Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус упершыню абраны губэрнатарам «экс-масонаў» Беларусі і Ўкраіны


Сяргей Філіпаў
Сяргей Філіпаў

Беларускі мастак, журналіст, пісьменьнік і бізнэсовец Сяргей Філіпаў абраны губэрнатарам акругі 2232 Rotary International, якая зь нядаўняга часу аб’ядноўвае Rotary-клюбы Беларусі і Ўкраіны.

Так высока ў Rotary Internatioanal беларусы яшчэ не ўздымаліся. Сяргей Філіпаў пагадзіўся даць эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода, каб расказаць пра міжнародную асацыяцыю Rotary-клюбаў і праліць сьвятло на міты, якія ствараюцца вакол гэтай арганізацыі.

Абламейка: Сяргей, віншую вас з абраньнем на пасаду губэрнатара акругі 2232, якая аб’ядноўвае Rotary-клюбы Беларусі і Ўкраіны.

Філіпаў: Дзякуй.

Абламейка: Першае пытаньне да вас клясычнае. Што такое Rotary International — або міжнародная асацыяцыя Rotary-клюбаў — і для чаго яна існуе?

Філіпаў: Калі казаць афіцыйна, то гэта найбуйнейшая ў сьвеце грамадзкая непалітычная гуманітарная арганізацыя. А калі больш падрабязна, то гэта асацыяцыя, у якую ўваходзяць, я б сказаў так, найлепшыя прадстаўнікі ўсіх прафэсіяў, падкрэсьліваю, усіх. З намі зьвязана шмат розных мітаў. У Rotary-клюбах ёсьць і каранаваныя асобы, і чальцы ўрадаў розных краінаў, і ўладальнікі і прадстаўнікі найбуйнейшых бізнэсаў. Тым ня менш, я падкрэсьліваю, нам сапраўды цікавыя найлепшыя прадстаўнікі ўсіх прафэсіяў — гэта можа быць найлепшы бібліятэкар, найлепшы спартовец, найлепшы пісьменьнік і г.д., гэта значыць, чалавек, які дамогся пэўнага посьпеху ў сваёй прафэсіі. Вось так, калі коратка.

Абламейка: Калі вы ўжо загаварылі пра ўдзел у Rotary-клюбах па ўсім сьвеце, то не маглі б вы назваць некалькі імёнаў сусьветна вядомых людзей, якія ўваходзяць у Rotary Internatioanal?

для мяне было складана пры асабістых сустрэчах зьвяртацца, напрыклад, да Біла Гейтса або да Маргарэт Тэтчэр, калі яна была прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі... Маргарэт катэгарычна папрасіла называць яе Мэгі, і для мяне першы раз гэта было дастаткова складана

Філіпаў: Безумоўна. Напрыклад, Джон Кенэдзі быў членам Rotary-клюбу, вядомы падарожнік Тур Хэердал таксама. Сярод сёньня жывучых гэта, напрыклад, бізнэсмэн Біл Гейтс, ну і так далей. Насамрэч гэта інфармацыя адкрытая, дастаткова паглядзець у Вікіпэдыі — там гэтыя імёны пералічаныя.

Абламейка: З кім з сусьветна вядомых людзей вам асабіста даводзілася сустракацца за тыя 25 гадоў, што вы зьяўляецеся членам Rotary-клюбу?

Філіпаў: Я мог бы назваць вядомыя імёны, але майце на ўвазе, што ў Rotary не прынята зьвяртацца па імені і па бацьку, і ўжо зусім немагчыма зьвяртацца да сваіх чальцоў на «вы». Таму для мяне было складана пры асабістых сустрэчах зьвяртацца, напрыклад, да Біла Гейтса або да Маргарэт Тэтчэр, калі яна была прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі... Маргарэт катэгарычна папрасіла называць яе Мэгі, і для мяне першы раз гэта было дастаткова складана. Пасьля я ўжо звыкся, што мы ўсе аднолькавыя, усе роўныя. Ня важна, хто ты за дзьвярыма Rotary-клюбу — гэта твая праца, але як толькі сустракаемся — мы ўсе аднолькавыя ў тым, што мы называем служэньне грамадзтву.

Абламейка: Такім чынам, можна сказаць, што Rotary International — гэта міжнароднае брацтва высокіх прафэсіяналаў, людзей, якія дасягнулі посьпеху ў сфэры сваёй дзейнасьці, прычым любой сфэры дзейнасьці?

Філіпаў: Менавіта так. На сёньня гэта ўжо паўтара мільёна чалавек. Rotary-клюбы ёсьць практычна ва ўсіх краінах, ва ўсіх буйных і нават ня надта буйных гарадах усяго сьвету. Мы ўсе адна сям’я, і мы ўсе — сябры, што вельмі важна.

Абламейка: Калі ўжо мы загаварылі пра сяброўства ў Rotary International і пра вядомых асобаў, то што б вы адказалі тым, хто называе Rotary-клюбы легальнымі арганізацыямі масонаў або адкрытымі структурамі, якія вэрбуюць людзей ў закрытыя масонскія лёжы. Я бачыў такія заявы з боку, напрыклад, прадстаўнікоў Расейскай праваслаўнай царквы.

Філіпаў: (Сьмяецца) Я ведаю, пра якое інтэрвію вы кажаце... Пры ўсёй маёй павазе да гэтага чалавека, ён сапраўды дрэнна паінфармаваны. Цяпер дастаткова проста паглядзець у інтэрнэце розьніцу паміж так званымі масонамі і Rotary. У адрозьненьне ад масонаў, мы дастаткова адкрытая арганізацыя, на кожнае наша паседжаньне можа прыйсьці практычна кожны чалавек (дастаткова загадзя проста сазваніцца), і ён зразумее, што мы адкрытыя. Мы ніколі не хапаем людзей за рукаво і ня просім хуценька ўступіць у наш клюб. Якраз наадварот, мы самі чакаем, што да нас прыйдзе чалавек, у якога ёсьць пытаньні або ён ужо падрыхтаваны, і мы растлумачым, чым мы займаемся. Калі чалавеку цікава, мы даем магчымасьць наведаць некалькі пасяджэньняў, паглядзець, ці цікава яму з намі, і ці цікава нам зь ім... Гэта як у шлюбе: бывае, сустрэнуцца два добрыя чалавекі, але шлюбу не атрымалася. Так што з намі дастаткова проста сустрэцца і пагутарыць. Прычым, як правіла, мы самі чакаем, калі да нас прыйдуць.

Сяргей Філіпаў і Сяргей Абламейка
Сяргей Філіпаў і Сяргей Абламейка

Абламейка: Ну але цяжка спрачацца і з тым, што сто гадоў таму менавіта былыя масоны заснавалі Rotary International?

Філіпаў: Так, сапраўды так і было. Чатыры былыя масоны, паглядзеўшы на магчымыя болевыя кропкі існага на той час масонства (сярод іх якраз была закрытасьць, што было няправільна), узялі статут так званых вольных муляраў, перапрацавалі яго і зрабілі больш дынамічным. Вось гэтая адкрытасьць і ёсьць тое галоўнае, што адрозьнівае Rotary International. Дарэчы, адзін зь беларускіх масонаў яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя сьцьвярджаў, што закрытасьць арганізацыі спараджае непатрэбныя чуткі і домыслы, таму руху патрэбная адкрытасьць. Менавіта таму ў кожнага клюбу або акругі існуе свой сайт, куды можна зайсьці, паглядзець і даведацца, што гэта за арганізацыя і што яна робіць добрага. Трэба проста сустракацца і размаўляць.

Ну а тое, што наш статут на 80 працэнтаў падобны да масонскага — гэта так. І тое, што лёзунг «Свабода, роўнасьць і братэрства» — гэта лёзунг, пад якім жывем і мы, і яны — таксама праўда. Мы сапраўды падобныя. І што ж тут дрэннага? Людзі, якія сабраліся для таго, каб палепшыць сьвет і несьці мір... Таму можаце называць нас «экс-масонамі».

Абламейка: Давайце пагаворым троху пра структуру вашых арганізацый. Вось вы сталі губэрнатарам акругі 2232. Губэрнатар выбіраецца на адзін год і разам зь ім выбіраецца і кандыдат на будучага губэрнатара. Таму папярэдні год вы былі пры цяперашнім губэрнатары. А якія яшчэ існуюць акругі побач зь беларуска-украінскай 2232? Напрыклад, Польшча і Расея ўваходзяць у асобныя акругі?

Філіпаў: Вы правільна сказалі пра выбары. Гэта галоўнае адрозьненьне. У нас кожны год мяняецца ўсё так званае кіраўніцтва клюбаў. Мы не кіруем, бо вельмі цяжка кіраваць людзьмі, якія адбыліся. Задача часовых кіраўнікоў клюбаў — аб’ядноўваць тыя праекты, якія зьяўляюцца, і падтрымліваць добразычлівую атмасфэру ў клюбах. Таму ў нас кожны год мяняюцца прэзыдэнты клюбаў, сакратары, губэрнатары акругаў. І яшчэ адно наша важнае адрозьненьне ад масонаў заключаецца ў тым, што кожны чалавек, які прыходзіць да нас, можа ўжо практычна праз год-два паспрабаваць сябе на ўсіх ступенях нашага разьвіцьця і папрацаваць на розных «пасадах» у нашай арганізацыі.

Я не адразу згадзіўся на працу губэрнатарам, трэба было зразумець, ці змагу я столькі часу аддаваць арганізацыі і ці будуць у мяне магчымасьці, у тым ліку і фінансавыя А абраны я быў яшчэ два гады таму, і таму паступова ўваходзіў у курс спраў. Дарэчы, хоць афіцыйна я пачынаю сваю працу з 1 ліпеня, я ўжо ведаю, хто будзе працаваць губэрнатарам пасьля мяне. Больш за тое, мы ўжо выбралі губэрнатара-намінанта, які будзе працаваць праз два гады пасьля мяне. Гэта робіцца для таго, каб людзі маглі пераймаць эстафэту і спакойна, роўна працягваць нашы праекты.

Ну а тое, што наш статут на 80 працэнтаў падобны да масонскага — гэта так. І тое, што лёзунг «Свабода, роўнасьць і братэрства» — гэта лёзунг, пад якім жывем і мы, і яны — таксама праўда. Мы сапраўды падобныя. І што ж тут дрэннага? Людзі, якія сабраліся для таго, каб палепшыць сьвет і несьці мір...

Я дастаткова добра ведаю пра тое, што адбываецца ў клюбах розных краінаў. Дарэчы, яшчэ год таму мы былі ў адной акрузе з Польшчай, гэта значыць Польшча, Украіна і Беларусь былі разам у адной акрузе. А цяпер польскія калегі адышлі, таму што ў іх сабралася шмат людзей, і адлегласьці ў нашай акрузе былі вельмі вялікія. Для таго, каб дабрацца, напрыклад, з Гданьску да Адэсы, губэрнатару патрабавалася нямала часу. А паколькі ён за час сваёй кадэнцыі абавязаны наведаць усе клюбы акругі, то працаваць было вельмі цяжка. Мы падтрымліваем выдатныя дачыненьні і з ратарыянцамі Польшчы, і з ратарыянцамі Расеі. Я літаральна днямі размаўляў і з польскімі калегамі, і з расейскімі, і, дарэчы, з францускімі таксама. Так што наша дзяленьне на акругі дастаткова ўмоўнае. Мы падтрымліваем выдатныя дачыненьні і вельмі часта рэалізуем супольныя праекты, якія аб’ядноўваюць нашы краіны. Гэта важна для нас.

Абламейка: Вы сказалі, што пачынаеце сваю кадэнцыю зь 1 ліпеня. Чаму менавіта з 1 ліпеня, а не, напрыклад, з 1 студзеня?

Філіпаў: У нас свой каляндар, хаця гэта таксама пэўная фармальнасьць. Бо ўжо праз тыдзень я, беларус, праводжу ў Кіеве першы сэмінар, які я абавязаны правесьці, а таксама Асамблею дыстрыкту. Таму паступова ўжо цяпер я ўваходжу ў працу. Але ў нас свой каляндар, у нас Новы год пачынаецца 1 ліпеня, і гэта вялікае сьвята для ўсіх клюбаў. У нас сваё дзяленьне геаграфічнае, мы дзелімся не паводле межаў краінаў, але паводле акругаў. Тут важна зразумець, што мы ўсе людзі, якія адбыліся. Усе нашы сустрэчы праходзяць вельмі весела. Усе клюбы 1 ліпеня адзначаюць пачатак новай кадэнцыі і Новы год зь ялінкамі, Дзедам Марозам і Сьнягуркай. Таму для нас важна захаваць сяброўскую атмасфэру пры тым, што ўсе мы людзі сур’ёзныя.

Абламейка: Давайце пагаворым пра тое, чым займаецца Rotary ў Беларусі. Колькі ў нашай краіне клюбаў?

Філіпаў: На жаль, беларусы адстаюць у параўнаньні зь іншымі краінамі. Гэта для мяне сумныя лічбы. На сёньняшні дзень у Беларусі засталося ўсяго тры клюбы, і ўсе яны ў Менску. Гэта сумна, таму што раней у нас працавалі клюбы ў Берасьці, Магілёве, Гомлі. Працавалі ініцыятыўныя групы ў Горадні, Ваўкавыску, Воршы. Усё ішло дастаткова добра...

Ну а наконт таго, чым мы займаемся, вось статыстыка. За апошнія 20 гадоў мы атрымалі 39 замежных грантаў на суму амаль мільён даляраў. Але ў больш падрабязныя лічбы я ня буду заглыбляцца, бо дастаткова зрабіць запыт ў Дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Усе гранты, якія мы атрымлівалі, праходзілі абсалютна афіцыйна праз гэты дэпартамэнт. Вельмі часта нават клюбы не атрымлівалі гэтых грошай, іх атрымлівалі адразу непасрэдныя атрымальнікі. Мы ня маем права займацца камэрцыйнай дзейнасьцю. Мы прост рэгістравалі дапамогу, адсочвалі атрыманьне бальніцамі, дзіцячымі дамамі. Але для нас гэта не галоўнае. Мы — ня просьбіты, вельмі многія праекты на сур’ёзныя сумы мы ініцыявалі самі. Напрыклад, летась мы адкрылі Лаву Агінскага каля Ратушы ў Менску. На яе можна прысесьці — і зайграе музыка. На шыльдачцы там ёсьць маленькі значок Rotary. Або, напрыклад, праект «Адкрытае сэрца» для хворых беларускіх дзяцей... Для многіх праектаў дастаткова нашых ініцыятываў і нашай энэргіі.

Сяргей Філіпаў
Сяргей Філіпаў

Абламейка: Не маглі б вы больш падрабязна расказаць пра праект «Адкрытае сэрца», у выніку якога было ўратавана шмат беларускіх дзяцей з хваробамі сэрца?

Філіпаў: На прыкладзе гэтага праекту добра відаць, што мы робім, а таксама стаўленьне да нас. Да нас зьвярнуўся адзін зь дзіцячых фондаў Рэспублікі Беларусі з просьбай знайсьці вельмі добрых лекараў для апэрацыяў на дзіцячым сэрцы. А праводзіць апэрацыі на дзіцячым сэрцы ў 2-3 гадкі даволі складана. У той момант, а гэта пачалося гадоў дзесяць таму, у Беларусі былі выдатныя лекары, але ў іх не хапала практыкі і мэтодык. І мы зьвярнуліся да найлепшых лекараў сьвету. Я пазваніў аднаму зь іх і назваўся, сказаўшы, што я з Rotary. Той лекар, а гэта быў Уільям Новік з ЗША, сказаў, што ня можа адмовіць, бо ў Rotary не прынята адмаўляць. Пры гэтым сам ён ня быў ратарыянцам, чальцом амэрыканскага Rotary быў ягоны бацька. Уільям сказаў, што апэрацыі ягонай каманды расплянаваныя на некалькі гадоў наперад, і тым ня менш мы змаглі дамовіцца так, што ўжо праз паўгода ўся ягоная каманда прыляцела ў Менск. Нам гэта абышлося... Мы проста купілі білеты для іх першага і наступных пералётаў у Менск, і гэта былі першыя сур’ёзныя грошы, якія мы патрацілі.

Я пазваніў аднаму зь іх і прадставіўся, сказаўшы, што я з Rotary. Той лекар, а гэта быў Уільям Новік з ЗША, сказаў, што ня можа адмовіць, бо ў Rotary не прынята адмаўляць. Пры гэтым сам ён ня быў ратарыянцам, членам амэрыканскага Rotary быў ягоны бацька

Пасьля мы проста дапамагалі ў Беларусі гэтым людзям, напрыклад, з харчаваньнем, бо ў іх нават не было часу, каб пайсьці і паабедаць. Усе апэрацыі ў Беларусі былі для іх пазаплянавыя, і таму яны вельмі сьпяшаліся. Трэба было прывозіць харчаваньне для іх проста ў ардынатарскую, куды яны прыбягалі, здымалі мокрыя ад поту халаты, перакусвалі, троху адпачывалі і беглі далей на апэрацыі.

Але мы ня толькі глядзелі, як яны працуюць, мы падключылі беларускіх лекараў, і яны з задавальненьнем згадзіліся. І я магу сказаць, што, напрыклад, доктар Астроўскі, які пасьля першым зрабіў апэрацыю перасадкі сэрца ў Беларусі, быў якраз з тых беларускіх лекараў, якія падключыліся. І ўжо на пяты візыт лекары міжнароднай брыгады сказалі: «Ды ён працуе абсалютна на нашым узроўні». Пасьля падключыліся і іншыя беларускія лекары, якія пачалі бліскуча рабіць складаныя апэрацыі і працягваюць рабіць іх цяпер.

Празь нейкі час мы папрасілі Міністэрства аховы здароўя падключыцца і пабудаваць будынак. І ён быў пабудаваны на тэрыторыі Першай клінічнай бальніцы. Гэта будынак мікрахірургіі для дзяцей.

А яшчэ празь нейкі час на гэтую акцыю зьвярнулі ўвагу і ўлады, і пасьля апошняга прыезду гэтых лекараў у Беларусь (бо неабходнасьць адпала, паколькі беларускія калегі ўжо былі гатовыя працаваць далей самі) кіраўніку міжнароднай групы лекараў Уільяму Новіку прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўручыў мэдаль Францішка Скарыны. Нам было гэта прыемна, хаця яшчэ больш нам было прыемна, што 317 абсалютна асуджаных дзяцей засталіся жыць. Мы дагэтуль зь імі сустракаемся.

Уільям Новік папрасіў нас арганізаваць прэсавую канфэрэнцыю, на якую запрасіў і нас. Там былі прадстаўнікі ўсіх беларускіх дзяржаўных СМІ. Новік доўга расказваў, што каб не было гэтых людзей з Rotary-клюбаў, не было б і іх візытаў у Беларусь, і гэтых апэрацыяў. Нас усе ўважліва выслухалі, паглядзелі нашы буклецікі і значкі. А на наступны дзень зьявілася шмат рэпартажаў, але ніводнай згадкі пра Rotary не было. Ну, але мы да гэтага звыклыя. Нам дастаткова ўратаваных дзіцячых жыцьцяў. Можа быць і мы самі дрэнна працавалі з прэсай, але нам важна было ня гэта.

А так... яшчэ раз паўтараю: мы адкрытыя, мяне спакойна можна знайсьці ў Фэйсбуку, напішыце, і я адкажу на ўсе пытаньні, пашукайце наш сайт у інтэрнэце.

І што было патрэбнае для гэтага праекту? Грошы? Не. Проста жаданьне гэта зрабіць. Такіх добрых спраў мы робім нямала і проста таму, што можам гэта зрабіць. Усе нашы паездкі па бальніцах і дзіцячых дамах праводзяцца таму, што мы хочам даведацца, дзе мы можам быць карысныя.

Новік доўга расказваў, што каб не было гэтых людзей з Rotary-клюбаў, не было б і іх візытаў у Беларусь, і гэтых апэрацый. Нас усе ўважліва выслухалі, паглядзелі нашы буклецікі і значкі. А на наступны дзень зьявілася шмат рэпартажаў, але ніводнай згадкі пра Rotary не было

Або вось яшчэ адзін наш праект. У Бараўлянах у Анкалягічным цэнтры была праблема — не хапала месцаў для дзяцей, якія выздараўліваюць Нас спыталі, ці можам мы пабудаваць домікі на тэрыторыі Анкалягічнага цэнтру. Кошт кожнага такога добра абсталяванага доміка, дзе жыве дзіця з мамай і, пажадана, з бацькам, — каля 20 тысяч эўра. Мы таксама не прасілі грантаў, але цяпер дзесяць такіх домікаў ужо некалькі гадоў стаяць і служаць пацыентам.

Мы ўсе жывем у Беларусі, мы ўсе ведаем адзін аднаго, мы проста знайшлі тыя прадпрыемствы або кампаніі, якія ўдзельнічаюць у сацыяльных праектах, і папрасілі іх дапамагчы Бараўлянам. Гэтая пара прыкладаў паказвае, што можна зрабіць, жывучы тут і маючы жаданьне дапамагчы сваёй краіне.

Абламейка: Над чым вы зьбіраецеся засяродзіцца падчас году свайго губэрнатарства ў Беларусі і Ўкраіне?

Філіпаў: Я б хацеў паўдзельнічаць у сытуацыі, якая ўзьнікла паміж Украінай і Расеяй. Я вельмі добра ведаю ратарыянцаў з Украіны і Расеі — і там, і там вельмі добрыя людзі. Мы прапанавалі зрабіць Менск пляцоўкай, дзе мы маглі б сустракацца і ініцыяваць далейшыя праекты. Гэта будуць канфэрэнцыі, дзе мы пакажам найлепшы вопыт спэцыялістаў (і ня толькі ратарыянцаў) з гэтых краінаў. Гэта таксама могуць быць музычныя фэстывалі, выставы мастакоў. У нас шмат плянаў. Проста трэба было знайсьці месца, дзе б мы маглі сустрэцца і абмеркаваць гэта па-за інтэрнэтам, асабіста. На мой погляд, цяпер важна гэта.

Нядаўна прайшоў канцэрт музыкантаў Расеі і Ўкраіны, але я зрабіў яго ў Бэльгіі, бо там мясцовыя ратарыянцы надалі пляцоўку. Але чаму гэта трэба рабіць там? Можна рабіць і ў Беларусі. Таму асноўны кірунак маёй працы — гэта ўмацаваньне міжнародных сувязяў і інтэграцыя ў міжнародную супольнасьць, прычым ня толькі ратарыянцаў Беларусі. Мы шмат робім у справе міжнароднага моладзевага абмену, у справе стажыроўкі беларускіх спэцыялістаў у розных краінах. І вось гэтую лінію мы б хацелі працягваць на працягу бліжэйшага часу.

Я б хацеў сказаць слухачам і чытачам Радыё Свабода: калі вы нешта хочаце даведацца, ня варта глядзець тэлевізар або чытаць газэты. Вы проста сустракайцеся часьцей зь людзьмі, стаўце ім пытаньні, глядзіце ў вочы, і вельмі многія праблемы зьнікнуць. Трэба проста кантактаваць і размаўляць адзін з адным асабіста. У нас усё будзе добра. Я ў гэтым перакананы.

Беларус узначаліў Rotary Club Warszawa City

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG