Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж Турэччынай і Расеяй, між Брунэем і Свазілэндам: Беларусь у рэйтынгу «Рэпартэраў бязь межаў»


Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала чарговы рэйтынг свабоды прэсы. У 2017 годзе Беларусь захавала 153-е месца сярод 180 краінаў сьвету. Артыкул пра Беларусь мае назву «Ілжывая адліга».

У рэйтынгу Беларусь блізкая да краінаў з цалкам несвабоднай прэсай, суседзі ў рэйтынгу — Этыёпія, Сынгапур і Свазілэнд (150-152 месцы), Турэччына, Брунэй і Дэмакратычная Рэспубліка Конга (154-156). Латвія на 28-м месцы, Літва — на 36-м, Польшча — на 54-м, Украіна на 102-м, Расея на 148-м. Найлепшыя ў свабодзе прэсы — Нарвэгія, Швэцыя і Фінляндыя, недалёкая геаграфічна ад Беларусі Эстонія на 12-м месцы. Адразу тры краіны былога СССР у «несвабодных» антылідэрах: Азэрбайджан (162-е месца), Узбэкістан (169-е) і Туркмэністан (178-е).

Рэйтынг Беларусі толькі крыху падвысіўся зь 2016 году. У 2017 годзе ў Беларусі не была забойстваў прадстаўнікоў СМІ і «інтэрнэт-грамадзянаў», але «Рэпартэры бязь межаў» адзначаюць шматлікія затрыманьні ў час акцыяў пратэсту ў лютым-сакавіку.

«У спробе аслабіць расейскую ўладу над Беларусьсю і выйсьці з эканамічнага крызісу рэжым прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе наблізіцца да міжнароднай супольнасьці і сьцерці свой вобраз „апошняй дыктатуры Эўропы“, — гаворыцца ў апісаньні Беларусі на сайце „Рэпартэраў бязь межаў“. — Аднак, акрамя вызваленьня палітычных зьняволеных, нічога не зьмянілася. Пазаштатныя журналісты, якія працуюць у незалежных СМІ, заснаваных за мяжой, ня могуць атрымаць акрэдытацыю і перасьледуюцца судовымі органамі. Баючыся дэстабілізацыі становішча, зьвязанай з украінскім крызісам, улады садзілі і прарасейскіх, і антырасейскіх блогераў. Вельмі мала журналістаў былі арыштаваныя або зазналі гвалт у 2016 годзе. Але зацішша скончылася ў сакавіку 2017 году, калі беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў прывяла да вялікага разгону».

XS
SM
MD
LG