Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: ФБР плянуе стварыць падразьдзяленьне па Расеі


У штаб-кватэры ФБР у Вашынгтоне плянуюць стварыць адмысловае падразьдзяленьне для каардынацыі расьсьледаваньня магчымага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія выбары. Пра гэта паведамляе газэта Financial Times са спасылкай на крыніцы. Агент ФБР распавёў, што гэтыя пляны таксама азначаюць «павелічэньне рэсурсаў».

Адной з мэтаў падразьдзяленьня стане інфармаваньне кіраўніка ведамства Джэймса Комі аб ходзе расьсьледаваньня. Сьледчыя будуць штотыдзень дакладваць Комі аб прагрэсе, а намесьніку дырэктара ФБР Эндру Маккейбу будуць даваць справаздачу штодня. Новы аддзел з 20 агентаў узначаліць спэцыяліст у контрвыведцы. Падразьдзяленьне пачне працу ў траўні.

Аўтары публікацыі сьцьвярджаюць, што звычайна падобныя расьсьледаваньні даручаюць аднаму з 56 офісаў бюро. Аднак па словах крыніц, знаёмых з плянамі ФБР, расьсьледаваньне ўмяшаньня Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША мае патрэбу ў цэнтралізаваным кіраваньні. Адзін з суразмоўцаў газэты назваў расьсьледаваньне «маштабным» і «грувасткім», а таксама адзначыў, што публікацыі пра яго часта аказваюцца ў прэсе на першых палосах. Часовы аддзел для расьсьледаваньня ствараецца ў ФБР не ўпершыню. Раней падобным чынам вяліся расьсьледаваньні ўцечак інфармацыі WikiLeaks і скандалу з электроннай поштай Хілары Клінтан.

20 сакавіка дырэктар ФБР Джэймс Комі пацьвердзіў на слуханьнях у Кангрэсе, што яго ведамства вядзе расьсьледаваньне «любых сувязяў паміж перадвыбарным штабам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і расейскім урадам». Крэмль абвінавачваньні ва ўмяшаньні ў палітычныя працэсы ў ЗША адхіляе.

XS
SM
MD
LG