Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стральба, ператрусы, псыхіятрыя: у Расеі прапанавалі пашырыць паўнамоцтвы паліцыі


У Дзяржаўную думу Расеі 11 красавіка паўторна ўнесьлі законапраект пра значнае пашырэньне паўнамоцтваў паліцыі. Падобны законапраект уносілі два гады таму, але тады не разгледзелі. Разбор новага законапраекту публікуе Meduza. Аўтар закону — Васіль Піскароў зь «Единой России», старшыня камітэту Дзяржаўнай думы ў пытаньнях бясьпекі і процідзеяньня карупцыі.

Так, у законапраекце прапануецца дазволіць паліцыі страляць на паражэньне ў жанчын (цяпер гэта забаронена), калі ў іх няма «бачных прыкметаў цяжарнасьці». Таксама прапануецца дазволіць страляць у месцах масавых збораў людзей дзеля прадухіленьня тэракту, у час вызваленьня закладнікаў або ў час групавога нападу на важныя аб’екты. Пакуль такія правы маюць ФСБ і Расгвардыя.

Абшукваць людзей стане можна ня толькі пры «наяўнасьці зьвестак» пра зброю, выбухоўку ці наркотыкі ў чалавека (як цяпер), але і пры «падставе меркаваць», што ў чалавека ёсьць забароненыя рэчывы. Што такое «падстава меркаваць», не тлумачыцца. Таксама прапанавана дазволіць аглядаць грамадзян у час ачапленьня тэрыторыі або спэцапэрацыі дзеля прадухіленьня правозу забароненых рэчываў.

Паліцыянтам прапануецца дазволіць ня толькі аглядаць, але і ўскрываць машыны, калі ёсьць «падставы меркаваць», што там ёсьць нешта забароненае, ці калі гэта патрэбна для бясьпекі людзей у час масавых мерапрыемстваў і ў надзвычайных сытуацыях, пры праверцы паведамленьня пра пагрозу тэракту, дзеля прадухіленьня злачынства і ў час затрыманьня падазраванага нават у адміністрацыйным правапарушэньні. Такія правы зь мінулага году мае Расгвардыя.

Сьпіс падстаў для ўварваньня ў жытло чалавека прапануецца дапоўніць наступнай: для затрыманьня чалавека, у дзеяньнях якога пабачылі «прыкметы злачынства». Што гэта значыць, падрабязна не тлумачыцца. Такія паўнамоцтвы ўжо мае ФСБ. Іншыя ўжо прынятыя прычыны — дзеля прадухіленьня злачынства, дзеля ўратаваньня жыцьця або маёмасьці ў час масавых беспарадкаў ці ў час надзвычайных сытуацыяў, для выяўленьня абставінаў няшчаснага выпадку.

Акрамя таго, паліцыянтаў прапануецца дазволіць прыцягваць да прымусовай шпіталізацыі небясьпечных пацыентаў у псыхіятрычныя лякарні без рашэньня суду.

Паліцыянтаў прапануецца вызваліць ад перасьледу за дзеяньні пры выкананьні службовых абавязкаў, калі яны не супярэчылі законам. Верагодна, маюцца на ўвазе выпадкі, калі паліцыянт выпадкова ўчыніў шкоду цывільнаму або ягонай маёмасьці, напрыклад у час перастрэлкі са злачынцам. Паліцыянтам прапануецца даць дзяржаўную гарантыю «прэзумпцыі даверу». Што гэта значыць, не тлумачыцца.

Акрамя прапаноў аб паліцыі, у Дзяржаўную думу нядаўна ўнесьлі законапраект пра жорсткае рэгуляваньне сацсетак аўтарства дэпутата «Единой России» Віталія Мілонава. У ім прапануецца забарона рэгістрацыі ў сацсетках пад несапраўдным імем, забарона рэгістрацыі дзецям да 14 гадоў, прыняць адзіныя правілы карыстаньня сацсеткамі і рэгістрацыю толькі паводле пасьведчаньня асобы, а таксама іншыя нормы і забароны. Імавернасьць прыняцьця гэтага законапраекту, у адрозьненьне ад праекту пра паліцыю, ацэньваюць як нізкую: Мілонава не падтрымалі ні супартыйцы, ні Крэмль, ні экспэрты, ні самі сацсеткі. Але таксама мала хто падтрымліваў «пакет Яравой» — законапраект пра татальнае праслухоўваньне і пакараньне за неданясеньне, прыняты летам мінулага году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG