Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчыну анархіста Касінерава затрымалі, калі яна несла яму перадачу, і арыштавалі на 12 сутак 


Марына Насенка падчас пратэсту супраць будоўлі каля Курапатаў

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Марыну Насенку затрымалі 14 сакавіка каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Яна несла туды перадачу для Вячаслава Касінерава, які адбывае 15-сутачны арышт за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў» у Менску 17 лютага.

Паводле праваабаронцаў, пасьля затрыманьня Марыну Насенку даставілі ў РУУС Маскоўскага раёну Менску, дзе на яе склалі пратакол паводле артыкулу адміністрацыйнага кодэксу аб парушэньні парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў, таксама за ўдзел у акцыі 17 лютага. Справу Марыны Насенкі ў судзе Маскоўскага раёну разглядала судзьдзя Вольга Лістраценка, якая пакарала дзяўчыну арыштам на 12 сутак.

Як паведаміла «Вясьне» маці Вячаслава Касінерава, пасьля затрыманьня доўгі час Марыну Насенку нідзе не рэгістравалі, яна шукала дзяўчыну пяць гадзінаў. І толькі пасьля таго, як жанчына патэлефанавала ў гарадзкі аддзел міліцыі Маскоўскага раёну і сказала, што будзе пісаць заяву пра зьнікненьне чалавека, ёй далі інфармацыю.

XS
SM
MD
LG