Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тры дні да вызваленьня зноў судзяць Андрэя Бандарэнку


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

29 сакавіка ў Ленінскім судзе Магілёва адбудзецца суд над вязьнем Андрэем Бандарэнкам. Былому кіраўніку праваабарончай установы «Плятформа» пагражае яшчэ да 2 гадоў зьняволеньня.

Цяпер вязьня прыцягваюць да адказнасьці паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу — за непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы. Вядома, што на сьледзтве Андрэй Бандарэнка не прызнаваў сябе вінаватым.

«За што судзяць майго сына? За тое, што чытаў на ложку ў час, калі нельга было. Плюс — што спазьніўся, бо затрымаўся ў царкве, ды за няправільна склееныя канвэрты. Хіба гэта крымінальнае злачынства? Жах!» — пракамэнтаваў справу бацька вязьня Валер Бандарэнка.

Валер Бандарэнка
Валер Бандарэнка

1 красавіка 2017 году сканчаецца трохгадовы тэрмін, якім Андрэй Бандарэнка быў пакараны Маскоўскім судом Менску за злоснае хуліганства. Усе тры гады ціск на былога праваабаронцу не спыняўся: Бандарэнку трымалі ў карцэры Бабруйскай калёніі, ладзілі супроць яго правакацыі з боку іншых вязьняў, год таму прысудзілі да зьмяшчэньня ў турму.

Увесь гэты час Андрэй Бандарэнка працягваў абскарджваць прысуд, у тым ліку зьвярнуўся са скаргай у Камітэт правоў чалавека ААН. Назіральнікі не выключаюць, што завядзеньне на вязьня ў Магілёўскай турме новай крымінальнай справы стала помстай яму за адстойваньне сваіх правоў.

«Вясна» ды іншыя беларускія праваабаронцы ўжо папярэдзілі ўлады краіны, што прызнаюць Андрэя Бандарэнку палітвязьнем, калі да яго будзе ўжыты 411 артыкул КК.

XS
SM
MD
LG