Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму працягваюцца масавыя «Маршы недармаедаў», хоць лідэры пратэстаў адбываюць суткі, а сам дэкрэт № 3 ужо прыпынены?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Антон Трафімовіч.

Трафімовіч: Спад пратэстаў прагназавалі многія. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка прыпыніў дзеяньне дэкрэту № 3. Як гэта прадставілі ўлады, сам дэкрэт не адмяняецца, але ў 2017 годзе так званы «дармаедзкі падатак» спаганяць ні з кога ня будуць.

Здавалася б, зьнік галоўны чыньнік усіх пратэстаў. На плошчы Менску, абласных гарадоў і нават райцэнтраў выходзілі людзі, абураныя найперш «дармаедзкім падаткам». Маўляў, заробкі цяпер і без таго малыя, многія ня маюць працы, але ад людзей яшчэ патрабуюць заплаціць за тое, што яны ня мелі афіцыйнай працы два гады таму.

І ўжо праз два дні стала зразумела, што астудзіць пратэстны настрой такой паўмерай, як прыпыненьне дэкрэту, уладам не ўдалося. У Пінску, дзе мітынгаў ня памятаюць ужо многія гады, на «Марш недармаедаў» выйшла каля 500 чалавек. А на наступны дзень ужо пратэставалі адначасова чатыры гарады. Нават у 30-тысячным Рагачове людзі не пабаяліся выйсьці на плошчу. На мясцовых сайтах пісалі, што гэта ўвогуле першая масавая акцыя пратэсту ў горадзе за часы незалежнасьці.

Нават у 30-тысячным Рагачове людзі не пабаяліся выйсьці на плошчу. На мясцовых сайтах пісалі, што гэта ўвогуле першая масавая акцыя пратэсту ў горадзе за часы незалежнасьці

Чаму ж людзі не задаволіліся прыпыненьнем дэкрэту? Адказ можна пачуць з онлайн-трансьляцыяў, якія ладзіла Свабода шмат у якіх гарадах. Пра дэкрэт № 3 на мітынгах і маршах згадваюць усё радзей. Людзі выходзяць на плошчы, каб агучыць іншыя важныя праблемы. На Гомельшчыне, Магілёўшчыне і Віцебшчыне працаздольныя мужчыны зьяжджаюць на заробкі ў Расею, бо ў іхніх гарадах проста не знайсьці працы, зь якой можна было б забясьпечыць сваю сям’ю. Мэдыцына ўжо даўно не бясплатная — шмат за якія паслугі даводзіцца плаціць. І пэнсіі ўжо ня тыя, якімі можна ганарыцца перад расейцамі ці ўкраінцамі, як калісьці.

Аднак у мясцовай прэсе пра гэта ані слова. Там тлумачаць «курс партыі» і разважаюць пра адарваныя ад жыцьця рэчы. А чыноўнікі прыходзяць на плошчы і прадстаўляюцца мінакамі, прапануючы мітынгоўцам адзін адказ: магло быць і горш. Яны кажуць, што, як і ў іншых краінах, у нас адбываецца эканамічны крызіс і з гэтым нічога ня зробіш. Людзей загаворваюць, але не абяцаюць вырашыць іхныя праблемы.

Ня маючы паразуменьня з уладамі, людзі выходзяць на плошчы. Проста каб іх нехта пачуў. Фактычна маршы недармаедаў ператвараюцца ў народныя сходы. Людзі прыходзяць, каб падзяліцца сваімі праблемамі ды пераказаць іх журналістам. Бо журналісты іх хаця б выслухоўваюць. Улады дагэтуль ня маюць адказу на пытаньні пра беспрацоўе, нізкія заробкі і пэнсіі, высокія кошты. Адзіны адказ, які ёсьць у прадстаўнікоў улады, — сказаць вуснамі міліцыянтаў, што ваш «мітынг несанкцыянаваны і незаконны».

Калі «Маршы недармаедаў» не ўдалося спыніць залагоджваньнем, улады зьвярнуліся да праверанага ўжо двума дзесяцігодзьдзямі мэтаду — запалохваньня. Усяго за тры дні пратэстаў — зь пятніцы па суботу — па ўсёй Беларусі затрымалі больш за паўсотні людзей. Міліцыя пачала «выкалупваць разынкі», як таго запатрабаваў прэзыдэнт. Сталі затрымліваць самых актыўных. Палітыкі, грамадзянскія актывісты, блогеры і проста людзі, якія трымаюць плякаты — міліцыя цяпер рэагуе на любую праяву актыўнасьці.

У Горадні за дзень да «Маршу недармаедаў» пасадзілі на суткі самых актыўных партыйцаў. Але ў цэнтры гораду сабралася ў дзесяць разоў болей людзей, чым мінулым разам. Замест 50 выйшлі 500

Але і гэтыя мэтады, як становіцца відавочна, таксама не працуюць. Нягледзячы на затрыманьні ў Маладэчне, у Воршы і Бабруйску выйшлі сотні людзей. Пасьля масавага хапуна ў Воршы, дзе затрымалі пад дваццаць чалавек, людзі выйшлі на акцыі пратэсту і ў Менску, і ў Горадні. У Менску ўчора на вуліцу выйшлі ў два разы болей людзей, чым на мінулым маршы. Гэта пры тым, што Анатоль Лябедзька, кіраўнік АГП і адзін з ініцыятараў акцыі, цяпер у СІЗА ў Маладэчне. Па ўсёй краіне ў ізалятарах яшчэ з тузін сяброў гэтай партыі.

У Горадні за дзень да «Маршу недармаедаў» пасадзілі на суткі самых актыўных партыйцаў. Але ў цэнтры гораду сабралася ў дзесяць разоў болей людзей, чым мінулым разам. Замест 50 выйшлі 500.

Чаму ўладам не ўдаецца запалохаць людзей, як гэта было ў 2006, 2010, 2011-м? Справа, відаць, у іншым фармаце пратэстаў. У мінулыя гады людзі выходзілі на плошчу, каб бараніць свае свабоды. Гэта было кола грамадзянскіх актывістаў і студэнтаў. А цяпер — галодныя бунты. Большасьць пратэстоўцаў упершыню ў сваім жыцьці выйшла на плошчу. Людзі паўтараюць: далей няма куды, краіне патрэбныя зьмены.

Раней яны не выходзілі, бо жылі прынцыпам «абы не было вайны», і «абы не было горш». Цяпер яны бачаць, што горш ужо ня можа быць. Шмат каму няма чаго губляць: за плячыма няма працы, якая раней стрымлівала ад пратэстаў. А затрыманьні палітыкаў, і асабліва блогераў, якія тлумачаць ім складаныя рэчы простымі словамі, яшчэ больш раздражняюць і вымушаюць выходзіць на плошчу.

Як я бачу, мы назіраем гістарычныя зьмены ў краіне, калі на мітынгі па ўсёй краіне выходзяць новыя людзі. З такой катэгорыяй пратэстоўцаў улада раней ня мела справы. І як паводзіць сябе зь імі, яна ня ведае.

Карбалевіч: Я згодны з тым, што прыпыненьне дэкрэту не спыніла масавыя акцыі, бо на самой справе гэты дэкрэт стаў толькі каталізатарам агульнага незадаволеньня ў грамадзтве, выкліканага сацыяльна-эканамічным крызісам, які існуе ў Беларусі ўжо больш за два гады.

Самае цікавае, калі казаць пра менскі «Марш недармаедаў», было такое пытаньне: ці будзе эфэкт сьнежнага камяка? Патлумачу чаму. 17 лютага ў цэнтры Менску ў несанкцыянаваным «Маршы раззлаваных беларусаў» узялі ўдзел каля 2–3 тыс. чалавек. Гэта была самая масавая акцыя пратэсту ў Беларусі з 19 сьнежня 2010 г. Гэта стала пачаткам, так бы мовіць, «Беларускай вясны». Потым эстафэту падхапілі рэгіёны. Шмат у якіх гарадах людзі выйшлі на вуліцы ўпершыню за многія гады. То бок пратэст набыў агульнанацыянальны размах.

Ці дасьць энэргія і натхненьне ад рэгіёнаў кумулятыўны палітычны эфэкт? Папярэдні адказ такі: хутчэй не

І вось акцыя ў Менску. Яна была анансаваная загадзя. Прычым дазволеная ўладамі. Паколькі менавіта сталіца — баромэтар сацыяльнага напружаньня і незадаволеньня, то акцыя 15 сакавіка павінна была паказаць: ці адбываецца нарастаньне пратэсту? Ці дасьць энэргія і натхненьне ад рэгіёнаў кумулятыўны палітычны эфэкт?

Папярэдні адказ такі: хутчэй не. Вось сп. Трафімовіч лічыць, што ўчора ў Менску выйшла на вуліцу ўдвая больш людзей, чым на папярэднюю акцыю. Але, па маіх ацэнках, колькасьць людзей на акцыі — да 3 тысяч — прыкладна такая самая, як і падчас маршу 17 лютага. Росту няма.

У гэтым сэнсе Менск значна адстае ад рэгіёнаў, калі параўноўваць колькасьць удзельнікаў акцыяў з колькасьцю насельніцтва.

У чым прычына такога разьвіцьця працэсу? Найперш, думаю, рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыяў даюць свой эфэкт. Рэжым вяртае краіну ў атмасфэру страху. Хоць, дарэчы, у рэгіёнах гэта не адчуваецца, а толькі ў Менску. Акрамя таго, сацыяльна-эканамічная сытуацыя, напружаньне ў рэгіёнах значна большае, чым у Менску. Улады зрабілі надзвычайныя захады, каб не дапусьціць на акцыю моладзь.

А вось у Магілёве і асабліва Горадні людзей выйшла шмат.

Але, як вядома, рэвалюцыі адбываюцца ў сталіцах, у рэгіёнах бываюць толькі бунты.

Глод: Я далучаюся да галоўнай тэзы маіх калегаў — пратэсты перарасьлі патрабаваньне жыхароў Беларусі спыніць і адмяніць прэзыдэнцкі дэкрэт. Як мы ўжо адзначалі ў іншых перадачах «Трайнога ўдару», незадаволенасьць людзей выйшла за межы дзеяньня дэкрэту. Можна казаць, што людзі пратэстуюць цяпер супраць дзьвюх рэчаў — цяжкога эканамічнага становішча наагул і адсутнасьці пэрспэктываў. А дэкрэт застаецца дзесьці ўбаку. Праблемы — у сацыяльнай напружанасьці, якая наўпрост зьвязаная з сацыяльна-эканамічным крызісам, у падзеньні рэальных заробкаў і адчувальным росьце цэнаў. Вось што выклікае энэргетыку пратэстаў.

Таму і маршы будуць працягвацца. Магчыма, яны застануцца пад старой назвай «Маршы недармаедаў», магчыма, зьявіцца нейкая новая назва.

Я падзяляю думку Валера Карбалевіча, што ад акцыі ў Менску чакалі большага. Бо і акцыя была заплянаваная. Аднак ня будзем забывацца, што сытуацыя ў Менску істотна адрозьніваецца ад сытуацыі ў рэгіёнах. Тут сярэдні заробак дзесьці набліжаецца да 500 даляраў. А ў рэгіёнах сытуацыя значна горшая. Таму там і пачалося істотнае варушэньне.

І другое. Улады правільна для сябе рашылі пазбавіць пратэсты лідэраў. За кратамі апынуліся Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі ды некаторыя іншыя вядомыя палітыкі. Мы думалі, што традыцыйная апазыцыя — ужо не касьцяк пратэстаў. Маўляў, асноўная маса пратэстоўцаў арыентуецца ўжо не на заклікі апазыцыі, а на дату пратэсту. Таму для людзей цяпер ня мае вялікага значэньня, хто канкрэтна кіруе акцыямі.

Але, на маю думку, адсутнасьць лідэраў уплывае на ход акцыі і на яе падрыхтаванасьць. Што і было выразна бачна ўчора ў Менску.

Улады правільна для сябе рашылі пазбавіць пратэсты лідэраў. За кратамі апынуліся Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі ды некаторыя іншыя вядомыя палітыкі. Мы думалі, што традыцыйная апазыцыя — ужо не касьцяк пратэстаў.

Арышт лідэраў — гэта толькі адзін кірунак у дзейнасьці ўладных структураў, скіраванай на зьніжэньне пратэстнай хвалі. Пасьля некаторага зацішша ўлады вярнуліся да старых мэтадаў: спрабуюць адрэзаць пратэстоўцаў ад традыцыйнай апазыцыі і палітычнага актыву, істотна зьменшыць інфармацыйнае забесьпячэньне, пра што сьведчыць перасьледаваньне нашых калегаў. Як і раней, у вышэйшых навучальных установах студэнтаў папярэджваюць, каб яны не далучаліся да акцыяў пратэсту. Карацей, улады ўзмацняюць ціск па месцы вучобы і працы, спрабуючы апярэдзіць выхад людзей на вуліцу.

Аднак зьявілася і новая форма гашэньня пратэсту. Улады спрабуюць выбудаваць бачнасьць дыялёгу з пратэстоўцамі. Чыноўнікі пачалі выходзіць да ўдзельнікаў акцыяў. Бачна, што ўлады ўсяляк спрабуюць зьнізіць ровень канфрантацыі зь людзьмі, якія выходзяць на пратэсты.

Але, мне падаецца, без кардынальных зьменаў сацыяльная напружанасьць захаваецца. Таму мой прагноз такі — пратэсты пойдуць на спад. Але калі сытуацыя ня зьменіцца, гэта ня значыць, што ўвосень яны ня ўспыхнуць зноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG