Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар ФБР: ідзе расьсьледаваньне ўмяшаньня Расеі ў выбары ў ЗША


Дырэктар ФБР Джэймс Комі на слуханьнях у Камітэце ў справах выведкі Палаты прадстаўнікоў, 20 траўня

Дырэктар ФБР Джэймс Комі пацьвердзіў, што спэцслужбы ЗША вядуць расьсьледаваньне ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкую выбарчую кампанію ў 2016 годзе. Пра гэта ён заявіў падчас слуханьняў у Камітэце ў справах выведкі Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якія праходзяць у Вашынгтоне. Комі сказаў, што расьсьледаваньне таксама тычыцца сувязяў паміж выбарчай кампаніяй Дональда Трампа і Масквой.

Комі сказаў, што расьсьледаваньне ўключае разуменьне характару і любых сувязяў паміж асобамі, зьвязанымі з кампаніяй Трампа, і ўрадам Расіі і існаваньні сувязяў паміж выбарчай кампаніяй Трампа і дзеяньнямі Расеі.

Дырэктар ФБР Джэймс Комі і Дырэктар Агенцтва нацыянальнай бясьпекі Майк Роджэрс на слуханьнях
Дырэктар ФБР Джэймс Комі і Дырэктар Агенцтва нацыянальнай бясьпекі Майк Роджэрс на слуханьнях

Комі паведаміў, што звычайна ФБР не пацьвярджае, што адбываецца расьсьледаваньне. Аднак у выключных выпадках такое магчыма і ў дадзеным выпадку такое выключэньне робіцца, сказаў дырэктар ФБР. Комі пацьвердзіў, што будзе дадзеная ацэнка згаданаму ўмяшаньню. Ён паведаміў, што ўсе акалічнасьці расьсьледаваньня будуць сакрэтныя і ён ня будзе паведамляць, хто ў ім удзельнічае.

Комі сказаў, што ФБР у сакрэтным парадку праінфармуе лідэраў Кангрэсу пра хаду расьсьледаваньня. Комі патлумачыў сакрэтны характар расьсьледаваньня тым, каб не даваць супернікам Амэрыкі разуменьня таго, якімі сродкамі ЗША валодае і якімі мэтадамі карыстаецца.

Ва ўступным слове на пачатку слуханьняў кангрэсмэн-рэспубліканец Дэвін Нунэс заявіў, што падчас расьсьледаваньня варта высьветліць, хто перадаваў сакрэтную інфармацыю Расеі. Нунэс заклікаў усіх, хто мае інфармацыю адносна абмяркоўванага пытаньня, прадставіць яе Камітэту ў справах выведкі.

Кангрэсмэн-дэмакрат Адам Шыф паведаміў ва ўступным слове, што замежная дзяржава, Расея, умешвалася ў хаду выбарчай кампаніі ў ЗША ў 2016 годзе, выкарыстоўваючы кампутарныя ўзломы і працёкі сакрэтнай інфармацыі. Шыф падкрэсьліў, што ў сярэдзіне 2016 году Расея выкарыстоўвала атрыманую шляхам узломаў інфармацыю на карысьць Дональда Трампа падчас выбарчай кампаніі і з мэтай нанясеньня шкоды кандыдату ад дэмакратаў Гілары Клінтан. Ён паведаміў, што людзі прэзыдэнта Трампа, у прыватнасьці, Картэр Пэйдж, наведвалі Маскву і мелі сакрэтныя перамовы з кіраўніком «Роснефти» Ігарам Сечыным. Адам Шыф праінфармаваў, што Расея выкарыстоўвала хакераў для ўзломаў электроннай пошты Дэмакратычнай партыі і перадавала іх людзям зь «Вікілікс», якія затым выкарысталі перахопленую пошту для кампрамэтацыі дзеячоў Дэмакратычнай партыі.

На слуханьнях у Кангрэсе
На слуханьнях у Кангрэсе

Шыф адзначыў, што «расейцы пасьпяхова ўмешваліся ў амэрыканскую дэмакратыю і рабілі гэта не ўпершыню і будуць працягваць гэта рабіць у тым ліку і ў Эўропе». Шыф заклікаў высьветліць, як гэта робіцца, і заявіў, што «пакуль мы не зразумеем як яны робяць гэта, мы зможам вінаваціць у тым, што адбываецца толькі саміх сябе». Шыф падкрэсьліў, што многае пра ўдзел Расеі невядома, у тым ліку і тое, як у шкодных дзеяньнях удзельнічалі грамадзяне ЗША. Важным пытаньнем будзе высьветліць ці правільна дзейнічаў урад у дачыненьні да ўмяшаньня Расеі ў выбарчую кампанію, сказаў Шыф.

Шыф заявіў, што прадстаўнікі выбарчага штабу Трампа падтрымлівалі сувязі з хакерам пад імем Gucifer-2.

Шыф таксама паведаміў, што ня знойдзена доказаў таго, што штаб-кватэра Трампа падслухоўвалася людзьмі прэзыдэнта Абамы.

XS
SM
MD
LG