Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнімі гадамі ў шэрагу эўрапейскіх краін раз-пораз успыхваюць дыскусіі пра дапушчальнасьць аборту. На знак пратэсту супраць спробаў на заканадаўчым узроўні забараніць аборты абураныя жанчыны выходзяць на вуліцы і плошчы гарадоў, даказваючы сваё права распараджацца ўласным целам. Праблема абортаў — ці, як яны называюцца па-беларуску, спаронаў — мае багата розных аспэктаў — маральных, мэдычных, рэлігійных, грамадзкіх. Ляжаць яны і ў прасторы правоў чалавека. Пра разуменьне спаронаў у традыцыйнай культуры беларусаў мы гутарым з доктарам філялягічных навук, этнакультуролягам Тацянай Валодзінай.

Вячаслаў Ракіцкі: Тацяна, нешта мне ня вельмі падабаецца гэтае беларускае слова «спароны». Адкуль яно? Ці не закладзеная ў ім адразу ж адмоўная ацэнка?

Тацяна Валодзіна: Вы маеце рацыю. Лацінскае нэўтральнае слова «abortus» (выкідак) у нашай мове замяняецца агрэсіўна-ацэначным, бо паказвае на актыўную дзею з боку маці, якая спарола, забіла маленькага чалавечка. Як і кожная іншая зьява, аборт у традыцыйнай духоўнай культуры тлумачыцца ў кантэксьце ўсёй сыстэмы сьветапогляду, дзе займае сваё месца і ў той жа час перасякаецца зь іншымі сфэрамі народнага жыцьця. Гэта азначае, што тлумачыцца ён ня толькі як учынак у жыцьці асобнага чалавека, але і як падзея, што паўплывае на далейшы лёс сям’і, паселішча, космасу ў цэлым. Прычым у фальклёры героямі наступнай драмы становіцца ня толькі жанчына, што наважылася на такі ўчынак, але і само спаронае дзіця.

Ракіцкі: Значыць, і ў дахрысьціянскія часы аборт лічылі дзетазабойствам? Хрысьціянства пераняло народную традыцыю? А мо пайшло і далей?

Валодзіна: І хрысьціянскую, і народную традыцыю яднае безумоўнае асуджэньне кантрацэпцыі і дзетазабойства. Хрысьціянства нават узмацніла адказнасьць за такую правіну. Грэх маці, якая забіла сваё дзіця, лічыўся цяжэйшым, чым простае забойства. З той прычыны, што забіты ня быў ахрышчаны, не нарадзіўся цалкам у сьвет, а значыць, ня мог прэтэндаваць і на годнае пасьмяротнае існаваньне.

Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна
Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна

Ракіцкі: Сярэднявечныя жывапіс і літаратура ведаюць сюжэты пра пакараньне такіх жанчын на тым сьвеце, дакладней — у пекле, дзе іх чакаюць страшныя пакуты. Наколькі выпадковыя такія карціны? Ці можна казаць, што ў іх адлюстроўваюцца народныя погляды?

Валодзіна: Якраз пасьмяротнае адбываньне пакутаў — найпершы ляйтматыў забаронаў. І сёньня ў вёсках нярэдка натуюцца расказы, дзе апісваецца пекла, і там жанчыны, якія маюць на сабе такія грахі, церпяць невыносныя пакуты. У бальшыні выпадкаў гэта так званыя абміраньні — аповеды пра тое, як чалавек засынае летаргічным сном і нейкі павадыр водзіць яго па тым сьвеце своеасаблівай экскурсіяй. Сустрэча зь вінаватымі ў спароне ўваходзіць практычна ў кожны такі расказ. Як правіла, гэтыя жанчыны знаходзяцца асобна ад усіх, у цесным пакойчыку, яме, бочцы, вымушаныя есьці сырое мяса, грызьці косьці, піць кроў. З запісаў, зробленых у Смалявіцкім раёне:

«Прося абмірала, бачыла, што той, хто аборт дзелаў, бальшы грех — дзяржыць у зубах дзіцёначка. Прыводзіў к яме, там пішчаць тоненькія галаса. К яме падводзіў, галаса тоненькія, гэта яму аб’ясьнілі, хто дзелае аборты. Эта пішчаць тыя дзеткі, што загубілі, іх душы плачуць, душа іх там».

Уражваюць карціны, дзе расказваецца пра тое, як грудзі такіх жанчын смокчуць вужы ды зьмеі. На Палесьсі запісаны расказ, як разам з жанчынаю, што рабіла аборты, закапалі кашалёк з грашыма, які паклала сваячка ў труну і забылася. Калі з магілы адкапалі і адчынілі труну, на грудзях памерлай ляжалі вужакі і смакталі іх.

Ракіцкі: Вінаватая жанчына зазнае кару, гэта відавочна. А што, паводле ўяўленьняў і легендаў, чакае загубленых, ненароджаных дзетак?

Валодзіна: Хрысьціяне, захоўваючы архаічныя ўяўленьні, апісваюць лёс загубленых ненароджаных дзетак настолькі ж страшна. Я дазволю сабе працытаваць колькі палявых запісаў. У Горацкім раёне я чула такое:

«Тыя дзеці, што аборты дзелаюць, яны кішаць у ямі. Такая яма глыбокая. А яны кішаць як чэрві».

Там жа і такое расказвалі:

«У нас была цёця хворая. Яна сасьніла, што пашла на той сьвет. Ручаёк бяжыць вады, яна ішла, ішла гэтым ручайком і зайшла на той сьвет. А там быў такі дзядзька Сымон памёршы. Ну дык ён яе павёў. Вот у адной каморцы, яна адчыніла, а там рабяткі, у беленькім і гэдак молюцца, малыя дзеткі. Другую каморку адчынілі — старыя молюцца. Трэцюю адчыніла каморку — казала — жывоя мяса хадуром хадурыць. Эта, гаворуць, усё, што аборты робюць. Пака матка жывець, дык яны там гэдак хадураць, а як памрэць, тады яно абрашчаецца ў дзяцёнка».

Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі
Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі

Ракіцкі: Але ж з гэтых запісаў можна зрабіць выснову, што ахвяры пакутуюць ня менш, чым іхныя забойцы. Няўжо так? Чаму так людзі думалі?

Валодзіна: Больш за тое, душы загубленых дзетак ня проста пакутуюць. Яны пераходзяць у сьвет дэманаў. З друкаваных крыніцаў фальклёрнай прозы вядома, што загубленыя да хрышчэньня ці праклятыя маткаю яшчэ ў чэраве дзяўчаткі становяцца кікімарамі. Галоўным чынам кікімары зьбіраюцца ў тыя хаты, дзе адбылося забойства дзяцей і паблізу якіх быў схаваны трупік. Праз сваю дзяціннасьць яны збольшага бясшкодныя і перашкаджаюць жыхарам хіба толькі валтузьнёй. Але калі ў хаце жанчыны песьцяць сваіх дзяцей, Кікімары не па-зямному, неяк асабліва ўздыхаюць. Тым самым выказваюць зайздрасьць да чужое ласкі і неспатольнае жаданьне атрымаць такую ж.

Ракіцкі: Ну, такія дэманы не такія ўжо і страшныя...

Валодзіна: У беларусаў і ў суседніх народаў нашмат больш пашырана вераваньне, што такія дзеці-дэманы імкнуліся шкодзіць жывым. Яны станавіліся вандроўнымі агеньчыкамі, што заводзяць людзей у непраходныя балоты, або патарчатамі, як ва ўкраінцаў, што жаласна кружаць у паветры над магіламі і просяць «крыжа», могуць таксама прылятаць у выглядзе птушак бязь пёраў да свайго дому. Здольныя такія істоты адабраць малако, наслаць хваробу. Казалі, што калі на працягу сямі гадоў душа такога дзіцяці ня будзе ахрышчаная, то яна пераходзіць ва ўласнасьць д’яблу і ператвараецца ў нячыстую сілу. Такім чынам, душа забітага ў чэраве немаўляці з часам станавілася часткай сьвету нежыці і магла чыніць шкоду ўсяму паселішчу. З гэтай прычыны аборт успрымаўся ня толькі як асабісты грэх, але і як пагроза для бясьпекі ўсёй грамады.

Ракіцкі: Але ўсё ж, чаму душы загубленых дзетак ня тое што ня маюць хоць якой кампэнсацыі за свой загублены лёс, але яшчэ і становяцца дэманамі?

Валодзіна: Архаічнай сьвядомасьцю ўсе нябожчыкі як бы падзяляліся на дзьве групы: тых, хто памёр сваёй, натуральнай, сьмерцю — і тых, чый век быў перарваны. Гэтыя няшчасныя як быццам патрабуюць ад жывых працягу свайго існаваньня і спаўненьня жыцьцёвага шляху. Чым раней абарвалася жыцьцё, тым больш агрэсіі ў дачыненьні да жывых прыпісвалася такому нябожчыку. Відавочна, да гэтай, шкоднай групы адносіліся і душы загубленых немаўлят. Натуральна, дадавалася і ідэя пахаваньня бяз хросту.

Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі
Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі

Ракіцкі: Зразумела, той сьвет ва ўсіх яго вымярэньнях ацэньвае спарон у катэгорыях пакараньня і пакуты. А навакольле? Прырода, прыкладам, як рэагавала?

Валодзіна: Цікава тут тое, што на людзкія грахі адгукалася і прырода — непагадзьдзю, залевамі, градам. У паданьнях не агаворваецца, наслалі стыхію Бог альбо дэманы — загубленыя душы. Яўна толькі тое, што на парушаную раўнавагу рэагуе ўвесь сусьвет. Так, на Палесьсі верылі, што засуха, навальніцы бываюць пасьля таго, як пахаваюць на могілках няхрышчанае дзіця або здарыцца забойства. З экспэдыцыйных запісаў:

«Баба, што не схацела гадаваць дзяцінку і замардавала — ці прыспала, ці ўтапіла — то ад таго і град бувае, і дож сільны бувае. Раз замардавала баба дзіця і занесла ў другое сяло і паклала там у капну. І той дарогаю, як яна несла — град усё ішоў, цэлы год да восені, і ўсё пабіў — і жыта, і ўсё, усё».

Замагільле ня хоча прымаць ні загубленае немаўля, ні яго матку.

Ракіцкі: А ці ёсьць якія адрозьненьні ў стаўленьні да абортаў сярод вернікаў розных канфэсіяў?

Валодзіна: Католікі ставяцца да гэтага пытаньня больш жорстка, натуральна. Але сярод палявых запісаў трапіўся наступны, зроблены ў Ашмянскім раёне:

«Гэта будзе ў чыстцу. Каторы во аборт робяць, так яны ж <дзеці> тожа нехрышчоныя. Яны будуць у чыстцу. Яны кары ня будуць паносіць гэткія. Толька Бога відзець ня будуць. — Так гэта ж ужо кара? — Ну, кара. Скажа: «Мамка, чаму я Бога ня віжу?»

Наагул, народнахрысьціянская традыцыя больш гнуткая. Яна адгукаецца на старыя і новыя погляды, імкнучыся зьвязаць іх у несупярэчлівае цэлае. Так, у Пухавіцкім раёне запісанае аднясеньне такіх дзетак да анёлаў. Вядома, што ў анёлкі залічваюць памерлых, але хрышчаных дзетак. А тут спрацоўвае народны крытэр, паводле якога ненароджаныя дзеці адносяцца да нізу засьветаў:

«Гэта грэшна, гэта ж грэшна! Адна саседка мая зрабіла васямнаццаць абортаў. Эта ж с ума сыйці. І што вы думаеце? Яна лягла, пасьледній зрабіла аборт, прывезьлі яе на калясцы, і яна гаворыць: «Палажылі мяне, Соня, а я бачу мае дзеткі. А яны анёлачкамі робяцца, дзеткі. А яны крылушкі па вадзе пусьцілі, крылкамі па вадзе і галоўкамі махаюць... Я палічыла — васямнаццаць дзетак. — А чаму ў вадзе? — А яны ж выкінутыя дзеткі. У памойніцу. Эта Божа збаў, нельзя».

Запіс гэты быў зроблены ў Пухавіцкім раёне.

Ракіцкі: Не патрабуе доказаў велізарнае псыхалягічнае напружаньне жанчыны пасьля зьнішчэньня ўласнага дзіцяці. Як вырашае народная творчасьць гэты ўнутраны канфлікт? Якая помста чакае жанчыну?

Валодзіна: Беларусы ведалі: не заўсёды вытрымлівае жанчына такі душэўны цяжар, зрываецца і засільвае сама сябе. У народных апавяданьнях — топіцца і становіцца расамахаю. Як у запісах Аляксандра Сержпутоўскага:

«Расамаха — гэто ня зьвер, а якаясь нечысь. У нас людзі кажуць, што расамахаю робіцца жанчына, як яна зьнішчыць сваё дзіця і сама ўтопіцца. Я бачыў, як на бабровай хатцы сядзела голая жанчына з распушчанай касою, а на руках трымала дзіцятко. Палажыла яго на лано ды давай шчупаковым грэбенцам расчэсваць валасы. А як пачула мяне, усхапілася сама, схваціла аберучкі дзіця ды шабулдых у ваду, толькі шчурачкі пашлі».

Важна тое, што народная мараль ня проста асуджае забойства дзіцяці. Няма апраўданьня ні з боку соцыюму, ні сябе самой. Самагубства — ня проста пакараньне, гэта разьвязаньне псыхалягічнага крызісу.

Ракіцкі: Такім чынам, рэзка асуджальнае стаўленьне колішніх беларусаў да абортаў тлумачылася далёка ня толькі меркаваньнямі дэмаграфіі.

Валодзіна: Але і гэтая ідэя прысутная, чаму ж не? У такіх уяўленьнях лёгка заўважыць, як самарэгулявальная сыстэма фальклёрнай сьвядомасьці фармуе ахоўныя мэханізмы супраць дэпапуляцыі, якую цягне за сабой добраахвотнае абмежаваньне нараджальнасьці. «Праграма жыцьця», закладзеная ў фальклёры, уяўляе сабою паўнавартасную сыстэму, накіраваную на тое, каб верагоднасьць выжываньня супольнасьці была большая, каб павышаліся яе канкурэнтныя якасьці, адна зь якіх — рэпрадуктыўная функцыя. Вельмі важная і ідэя ўлучанасьці чалавека ў касьмічную раўнавагу, калі на збоі ў чалавечым жыцьці рэагуе прырода і ўвесь сьвет, нават у нябачнай яго частцы. Падаецца, і сучасьнікам няблага было б прыслухоўвацца да такіх пасылаў традыцыі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG