўна і тое, што ў бліжэйшай будучыні многія клубы могуць закончыць сваё існаванне. Можна ўвесці ў практыку беларускамоўныя надпісы на табло, але наша апаратура, напэўна, старэйшая за сам клуб, пагэтаму, будзем чакаць завяршэння рэканструкцыі і ажыццявім ідэю з новым табло». Ну што я тут скажу: сьмела напісна. Толькі я, як і вы, бачу зусім іншы малюнак — у клюбы ўкладваюцца непамерна вялікія сродкі, адчыняюцца новыя спартовыя аб’екты, узьнікаюць новыя каманды, толькі спартовых вынікаў няма. Няма сродкаў толькі на беларускую мову.

Напрыканцы ліста Дзянісаў паведамляе, што «як бачым, для рэалізацыі Вашых прапановаў неабходны сістэмны падыход, а вырашаць гэтую праблему асобна ўзятаму хакейнаму клубу не пад сілу. Менавіта, патрэбна звяртацца ў асацыяцыю „Федэрацыя хакея Беларусі“ альбо Міністэрства спорта і турызму».

Чаму «Хімік»?

І тут мы падбіраемся да пытаньня, чаму менавіта наваполацкі «Хімік», ня самы вядомы клюб, сёньня трапіў пад раздачу за трасянку і няшчырыя абгрунтаваньні неўжываньня беларускай мовы. Ня ён жа адзін такі, чаму ж столькі ўвагі гаротным? Пакіньце піяніста ў спакоі, ён грае як можа.

Ключавым момантам тут — прапанова зьвярнуцца ў Фэдэрацыю хакею Беларусі. А менавіта тое, што літаральна нядаўна зьявілася прапанова вылучыць на пасаду старшыні гэтай хакейнай арганізацыі былога малатабойца і па сумяшчальніцтве дэпутата беларускага парлямэнту Вадзіма Дзевятоўскага, які паходзіць з Наваполацку, працуе там, па яго словах, і добра разьбіраецца ў хакеі, асабліва мясцовым. Ну ўдарнік-стаханавец проста, майстар на ўсе рукі і нават галаву. Здаецца, Бінго! Як нам пашанцавала, зараз па прапанове Дзянісава зьвернемся да Дзевятоўскага з прапановамі правесьці хакейную беларусізацыю і будзе нам, беларускамоўным, шчасьце — зямляк земляку ж не адмовіць.

Вадзім Дзевятоўскі

Вадзім Дзевятоўскі

Але тут такая справа, шаноўныя мае, што нават калі Дзявятоўскага зацьвердзяць старшынём фэдэрацыі хакею, нічога добрага для беларускай мовы гэта не прынясе. Бо яшчэ раней я зьвяртаўся да дэпутата Дзевятоўскага з прапановай унесьці зьмены ў закон «Аб мовах» і вось што ён мне, між іншым, адказаў: «Вашы прапановы прывядуць, на мой погляд, да ўскладненьня ў парадку выкарыстаньня дзяржаўных моў, да непатрэбнага ў большасьці выпадкаў дубляваньня тэкстаў, а значыць — значнага павелічэньня грашовых і матэрыяльных выдаткаў. Улічваючы вышэй выкладзенае, лічу ў цяперашні час немэтазгодным падтрымліваць прыведзеныя Вамі прапановы аб змяненьні Закону».

Вось і кропка ў пытаньні аб тым, ці стане ў беларускім хакеі больш беларускай мовы — яе павелічэньне немэтазгодна і прынясе выдаткі. На мову зноў няма грошай — яны ёсьць на што заўгодна: клюшкі, допінг, новыя арэны і канада-беларусаў, самы лепшы чэмпіянат і новыя клюбы без заўзятараў, але на беларускую мову ў Беларусі грошай няма. Разьвіцьцё яе немэтазгодна.

Трасянка — не для чыноўніка

Чаму я так грэбліва стаўлюся да афіцыйных асоб, што лупяць на трасянцы. Паверце, сябры, ніколі і нікому звычайна памылак не выпраўляю, бо і сам не без граха — і сам магу лупануць, і граматычных памылак нарабіць. Але тут справа ў тым, што просты грамадзянін можа гэта сабе дазволіць, а чыноўнік і афіцыйная асоба — не. Бо ёсьць у нас закон «Аб беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», дзе правілы сучаснай беларускай мовы дэталёва прапісаны, а таксама ёсьць у нас закон «Аб дзяржаўнай службе», дзе прапісана, што кожны службовец павінен валодаць беларускай мовай. А калі ён лупіць на трасянцы і робіць граматычныя памылкі — значыць ён не адпавядае патрабаваньням закону і ня можа займаць сваю пасаду.

І толькі ад вас, сябры мае беларусы, залежыць, ці будуць у Беларусі паважаць беларускую мову, а разам з тым і вас. Таму не лянуйцеся пісаць звароты па-беларуску, а пасьля, калі вам альбо не адказалі па-беларуску, альбо адказалі з памылкамі, прыцягвайце нядобрасумленных выканаўцаў да адказнасьці.

Наступным разам я распавяду, якія справы зь беларускай мовай у беларускім парлямэнце. І ня толькі.

Пакідайце вашыя заўвагі да гэтага запісу, вашыя прапановы, а таксама іншыя пытаньні, што вас хвалююць і патрабуюць першачарговага вырашэньня. Я паспрабую ўзьняць іх у наступных запісах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG