Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Вячаслава Касінерава: «Я вельмі ганаруся сынам»


Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота

Сёньня зь Вячаславам Касінеравым у СІЗА № 1 сустрэнецца адвакат. Родныя аднесьлі перадачу: не ўзялі арэхі з разынкамі і кнігі — на Валадарцы можна чытаць толькі Крымінальны кодэкс і Біблію, паведамілі ахоўнікі.

Вячаслаў Касінераў адседзеў 15 сутак за ўдзел у Маршы недармаедаў, што адбыўся ў Менску 17 лютага. Але на выхадзе з Жодзінскай турмы яму выстаўлена новае абвінавачаньне, паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу («хуліганства») за тое, што ён накінуў пятлю на шыю скульптуры расейскага паліцыянта, якую паставілі ў Менску каля будынка музэю МУС.

Вячаслава перавезьлі ў СІЗА № 1 на Валадарку. Раней маці дазволілі перадаць Вячаславу цёплыя рэчы і пару хвілін паразмаўляць. У сераду дазволілі перадачу і на Валадарку:

«Вонкава трымаецца ён бадзёра, але адчуваю, што яму нялёгка. Але я паважаю сына за перакананьні. Ва ўсім сьвеце фатаграфуюцца каля помнікаў і скульптур, жартуюць. Тым больш што гэта нават ня помнік, а проста арт-аб’ект.

А да Славы ў міліцыянтаў прадузятае стаўленьне. Адзін міліцыянт з Маскоўскага раёну пры затрыманьні нават рукі паціраў: „Нарэшце я на цябе надзену кайданкі і засаджу!“

Калі яго затрымалі, да мяне прыйшлі зь ператрусам ў 7.15 раніцы, знайшлі нунчакі і сувэнірны сьцізорык у падарачнай каробачцы. Канфіскавалі. „Халодная зброя“, — кажуць. Я пажартавала: дык у мяне на кухні больш сур’ёзны арсэнал — вялікія нажы для шаткаваньня.

Мяне шантажавалі: „не разьдзімайце справу, не кантактуйце з прэсай, тады мы не паведамім на вашу працу пра сына“. Але верыць нашай міліцыі — гэта сябе не паважаць. І я не пагадзілася. Я вельмі ганаруся сынам, што ён мае сваю пазыцыю і не баіцца яе выказваць.

Яшчэ ўразіла, што на „Валадарцы“ ў нас не ўзялі ў перадачы арэхі з разынкамі. І таксама кнігі — маўляў, можна толькі Крымінальны кодэкс і Біблію», — распавяла Свабодзе маці Вячаслава Касінерава Марыя.

Вячаслаў Касінераў з анархістамі з групы «Чорная ружа» 12 сакавіка правёў «дзёрзкую акцыю супраць міліцэйскага бясчынства». Каля цэнтральнага будынка Міністэрства ўнутраных спраў актывісты накінулі пятлю на шыю гарадзкой скульптуры расейскага царскага паліцыянта, якую нядаўна паставілі ў гонар 100-годзьдзя беларускай міліцыі.

За гэты пэрформанс Касінераву пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG