Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі актывіст патрабуе вызваліць затрыманых у Маладэчне ФОТА


Баранавіцкі актывіст Партыі БНФ Мікола Чарнавус-старэйшы зладзіў пікет з патрабаваньнем вызваленьня затрыманых апазыцыйных лідэраў.

На плякаце, зь якім Чарнавус стаяў у Маладым парку Баранавічаў, было напісана «Свабоду ўсім затрыманым у Маладэчне».



«Улада вырашыла лідэраў апазыцыі перасаджаць, каб на плошчу народ не пайшоў. Але яны пралічыліся, народ пайшоў бязь лідэраў і нядрэнна выступае. Таму я і выйшаў зь плякатам на знак салідарнасьці ды каб іх выпусьцілі на свабоду», — апавёў Мікола Чарнавус.

Чарнавуса ўжо чакае суд за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі. Актывіст ня ведае, якой канкрэтна, але позва зьявіцца ў суд яму прыйшла на 15 сакавіка а 14.30, якраз у той дзень, калі ў Менску будзе адбывацца «Марш недармаедаў».

11 сакавіка, кажа апазыцыянэр, каля яго хаты дзяжурыла машына ДАІ:

«Відаць, хацелі не дапусьціць, каб у Пінск паехалі на „Марш недармаедаў“. Але дарма яны стаялі, мне якраз на працу трэба было».

У астатнім, кажа спадар Чарнавус, у Баранавічах «пакуль спакойна, пра затрыманьні апазыцыянэраў невядома».

Стала вядома пра чарговыя затрыманьні ў Берасьці — у пастарунку знаходзяцца мясцовыя блогеры Сяргей Пятрухін і Дзьмітры Гарбуноў.

Таксама невядомыя людзі ў цывільным прыйшлі сёньня дахаты да Паўла Кінчака, удзельніка першага «Маршу недармаедаў» у Берасьці, які адбываўся 19 лютага. Як распавёў Павал, яму прапанавалі прайсьці ў Маскоўскі РАУС Берасьця. Спадар Кінчак адмовіўся, запатрабаваў, каб яго выклікалі позвай, і зачыніўся дома.

У Кобрыні быў затрыманы і пазьней вызвалены вядомы ў рэгіёне грамадзкі актывіст Аляксандар Мех.

Напярэдадні маршаў «Мы не дармаеды» затрымалі больш за 20 чалавек, у тым ліку старшыню АГП Анатоля Лябедзьку, старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага (ім прысудзілі па 15 сутак) і лідэрку Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову (7 сутак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG