Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белы легіён» і «Малады Фронт» як «трацкісцка-зіноўеўскі блёк»


Чаму вызвалілі Зьмітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Карбалевіч: У суботу напярэдадні Вялікадня былі вызваленыя з-за кратаў кіраўнік «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч і ягоны паплечнік Сяргей Пальчэўскі. Яны адны з 35 фігурантаў справы аб масавых беспарадках. Зьміцер Дашкевіч быў абвінавачаны ў тым, што вось ён нібыта стварыў клюб «Ваяр», які можна аднесьці да нейкіх ваенізаваных структураў. Вызваленыя гэтыя людзі не безумоўна, яны вызваленыя пад падпіску аб нявыезьдзе, яны зьяўляюцца падазраванымі па гэтай справе. Але трохі дзіўна выглядае, што пасьля тых прапагандысцкіх матэрыялаў, страшылак, тых людзей, якія сядзелі за гэта за кратамі, тых страшных злачынцаў, якія нібыта рыхтавалі фашысцкі пераварот, тэракты на 25 сакавіка, выпускаюць пад падпіску аб нявыезьдзе.

Які сэнс у гэтым? Я думаю, што ўлады хочуць вывесьці з гэтай крымінальнай справы палітычны чыньнік і ператварыць яе ў чыста крымінальную справу, каб яе фігуранты не былі аб’яўленыя палітвязьнямі. У гэтым сэнсе асоба Зьмітра Дашкевіча вельмі знакавая, таму што ён вядомы грамадзкі і палітычны дзеяч, ён двойчы палітвязень, ён фактычна адзіны з фігурантаў гэтай справы, які вядомы шырокай публіцы.

на Захадзе зараз барацьба з тэрарызмам — вельмі актуальная праблема, таму ўлады і разьлічваюць правесьці гэты судовы працэс і пазбавіцца зьяўленьня ў Беларусі палітвязьняў

Ён мэдыйная пэрсона, public figure, і нават у рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ён згадваецца. І таму, калі б яго судзілі, і калі яго будуць судзіць, калі ён будзе ў сьпісе асуджаных, верагоднасьць таго, што ён будзе аб’яўлены палітвязьнем, вельмі вялікая. Ну а разам зь ім могуць быць аб’яўленыя і ўсе астатнія, таму што яго асоба накладае вялікі цень на ўвесь гэты працэс. Таму яго і вызвалілі. Дарэчы, па той жа прычыне не чапаюць і Міколу Статкевіча, які ў прапагандысцкіх матэрыялах фігураваў як амаль што кіраўнік усёй гэтай «змовы». То бок улады хочуць правесьці гэтую крымінальную справу ў рэчышча барацьбы з тэрарызмам. Таму і перакваліфікаваная яна, з артыкулу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў на артыкул аб стварэньні ўзброеных фармаваньняў. Ну а на Захадзе зараз барацьба з тэрарызмам — вельмі актуальная праблема, таму ўлады і разьлічваюць правесьці гэты судовы працэс і пазбавіцца зьяўленьня ў Беларусі палітвязьняў. Наколькі гэтыя пляны і намеры рэалістычныя, іншая справа. Але за вызваленьнем Дашкевіча і Пальчэўскага, на маю думку, стаяць менавіта такія намеры.

Да вайсковых курсаў, трэніровак «Белага легіёну» ані Дашкевіч, ані Пальчэўскі ня мелі ніякага дачыненьня

Дракахруст: Я згодны, што матыў вядомасьці Дашкевіча, тое, што ён адзіны прыгаданы ў адпаведнай рэзалюцыі Эўрапарлямэнту — вельмі істотны чыньнік таго, што ён аказаўся на волі, хай і пад падпіскай. Але мне здаецца, тут ёсьць яшчэ адзін аспэкт, таксама вельмі важны. Справа ў тым, што напачатку, калі гэтую справу толькі канструявалі, яна мне вельмі нагадвала працэсы 30-х гадоў, у якіх фігуравала такое паняцьце, як «трацкісцка-зіноўеўскі блок». Насамрэч Троцкі і Зіноўеў зусім не былі палітычнымі сябрамі і вялі істотна розную палітыку, але ў сьледзтва НКВД была ідэя — давайце мы ўсіх людзей, хоць неяк блізкіх, зьбяром у адну страшную змову. Нешта падобнае адбывалася і ў гэтай сытуацыі.

Насамрэч, наколькі я разумею, той жа Дашкевіч, калі і ведаў таго ж Лазоўскага ці іншых дзеячаў «Белага легіёну», то толькі вельмі ўскосна — яны не былі палітычнымі сябрамі, паплечнікамі. Да вайсковых курсаў, трэніровак «Белага легіёну» ані Дашкевіч, ані Пальчэўскі ня мелі ніякага дачыненьня.

У стужках БТ, у артыкуле ў СБ прыгадваецца нейкая зброя, знойдзеная ў «баевікоў», якая насамрэч ці то муляжы, ці то страйкболы. Але яна не была знойдзеная ў людзей кола Дашкевіча і Пальчэўскага. Вось зараз, гледзячы па ўсім, улады ўсё ж спрабуюць звузіць кола абвінавачаных, і звузіць да тых людзей, супраць якіх хоць нейкія ёсьць матэрыяльныя доказы ці фальсыфікаты. Адносна Дашкевіча і яго паплечнікаў няма нават і таго.

І таму, з улікам таго, што ўсё ж такі не 30-я гады, што ёсьць Захад, якому трэба нешта ўсё ж такі паказваць, акрамя страшылак БТ, вырашылі прыбраць з гэтага сьпісу тых людзей, на якіх нават з чэкісцкага пункту гледжаньня вельмі складана павесіць рэальнае.

Сам Дашкевіч прызнаўся, што ён астатніх фігурантаў справы проста ня ведае — толькі сваіх маладафронтаўцаў

Цыганкоў: Зьміцер Дашкевіч, калі выйшаў на волю, зрабіў вялікую лайв-трансьляцыю, дзе тлумачыў некаторыя акалічнасьці свайго затрыманьня, а потым вызваленьня. І сярод іншага расказваў пра маладафронтаўскую структуру «Ваяр», пра тое, як яны ўсё рабілі адкрыта. І нават калі зьяўляліся ў ягоных паплечнікаў думкі, што можа нешта варта прыхаваць, ён якраз настойваў на тым, як ужо больш мудры палітык, што кожны крок павінен не хавацца ад грамадзтва, а наадварот прадстаўляцца, хто мы такія і чаго мы дамагаемся.

І сапраўды гэта кардынальнае адрозьненьне паміж ім і арыштаванымі па справе «Белага легіёну». Дашкевіч даволі вядомы палітык, ён трапіў у рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, і ён займаўся адкрытай палітычнай дзейнасьцю, пачынаючы ад абароны Курапатаў, ад збору подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг. «Малады Фронт» — гэта структура, якая ўсю сваю дзейнасьць не прыхоўвала. Ну і ў пэўны момант у сілавых структураў, якія займаюцца арганізацыяй гэтай крымінальнай справы, узьнікла разуменьне, што ніяк не магчыма стварыць «трацкісцка-зіноўеўскі блёк» з настолькі розных людзей. Сам Дашкевіч прызнаўся, што ён астатніх фігурантаў справы проста ня ведае — толькі сваіх маладафронтаўцаў.

Галоўнае пытаньне будзе ў тым, наколькі ўдасца ўладам нешта накапаць і стварыць хоць нейкае падабенства падпольнай узброенай арганізацыі, прадставіць гэтых беларускіх патрыётаў як нейкіх узброеных змоўшчыкаў. Наколькі гэта ім удасца, будзем сачыць далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG