Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд апраўдаў пінчука: спрабавалі засудзіць за акцыю, на якой яго не было


Андрэй Вабішчэвіч

Пінскі гарадзкі суд апраўдаў прадпрымальніка Андрэя Вабішчэвіча, які абвінавачваўся ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Актывіст, супраць якога сьведчылі міліцыянты, сьцьвярджаў, што не знаходзіўся на плошчы Леніна падчас акцыі.

Міліцыянты паказалі, што 26 сакавіка Вабішчэвіч браў актыўны ўдзел у «маршы недармаедаў» у Пінску. Са слоў гэтых «сьведак», пінчука затрымалі, склалі на яго пратакол, а пазьней справу перадалі ў суд.

Вабішчэвіч разам са сваім адвакатам даводзіў: у той дзень ён ня меў намеру браць удзел у акцыях і ня быў на плошчы. Але супрацоўнікі РУУС сьцьвярджалі адваротнае: прадпрымальнік ня толькі быў затрыманы, але і «аказваў супраціў, актыўна выкрыкваў лёзунгі».

На патрабаваньне Андрэя Вабішчэвіча суду даслалі відэазапісы з камэраў, якія ахоплівалі плошчу. На іх бачна, што прадпрымальнік казаў праўду. Таму судзьдзя пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу.

«Я нават і не спадзяваўся на апраўдальны прысуд. Тым больш, каб прыняць такое рашэньне, спатрэбілася ажно тры паседжаньні — разгляд цягнецца ад 6 сакавіка. Але выглядае, што пасьля таго, як у Менску апраўдалі студэнта Рамана Пратасевіча, які здаваў іспыты, хоць міліцыянты сьведчылі, што ён быў у Курапатах, вырашылі апраўдаць і мяне», — кажа апраўданы актывіст Вабішчэвіч.

У Пінску гэта адзіная пастанова аб спыненьні адміністрацыйнай справы на ўдзельнікаў акцыі 26 сакавіка. Тады было затрымана 13 чалавек, большасьць пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і штрафамі за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG