Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бруднымі рукамі гэта рабіць немагчыма» — Вацлаў Арэшка пра дзяржаўны конкурс на мэмарыял у Курапатах


Нунцый Ватыкану Кляўдыё Гуджэроці каля каменя з памятнай шыльдай, 2009 год. Надпіс на шыльдзе: «У гэтым лясным масіве ў адпаведнасьці з пастановай Савета міністраў Беларускай ССР ад 18 студзеня 1989 года будзе пабудаваны помнік ахвярам рэпрэсій 1937–1941 гг.»

У Міністэрстве культуры Свабодзе паведамілі, што склад журы конкурсу на мэмарыял у Курапатах яшчэ ня вызначаны.

Раней паведамлялася, што заяўкі на конкурс эскізных праектаў памятнага знаку будуць прымацца да 26 красавіка, а матэрыялы будуць разгледжаныя журы на закрытым пасяджэньні не пазьней за 1 траўня. У Міністэрстве культуры таксама распавялі, што конкурсныя матэрыялы яшчэ не паступалі.

Конкурс будзе адбывацца на базе Нацыянальнага цэнтру сучасных мастацтваў Беларусі. Яго кіраўніца Натальля Шаранговіч паведаміла Свабодзе, што цэнтар служыць толькі пляцоўкай для конкурсу, а асноўны арганізатар — Міністэрства культуры. Натальля Шаранговіч ня ведае таксама пра склад журы і кажа, што пакуль конкурсныя працы ў Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў Беларусі не паступалі.

Пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты ў 1988 годзе ўжо некалькі разоў абвяшчаўся конкурс на стварэньне мэмарыялу — і напачатку 1990-х, і напачатку 2000-х. Вылучаліся розныя ідэі, праекты, ініцыятывы, у тым ліку і досыць кантравэрсійныя, але далей за абмеркаваньні справа ня рухалася. На курапацкім пагорку на закладным камяні прымацаваная шыльда, на якой напісана, што тут у адпаведнасьці з рашэньнем Савету міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 году будзе ўсталяваны помнік ахвярам рэпрэсіяў 1937–1941 гадоў. Помніку ад дзяржавы так і не зьявілася за амаль 30 гадоў. А за гэты час у Курапатах паўстаў Народны мэмарыял, былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў на ахвяраваньні людзей.


Старшыня журы першага конкурсу на мэмарыял у Курапатах мастак Васіль Шаранговіч тлумачыць Свабодзе, чаму справа нічым ня скончылася.

грошай ніхто ня даў, ніводнай капейкі

— На вялікі жаль, грошай не было, ніхто нічога ня даў і не дапамог. Мы столькі працы правялі і ўсё ўпустую. Мяне потым абвінавацілі, што я не паставіў плот. А як я мог паставіць? Што, у мяне ў самога такія грошы былі? Мы правялі тры туры конкурсу. У журы былі найвыдатнейшыя людзі — Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч... Усе прапаноўвалі савецкія помнікі, і, вядома, гэта адкідалася. У мяне нарадзілася ідэя, што трэба зыходзіць з таго, што гэта могілкі. І цяпер калі рабіць, то трэба з гэтага зыходзіць. Што такое могілкі — гэта агароджа і капліца. Мы тады запрасілі прадстаўнікоў усіх канфэсіяў, і ўсе пагадзіліся, што капліца мае быць ня нейкай канфэсіі, а проста вобраз капліцы. Але грошай ніхто ня даў, ніводнай капейкі.

— А што вы думаеце пра сёлетні конкурс, вынікі якога маюць напачатку траўня зацьвердзіць на закрытым паседжаньні журы?

Васіль Шаранговіч
Васіль Шаранговіч

— Гэта немагчыма. Напачатку 1990-х мы рабілі талокі, тады ж буралом быў у Курапатах, мясцовыя жыхары шашлыкі смажылі. Цяпер сытуацыя іншая. Усталявана столькі крыжоў... Але і ад той ідэі ня варта адмаўляцца. Трэба зрабіць добрую агароджу, каб непатрэбныя людзі ня поўзалі. Я папрасіў тады паэта і былога вязьня ГУЛАГу Сяргея Грахоўскага напісаць словы, каб яны былі на цэнтральнай браме. Ён напісаў найвыдатнейшыя словы — зварот ад расстраляных тым, хто жыве... На саміх могілках ня трэба нічога чапаць, толькі агароджу зрабіць і пры ўваходзе капліцу, як на старажытных могілках.

Сябра ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вацлаў Арэшка нагадвае, што яшчэ летась шэраг арганізацыяў абвясьцілі грамадзкі конкурс. Яго вынікі былі прадстаўленыя на выставе «Праўда пра Курапаты», якая нядаўна прайшла ў Палацы мастацтваў.

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка
Гэтая ўлада дэкляруе сваю пераемнасьць з бальшавіцкаю ўладаю. Такімі бруднымі рукамі гэта рабіць немагчыма. Мы гэта пабачылі 25 сакавіка

— Конкурсаў хапае. А тое, што зараз адбываецца вакол Курапатаў, — ня спроба вырашыць пытаньне Курапатаў цывілізаваным шляхам, а хутчэй правакацыя з боку дзяржавы. Мне здаецца, невыпадкова гэтае пытаньне зараз уздымаецца. Абвастраецца сацыяльна-палітычная сытуацыя ў краіне. Мы ведаем, што адбываецца ў Беларусі: ідзе хваля пратэстаў. Таму для гэтай дзяржавы было б вельмі выгадна неяк адцягваць увагу і ад таго, і ад гэтага пытаньня. Конкурс і ўвогуле мэмарыялізацыя Курапатаў з боку рэжыму Лукашэнкі — гэта, на маю думку, нонсэнс. Гэта ўсё роўна, як бы Гітлер вырашыў паставіць помнік у Асьвенціме. Гэтая ўлада дэкляруе сваю пераемнасьць з бальшавіцкаю ўладаю. Такімі бруднымі рукамі гэта рабіць немагчыма. Мы гэта пабачылі 25 сакавіка.

ніхто ніякіх помнікаў там будаваць ня будзе, таму што ў іх элемэнтарна і грошай на гэта няма

Я лічу, што гэта немагчымая сытуацыя. Курапаты належаць не дзяржаве, ня ўладзе, а ўсяму беларускаму народу, гэта сусьветнага значэньня месца. Любы конкурс, любыя спробы мэмарыялізацыі такога помніку павінны адбывацца з самым актыўным удзелам грамадзкасьці і пад яе кантролем. У гэтай сытуацыі, я думаю, што ніхто ніякіх помнікаў там будаваць ня будзе, бо ў іх элемэнтарна і грошай на гэта няма. А гэта проста спроба разьяднаць тых, хто працуе ў пытаньні Курапатаў, і заадно адцягнуць увагу ад вострых надзённых праблемаў, якія хвалююць грамадзтва. А мы будзем працягваць сваю справу: і грамадзкі конкурс, і абарону Курапатаў ды іх ахоўных межаў у першую чаргу ад дзяржавы, а не ад кагосьці. Наўрад ці тут атрымаецца вялікае паразуменьне. Вядома, хацелася б, каб усё было добра і каб урэшце і ва ўладных колах штосьці сурʼёзна памянялася, памяняліся адносіны да Курапатаў, але я ў гэта ня веру пакуль. Пакуль ня бачу прыкметаў гэтага.

Каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька падзяляе пазыцыю кіраўніка грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты Алеся Чахольскага, што мэмарыял ужо існуе.

пры дыктатарскім рэжыме Лукашэнкі спроба мэмарыялізацыі па-лукашэнкаўску закончыцца дзяржаўным тэрорам, гвалтам і новымі ахвярамі

— Трэба на дзяржаўным узроўні зацьвердзіць канцэпцыю Народнага мэмарыялу Курапаты, вярнуць ахоўныя зоны 300 мэтраў вакол мэмарыялу, за гэта мы прагаласавалі на народным сходзе ў Курапатах і даслалі ў Мінкультуры. Дзяржава можа толькі дапамагаць грамадзтву, раіцца з Камітэтам у абарону мэмарыялу Курапаты і не перашкаджаць. Тады, магчыма, нешта ў нас і атрымаецца. Але ж, улічваючы нашу сумную рэальнасьць, рэпрэсіі супраць свайго народу, катаваньні, то думаю, амаль упэўнена, што пры дыктатарскім рэжыме Лукашэнкі спроба мэмарыялізацыі па-лукашэнкаўску закончыцца дзяржаўным тэрорам, гвалтам і новымі ахвярамі. Лепш, сапраўды, дзяржаве пакінуць мэмарыял у спакоі, самае лепшае — гэта не даваць дазвол на будаўніцтва розных забаўляльных, саўнавых і іншых комплексаў вакол Курапатаў і «біць» бізнэсоўцаў і чыноўнікаў па руках...

24 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. «Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (ня Брэсцкую крэпасьць) мэмарыял. Цяпер ідзе конкурс. Мы зробім гэты мэмарыял, можа, нешта накшталт невялікай капліцы», — сказаў ён.

Галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павел Якубовіч у інтэрвію «Свабодзе» выказаўся супраць таго, каб на закрытых пасяджэньнях разглядаліся конкурсныя працы. Паводле яго, дзяржава павінна ўзяць удзел у мэмарыялізацыі і ахове Курапатаў. У абмеркаваньні і прыняцьці рашэньняў у справе мэмарыялізацыі Курапатаў маюць браць удзел прадстаўнікі шырокай грамадзкасьці і абавязкова ўсе тыя, што апекаваўся ўрочышчам усе гэтыя гады.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG