Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падабенства тэрактаў у Пецярбургу і Менску — у некваліфікаванасьці ахоўнікаў мэтро, — Воўчак


На месцы тэракту ў піцерскім мэтро, 3 красавіка 2017 году

Былы сьледчы Алег Воўчак параўноўвае тэракты ў мэтро Менску і Санкт-Пецярбургу.

Ці карэктна праводзіць паралелі паміж трагедыяй у пецярбурскім мэтрапалітэне і выбухам 6-гадовай даўнасьці ў менскай падземцы? Якія высновы варта зрабіць на будучыню?

Алег Воўчак, былы сьледчы, а цяпер праваабаронца, наведваў судовыя працэсы над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым — жыхарамі Віцебску, абвінавачанымі ў арганізацыі выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Цяпер сочыць за хадой сьледзтва ў Санкт-Пецярбургу. Ягоныя назіраньні такія:

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Зразумела, што, гледзячы на падзеі ў Расеі, трэба вяртацца і да нашага выбуху. Бо, як у масе сваёй выказаліся і праваабаронцы, і палітыкі, і грамадзкія дзеячы, расстраляўшы людзей, ніхто не супакоіўся. Усё сьведчаць пра тое, што абвінавачаныя ня маюць дачыненьня да злачынства, адпаведна, павісла пытаньне: а хто насамрэч прывёў у дзеяньне выбуховае прыстасаваньне?

Што тычыцца піцерскай гісторыі, пакуль ня будуць агучаныя вынікі першасных сьледчых дзеяньняў, нешта сьцьвярджаць досыць складана. Але пэўныя пытаньні ўзьнікаюць ужо цяпер. Мэтрапалітэн у Расеі даўно абсталяваны спэцыяльнай апаратурай для „вылоўліваньня“ хімічных, выбуховых рэчаў. Якім жа чынам праз шматлікія рамкі і міліцэйскія кардоны здолелі пранесьці самаробную бомбу?».

Галоўным падабенствам почыркаў менскага і піцерскага тэрарыста (ці групы асобаў) Алег Воўчак называе прынцып дзеяньня выбухоўкі:

«Найперш зьвярну увагу, што ў абодвух выпадках было дыстанцыйнае кіраваньне. Выбухоўка спрацавала не на рух, а калі цягнік спыніўся на пэроне і пачалі адчыняцца дзьверы. Безумоўна, расейскія спэцслужбы маюць пэўны досьвед у змаганьні з тэрарызмам, але ў гэтым выпадку пракол трэба занесьці ім у пасіў — усё ж ня здолелі спрацаваць на апярэджаньне.

Як практык, сьледчы, бачу некалькі прычынаў падобнай непаваротлівасьці. Найперш, значны пасажырапаток. Па-другое, бесталковасьць вартавых парадку, якія нават лянуюцца ўключыць абсталяваньне, каб прасьвечваць багаж. Тады трэба сачыць, кантраляваць, а лепш памянціць языком з калегам. Дарэчы, на „рэнтгене“ ў менскім мэтро таксама ня тыя прафэсіяналы, якія мусяць праглядаць зьмесьціва паклажы. Дзеля гэтага кадры гадамі навучаюць, рыхтуюць. Тады ступень бясьпекі будзе прынцыпова іншай».

На перакананьне суразмоўцы, чалавечы фактар — галоўная прычына надзвычайных здарэньняў на транспарце:

«Тыя ж ахоўнікі ў менскім мэтрапалітэне. Часам спыняюся, размаўляю. Дык вось там ужо ня толькі вайсковыя адстаўнікі, бяруць усіх — і старых, і маладых, некаторыя нават у арміі не служылі. Уладкоўваюць людзей з рэгіёнаў. Вялікая цякучка кадраў, бо няпэўны статус. Яны як быццам і не цывільныя, бо выконваюць функцыі падтрыманьня бясьпекі, але пры гэтым іх нельга залічыць да супрацоўнікаў сілавых органаў. А пакуль ня вызначаны статус, будзе слабая прафэсійная падрыхтоўка.

Ніхто зь імі ня ладзіць адукацыйных праграмаў, ня вучыць, як паводзіць сябе ў экстрэмальных сытуацыях. Для гэтага трэба прыцягваць замежных экспэртаў, якія маюць практычна досьвед — з Брытаніі, Ізраілю, ЗША. Каб практыкі расказалі, якія могуць быць выбуховыя рэчывы, як іх вылавіць у агульным патоку. Бо цяпер правяраюць толькі вялікія сумкі, а калі пацікавіўся, чаму ігнаруюць іншыя, маўчаць: „Нам не казалі“. Але галоўнае, трэба заставацца пільнымі нам самім. Меней спадзявацца на дзяржаву».

Ахвярамі выбуху 2011 году ў менскім мэтро сталі 15 чалавек, больш за 200 былі пакалечаныя і параненыя. Канавалаў і Кавалёў рашэньнем суду прыгавораныя да найвышэйшай меры пакараньня.

У выніку выбуху ў адным з вагонаў піцерскай падземкі загінулі 14 чалавек, многія дагэтуль у крытычным стане. Некалькіх падазраваных узялі пад варту, пэрсанальныя абвінавачаньні пакуль не прад’яўленыя.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG