Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны тыднёвік «Новы час» зьявіўся ў шапіках «Белсаюздруку»


Ад 8 красавіка ў шапіках «Белсаюздруку» можна набыць незалежную газэту «Новы час». Пакуль гэта тычыцца Менску і менскага рэгіёну. Таксама ёсьць магчымасьць аформіць падпіску на другое паўгодзьдзе.

Вось што з гэтай нагоды расказала прэсавай службе Беларускай асацыяцыі журналістаў рэдактарка выданьня Аксана Колб. Яна кажа, што першы нумар, які пойдзе ў шапікі, мае № 13, але ў рэдакцыі спадзяюцца, што ён будзе шчасьлівым:

«Усе нумары цяпер асаблівыя, бо мы распавядаем пра бурлівыя падзеі, што адбываюцца ў краіне. У гэтым нумары ёсьць цікавы матэрыял — пачатак сэрыі артыкулаў пра рэпрэсаваных асобаў, якіх ніхто такімі не лічыў. Гэтых людзей высылалі бяз тэрміну, звычайна за эканамічныя злачынствы. Абапіраемся на архіўныя зьвесткі, нідзе пра гэта яшчэ не пісалі. Я ўдзячная чытачам, якія падтрымлівалі нас усе гэтыя гады, і спадзяюся, што яны застануцца з намі, будуць пытацца пра газэту ў шапіках, набываць яе».

Сёлета ў лютым галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і перадаў яму сьпіс выданьняў, якія ня могуць трапіць у дзяржаўную сетку распаўсюду. Лукашэнка паабяцаў вырашыць праблему зь легалізацыяй недзяржаўных СМІ.

Тыя, хто зьвярнуўся ў дзяржаўныя сыстэмы распаўсюду, сапраўды ўпершыню за шмат гадоў атрымалі станоўчыя адказы. На гэтым тыдні вярнуліся ў шапікі «Газэта Слонімская», «Новы Час», «Intex-press» і «Барысаўскія навіны».

Большасьць згаданых выданьняў, а таксама «Свободные новости плюс» і «Вольнае Глыбокае» знаходзяцца на этапе ўзгадненьня для ўключэньня ў падпісны каталёг «Белпошты» на другое паўгодзьдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG