Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму раней беларускі лёгка нараджалі?


Юзаф Шыманчык, Беларускае Палесьсе, 1930-я гады

Роды заўсёды былі і застаюцца ў цэнтры асаблівай увагі і абмеркаваньняў. У наш час хтосьці едзе нараджаць за мяжу, нібыта там лепшая мэдычная дапамога, хтосьці замаўляе асобную платную палату ў беларускай радзільні, а хтосьці аддае перавагу хатнім родам, зьвяртаючыся да вопыту продкаў. Доктар філялягічных навук, этнакультуроляг Тацяна Валодзіна перакананая, што сёньняшні рацыянальны сьвет ня выцесьніў мноства магічных парадаў і забаронаў як для самой парадзіхі, гэтак і для прысутных. З Тацянай Валодзінай мы і гутарым пра тое, як беларускі нараджалі ў мінулыя часы.

— Тацяна, якое месца займалі роды ў думках, паводзінах, уяўленьнях нашых продкаў?

— Зьяўленьне дзіцяці на сьвет займае думку чалавека ад самых даўніх часоў паўсюль, сярод усіх сацыяльных слаёў грамадзтва. Пытаньне нараджэньня неад’емнае ад працягу дынастыяў, права на ўласнасьць і спадчыну. Да таго ж і ў рэлігійным жыцьці сваю ролю адыгралі біблійныя радаводы, а нараджэньне Езуса Хрыста і мацярынства Дзевы Марыі сталі асноваю хрысьціянскага веравучэньня і рэлігійнай практыкі. Уласна роды як найвялікшая таямніца ў сьвеце ад самых архаічных часоў увайшлі ў сыстэмы разнастайных міталягічных повязяў. Тут акцэнтавалася архаічнае суаднясеньне зямлі і жанчыны, а таксама месца жанчыны ў сымбалічных суаднясеньнях з мноствам іншых вобразаў. Аповеды старэйшых жанчын паказваюць на тое, што некалі нараджаць было збольшага лягчэй. Вось адзін з расповедаў, запісаны ў Горацкім раёне:

«Помню, як мама Раю радзіла. І мы сядзім, бацька печку топіць. Адзінаццаць дзяцей ці стоя, ці лёжа, ці ў полі... Гаворіць, Крісьціну раджала, баялася, каб яе сьвіньня на дваре не схваціла. Ні эрозій, ні хварозій, без трусоў хадзілі, і ўсё харашо было. І чую, ужо каўкаіць рябёначак. Павітуха прішла, радзіла, у нейкую кухвайку завярнулі эту Раечку. Устала, ці ў нас самагонка была, маме бабка наліла, сабе і бацьку. Так, назаўтра ўстала, печку затапіла, сьвіньні, усё как паложана».

Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі. Здымак Т. Мармыш
Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі. Здымак Т. Мармыш

— Гэты запіс зроблены ў сялянскім асяродзьдзі. Ён дае ўяўленьне пра сялянскі погляд на роды, у ім сялянскі досьвед. Але ж зразумела, што пытаньне нараджэньня хвалявала і багацейшыя слаі грамадзтва. Якое месца ў народна-мэдычным комплексе займаюць кніжныя парады і веды?

— У Заходняй Эўропе мэдычныя веды пра цяжарнасьць і роды трансьлявалі лацінскамоўныя крыніцы. Яшчэ ў ХІ стагодзьдзі былі перакладзеныя арабскія манускрыпты. Ад XIV стагодзьдзя пашыраюцца вытрымкі са схалястычных мэдычных кніг. Але мноства парадаў, магічных рэцэптаў і замоваў былі расьсеяныя па старонках шматлікіх рукапісаў рознага зьместу. На беларускія землі асобныя парады прыходзілі разам з трэбнікамі, а таксама зь перакладнымі лячэбнікамі і зельнікамі. Але менавіта Беларусь пры мізэрнай захаванасьці рукапісных замоваў і малітваў вылучаецца надзвычайным багацьцем вусных тэкстаў вэрбальнай магіі, зафіксаваных ад ХІХ стагодзьдзя і да нашых дзён. Замовы на лёгкія роды выкарыстоўвалі як бабкі, што выконвалі ў колішніх вёсках ролю акушэрак, так і самі парадзіхі. Іх прамаўлялі ў шляху да радзільні, маглі браць з сабою цыдулкі зь перапісаным тэкстам.

— І што гэта за тэксты? Якія прыклады ці ўзоры прапаноўвае жанчынам магія слова?

— Асноўныя сюжэтныя калізіі замоваў на лёгкія роды нешматлікія, рознымі сродкамі тут рэалізуецца галоўны матыў раскрываньня родавых шляхоў. Самы часты матыў — «сакральны памочнік бярэ залатыя ключы, адмыкае родавыя шляхі (царскія вароты) і выпускае дзіця», «вызваляе дзьве душы». Напрыклад:

«Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Божай маці пакланюся. Прачыста Божа маці з прастола ўставала, рабе божай (імя парадзіхі) дзіцятка адмаўляла, сустаўчыкі адмыкала. Божа маці да цэркаўкі шла, залатыя ключы нясла, срэбныя замочкі адмыкала, царскія вароты адчыняла. Вы, замочкі, адмыкайцеся, царскія вароты, адчыняйцеся, рабе божай (імя) сустаўчыкі адчыняйце, маладзец-малодзенька, на гэты сьвет зьявіцеся. Гара, разайдзіся, камень, раскаціся, жалеза, растапіся, шкло, разьбіся, вада, разьліся, дубок, разьвейся, маладзенец-маладзенька, на гэты сьвет зьявіцеся. Як хлопчык, то на коніку, як дзевачка, то на рыбінцы».

Асаблівы прыўзьняты тон і сакральнасьць замовам гэтай групы надае ідэя супастаўленьня пакутаў парадзіхі з пакутамі Божай Маці.

Божае нараджэньне, абраз 1746 г.
Божае нараджэньне, абраз 1746 г.

— Вы хочаце сказаць, што нараджэньне кожнага з нас у беларускіх замовах параўноўваецца з нараджэньнем самога Хрыста?

— І ня толькі ў беларускіх. Самы папулярны сюжэт эўрапейскай замоўнай практыкі — матыў нараджэньня Езуса Хрыста Маці Божай. У якасьці дзейснага магічнага сродку, які спраграмуе ня проста пасьпяховыя, але і з найменшым болем роды, усьведамляецца прэцэдэнтная сытуацыя родаў Божай Маці падкрэсьлена бяз болю.

Прывяду два прыклады.

«Як Маць Марія Ісуса Хріста радзіла, не крічаўшы, не станаўшы і людзі не слыхаўшы, так і мне памагі, сьвятая Багародзіца, радзіць і не крічаць і не станаць. Амінь».

Гэта запіс з Касьцюковіцкага раёну. А вось падобны запіс, зроблены ў Кармянскім раёне:

«Як Мацер Божая младзенца Ісуса Хрыста пускала і болі ня знала, так штоб я, радзіцельніца, (імя) младзенца на этат сьвет пускала і болі ня знала».

Дарэчы, менавіта такія алюзіі могуць патлумачыць звычай нараджаць на саломе ці нават ісьці ў хлеў да ясьляў.

— А якое тлумачэньне родам дае дахрысьціянская традыцыя? Што акцэнтуе міталягічнае разуменьне сьвету?

— Архаічная сутнасьць сэмантыкі родаў палягае ў атаясамленьні іх з дарогай, якую пераадольвае як маленькі пасланец засьветаў да людзей, так і сама жанчына ў сваім сымбалічным падарожжы «па новую душачку». Менавіта шлях становіцца канцэптуальным вузлом радзільнага абраду. Дарэчы, нават у радзінных песьнях акцэнтуецца шлях і жанчыны, і бабкі да яе:

«Цераз рэчаньку, цераз быструю
Гібка кладачка ляжыць.
Па той кладачцы, па той гібканькай
Малады Іванька ідзець,
А ён Манечку, сваю душачку,
Ён за ручаньку вядзець».

Больш за тое, такое сымбалічнае падарожжа павінна ажыцьцяўляцца і ў рэальным пляне. Калісьці маладуха нараджаць першае дзіця вярталася ў бацькоўскую хату, у шэрагу мясцовасьцяў нараджаць стараліся ў лазьні ці іншым нежылым памяшканьні. Паказальнае паведамленьне са Столінскага раёну, што пры цяжкіх родах бабка вяла парадзельлю ў поле «на расходныя дарогі» і вадзіла яе там, пакуль ня родзіць.

— Але і цяпер усё ж абсалютная большасьць жанчын нараджаць выпраўляецца з дому, часьцей хуткая дапамога вязе іх у чужое месца — у радзільню.

— Так, парадзіху вязуць у радзільню, якая амаль гэтак жа характарызуецца «нежылымі» якасьцямі. Жанчына сапраўды выпраўляецца ў дарогу па дзіця. Міталягічнымі сэнсамі поўніцца і сама сытуацыя родаў. Зусім натуральная з наступленьнем схватак падвышаная рухальная актыўнасьць (калі ні сядзець, ні тым больш ляжаць ужо ня можацца, а лягчэй за ўсё хадзіць) таксама тлумачылася ў рэчышчы «падарожжа» жанчыны. Іншая справа, што раней строга рэглямэнтаваўся характар яе перамяшчэньняў. Тады хадзілі вакол стала, пераступалі цераз качаргу, пояс, мужавы штаны, нават цераз самога мужа, які клаўся на падлогу, і асабліва цераз парог. Выразна міталягічны спосаб — хадзіць вакол стала. Веткаўскі краязнавец Генадзь Лапацін запісаў аповед вясковай жанчыны пра яе колішнія роды:

«Вот мне раджаць прыперла. Сьвякруха выцягвае стол, зьнімае вікону, хоць Мацер Божую, калі німа „Неўталімай Купіны“. Стол станове, усе транты зь цябе скідае — юбкі, андаракі, рубашкі былі з каўнярамі — усё скідае, паводзіць вакол стала, пацалуіш вікону... прывязала, во, брус, каля бруса гвозьдзь быў бальшы, не адна ж я была нявестка, а дзьве ці колькі. Зацаплівае аборку, тут табе пастанове, і, як нажымаеш, бярэш за вяроўку, штоб не павалілась, цянеш і крычыш не сваім матам».

— Пэўна ж, у часе магічнай дапамогі пры родах важна і тое, як сымбалічна разумелася сама жанчына, яе месца ў міталягічнай карціне сьвету?

— Так, раскрываньне жаночага цела праграмавалася праз адкрываньне ўсяго навокал. Нават архаічнае супастаўленьне жанчыны і маці сырой зямлі знаходзіць яскравае ўвасабленьне ў матыве размыканьня зямлі, калі раскрываюцца розныя адрэзкі ляндшафту, на ўзор якіх павінна раскрыцца і цела парадзіхі:

«Пракаціся, красная зара, абярніся, каменная гара, раздайся, балючая косьць, раба Божая (імя), асвабадзіся. Бог на помач!»

Гэты прыклад — з Шумілінскага раёну. Па ўсёй Эўропе фіксуецца прадпісаньне, перад тым як нараджаць, разьвязваць усе вузлы, здымаць ланцужкі і пярсьцёнкі, расплятаць косы; разьвязваць паясы і расшпіляць каўняры ня толькі радзісе, але і ўсім прысутным. У той час у хаце адкрывалася ўсё, што можа быць адкрытым, адамкнутым, зьнятым:

«Вот даўней, када былі шкафы замыканыя, даўней і клеці былі, дык замок у клеці замыкалі. Вот нада было адамкнуць, дзе што замкнута, нада было адамкнуць».

Шматкроць узгаданыя ў замовах царскія вароты, якія адкрываюцца, каб забясьпечыць зьяўленьне дзіцяці, — з аднаго боку, яскравы сымбаль жаночых родавых шляхоў. Напрыклад, у прыказцы «І мы з тых варот, адкуль увесь народ». Зь іншага — рэальныя дзьверы ў царкве каля алтара, якія насамрэч адчыняліся ў часе цяжкіх родаў. Калі боль доўжыцца і пакуты невыносныя, сьвятара просяць адчыніць у царкве царскія вароты; адразу ж пасьля нараджэньня дзіцяці на сьвет ix замыкаюць. Часам таксама акрываюць парадзіху тым стыхаром, які сьвятар надзявае перад набажэнствам.

Немаўля Хрыстос у ясьлях. Фрагмент фрэскі Раство Хрыстова
Немаўля Хрыстос у ясьлях. Фрагмент фрэскі Раство Хрыстова

— Апошнім часам у асобных радзільных палатах дазваляюць прысутнічаць мужу. А як было ў традыцыі?

— І ў традыцыі, хоць роды — справа жаночая, удзел у іх мужчыны бралі. Ня ўсюды гэта, аднак, дазвалялася. У асобных вёсках верылі нават: калі муж ці хто зь сямейнікаў будзе прысутнічаць тут, жанчыне будзе цяжэй нараджаць. У іншых выпадках муж заставаўся і выконваў загады бабкі: што-небудзь прынесьці, падтрымаць, дапамагчы. Часам жонка нараджала, седзячы на каленях у мужа і павярнуўшыся да яго сьпінаю.

— Муж нейкім чынам дапамагаў жонцы нараджаць? Ці гэта было чыста сымбалічным дзеяньнем?

— З аповедаў вясковых жанчын і з этнаграфічнай літаратуры вядома і пра сымбалічны ўдзел бацькі ў родах. Такая традыцыя вядомая многім народам сьвету і носіць назву кувада. Вылучаюць два віды кувады. Пры адным зь іх муж трывае пакуты па-за сваёй воляй. Прычыніць яму боль можа як радзіха, так і бабка. З расказаў інфармантаў вядома, што бабка прывязвала нітку адным канцом радзісе да рукі, а другім — да інтымных частак мужчыны. Пры кожнай схватцы боль перадаваўся і мужу. Пакуты маглі пераносіцца на бацьку адно толькі сілаю слова. У Жабінкаўскім раёне расказваюць пра бабку, якая праз малітву дасягала таго, што хварэў муж, а ня жонка. Чалавек падае, на каленях лазіць, а жонка прывядзе дзяціну і сьмяецца. Вось запіс, зроблены ў вёсцы Багдзюкі Жабінкаўскага раёну:

«Ворожылы, праўда. У нас одна баба пошла родыты. А мужык ее ішов за бабой, а здараствуй тому не сказаў, тому, шчо ворожыт. Вот мужык крычав за іі цэлу ноч, а ёна родыла».

А другім відам кувады было добраахвотнае імітаваньне мужам родавых пакутаў. Калі роды зацягваліся, ён клаўся на падлогу каля жонкі, стагнаў, крычаў. Несумненная тут псыхалягічная падтрымка жанчыны. Акрамя таго, такія своеасаблівыя «роды» бацькі гарантавалі законнасьць дзіцяці, падкрэсьлівалі, што гэта ягонае дзіця, біялягічнае сваяцтва пацьвярджалася рытуалам.

— Шмат хто і сёньня верыць у розныя прыкметы. Ці карыстаюцца імі сучасныя жанчыны, калі едуць нараджаць? Ці існуе ў тых прыкметах нешта рацыянальнае, карыснае? А мо ўсё, пра што мы тут гаварылі, суцэльныя забабоны?

— Ня так даўно адна сталага веку жанчына загадала мне запомніць, каб раіла маладым жанчынам, як едуць раджаць, пераступіць праз мужавы штаны і сказаць самой сабе: «Як лёгка рабілася, каб так лёгка радзілася».

Якія правілы павінна выконваць цяжарная жанчына паводле беларускай традыцыі?

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG