Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарога да Курапатаў


Курапаты не належаць ні партыям, ні ўладам, ні царкве, ні міністэрству культуры, ні гісторыкам, ні журналістам, ні паэтам, ні археолягам. Гэты мы належым Курапатам.

***

Учора ўлада будуе паскудную Лінію Сталіна, заўтра абяцае пабудаваць храм у Курапатах. Улада шмат што робіць непасьлядоўна: будуе анкалягічны цэнтар і атамную станцыю, уводзіць бязьвізавы рэжым для замежнікаў і купляе сыстэму агульнага відэаназіраньня, арыштоўвае незалежнікаў і па-свойму незалежнасьць абараняе. Дзяржава ў Беларусі належыць уладзе, якую даўно ўжо не выбіраюць. Але чалавек, які тут жыве, выбірае, з чым ён пагаджаецца, супраць чаго пратэстуе.

***

Крыжы ў Курапатах — ляканічны і магутны мэмарыял. Ён зьявіўся ня сам па сабе, а дзякуючы намаганьням перш за ўсё Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Гэта безумоўная заслуга.

Ніхто ня мае манаполію на памяць. Прыватызацыя ці нацыяналізацыя памяці заўсёды азначае ўзурпацыю.

***

Кажуць, цяпер актывісты хочуць памяняць драўляныя крыжы на мэталічныя, бо драўляныя псуюцца, занепадаюць. Для мэталічных трэба будзе капаць ямкі, везьці цэмэнт, пясок і ваду, рабіць рошчыну, заліваць падмурак. Конкурс на форму, памеры, колер, матэрыял новых крыжоў ніхто не абвяшчаў, мастакі і архітэктары невядомыя, крыніцы фінансаваньня таямнічыя... А старыя крыжы куды — на звалку, на дровы?..

***

Зянон Пазьняк агучыў ідэю «Сьцяны памяці», дзе былі б напісаныя імёны ўсіх загінулых. На Радыё Свабода мы такую сьцяну зрабілі ў 2013 годзе: гэта «Картатэка Сталіна», дзе названыя больш за 60 тысячаў імёнаў ахвяраў. Сяргей Дубавец працаваў з матэрыяламі, здабытымі сябрамі «Мартыралёгу Беларусі», каля дзесяці гадоў, і, нарэшце, кожны можа адшукаць сваіх — дастаткова назваць імя. Гэтая Сьцяна працягвае расьці.

***

У сярэдзіне 1990-х у кніжцы «За кіпучай чэкісцкай работай» я апублікаваў імёны 188 «курапатчыкаў» — супрацоўнікаў НКВД. Некаторыя, дарэчы, самі скончылі ў Курапатах. Але справа ня ў тым, каго пісаць на сьцяне, каго не — разабрацца можна, было б жаданьне. З усяго сьпісу сын толькі аднаго чалавека зьвярнуўся да мяне з пратэстам — маўляў, бацька быў шафёрам, не страляў. Астатнія маўчалі — салідарызаваліся з аўтарам, было сорамна, іх не абыходзіла?.. Курапаты трэба абараняць ад апошніх.

***

А дзе «Сьцяну памяці» будаваць — у Курапацкім лесе? Як агароджу? Ці спачатку дачакацца адкрыцьця архіваў, каб стварыць поўны сьпіс? У любым выпадку — гэта не самадзейная праца, а дзяржаўная або валянтэрская, але пад кантролем грамадзкасьці.

На пачатку 1990-х на камісіі Вярхоўнага Савету ў справе ахвяраў рэпрэсій (была такая, на чале быў генэрал МУС Піскароў, намесьнікам генэрал КДБ Лавіцкі), я на прамілы Бог прасіў не чакаць вынікаў новых конкурсаў, а пабудаваць у Курапатах агароджу, як прынята на вясковых могілках па ўсёй Беларусі. Мастак Васіль Шаранговіч, таксама сябра камісіі, адказаў — гэта ж праект трэба спачатку зрабіць, ацаніць, мінімум паўгода... Чвэрць стагодзьдзя прайшло. Вясковы дзядзька зрабіў бы за тыдзень.

***

Магчымасьці давесьці Курапаты да ладу былі на пачатку 1990-х. Мы зь Міхаілам Жданоўскім зрабілі дакумэнтальны фільм «Дарога на Курапаты», і ён быў нават адзначаны Дзяржаўнай прэміяй, паказвалі па ўсім сьвеце. Было акно магчымасьці — чаго не хапіла? Сілаў, часу, разуменьня?.. І першага, і другога, і трэцяга.

Трэба прызнаць, што Курапаты і аб’ядноўвалі, і дзялілі грамадзтва. І ня толькі на ўладу і апазыцыю. Падзелы зайшлі так далёка, што розныя групы пачалі прэтэндаваць на Курапаты як на сваю ўласнасьць: толькі мы любім і помнім правільна, а вам забараняем нават прыходзіць.

***

Беларусы ня першыя і не адзіныя ў сьвеце, хто сутыкаецца з балючай праблемай гістарычнага зла і пакараньня. Гэта агульначалавечая праблема, якая вырашаецца на індывідуальным узроўні цалкам толькі ў сфэры рэлігіі ці, наадварот, асабістай помсты, а на грамадзкім узроўні вырашаецца толькі часткова — праз вывучэньне, ушанаваньне ахвяраў, асуджэньне катаў, стварэньне мэханізмаў, якія не дапускаюць паўтарэньня зла. Або дапускаюць.

***

Сьвятлана Алексіевіч сказала, што калі страцім Курапаты — страцім усё. Васіль Быкаў у інтэрвію мне казаў, што Курапаты страціць ужо немагчыма. Думаю, што мы насамрэч гаворым не пра Курапаты, а пра саміх сябе.

***

Ну, дапусьцім, на просьбы працоўных вырыюць велізарны катлаван і пабудуюць там басэйн або штучнае возера. Як у Маскве на месцы храма Хрыста-Збаўцы. І дзе той басэйн?..

***

Беларусы ва ўладзе і ў апазыцыі ня любяць і баяцца кампрамісаў. Гэта прыкмета слабасьці. Яе прычыны ў неадукаванасьці, нізкай культуры, лінейным мысьленьні, прэтэнзіі на ісьціну, асабістых крыўдах, інтарэсах, амбіцыях... Тых, хто здольны быў знаходзіць кампрамісы, у Беларусі лёгка перамаглі зацятыя асобы. Дзеля справядлівасьці — так ня толькі ў Беларусі. Але нічога добрага з гэтага нідзе не было і ня будзе.

Мёртвым не баліць. Быкаў пісаў гэта і пра Курапаты. З жывымі складаней. Што рабіць з капліцай, з камсамольскімі суботнікамі? Зноў заклікаць самаахвярную моладзь на абарону, пад колы, пад дубінкі, за краты? А калі ўлады ўсё ж паставяць капліцу — што рабіць тым, хто супраць: разбураць, апаганьваць, абыходзіць бокам? Або скарыстаць магчымасьць для мэмарыялізацыі: замацаваць ахоўную зону, статус помніка, праводзіць свае экскурсіі, настойваць на далейшых кроках?..

***

Памятаю, як у 2001 годзе пазванілі зь Менску — праз Курапаты будуюць дарогу. Я папрасіў адразу паслаць рэпарцёра, і наступныя восем месяцаў журналісты Свабоды кожны дзень былі ў Курапатах. Выйшла ўнікальная кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты», Ганна Соўсь атрымала ад Пэн-цэнтру прэмію імя Алеся Адамовіча. А сёлета, ужо з другога боку той самай дарогі, новыя абаронцы дзякавалі Галіне Абакунчык: «Мы баронім Курапаты, „Свабода“ бароніць нас».

Што б і як бы там не было наперадзе — «Свабода» там будзе.

***

Як бы я бачыў мэмарыял у Курапатах? Алея крыжоў. Магчыма, капліца. Можа, сьцяна зь імёнамі. А побач, там дзе цяпер поле — цэнтар нацыянальнай памяці. З музэйнай экспазыцыяй, з відэазаляй, з дасьледчым інстытутам, бібліятэкай, інфармацыйным цэнтрам са зьвесткамі пра ўсе дзясяткі малых і вялікіх Курапатаў з усёй Беларусі.

***

Праблема мэмарыялізацыі Курапатаў вырашальная. Але, баюся, ня сёньня, не цяперашнім пакаленьнем, якое ніяк ня вырашыць, што такое свабода і што зь ёй рабіць.

***

Пясок гісторыі засыпае мінулае, і яно зьнікае, здаецца, назаўсёды. Але вецер пераменаў адкрывае забытыя падзеі, і іх праўда і крыўда клічуць сваіх абаронцаў. І яны заўсёды прыходзяць. Бо яны такія, і ніхто з гэтым ніколі нічога ня зробіць.

Аляксандар Лукашук — сябар «Камітэту 58» — «Мартыралёгу Беларусі», член камісіі Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня па правах ахвяраў палітычных рэпрэсій, аўтар кніг «Зьдзек», «За кіпучай чэкісцкай работай», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста» і інш., аўтар сцэнару дакумэнтальнага фільму «Дарога на Курапаты». На Радыё Свабода ад 1993 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG