Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да затрыманых у Маладэчне прыехала дэпутатка Канапацкая. Са зламанай нагой. Відэа


Дэпутатка Ганна Канапацкая ля Маладэчанскай міліцыі

У Маладзечанскім РУУС знаходзяцца затрыманыя падчас «Маршу недармаедаў» 10 сакавіка, у тым ліку Губарэвіч, Кавалькова, Лябедзька і Рымашэўскі.

Абноўлена, 1:50: Ганна Канапацкая, Анатоль Лябедзька і Антаніна Кавалёва пакінулі будынак РУУС каля 1.40 ночы. Яны зьбіраюцца ехаць дамоў, а заўтра, магчыма, прыедуць у Маладэчна зноў.

Канапацкая паведаміла, што сказаў ёй апэратыўны дзяжурны: адносна затрыманых вядзецца адміністрацыйны працэс, нібыта затрыманыя адчуваюць сябе нармальна, накормленыя, знаходзяцца цяпер у будынку РУУС, а калі будуць суды – яму невядома, «гэта вырашае сам суд».

Абноўлена, 1.25: Актывісту БХД Раману Ганчарову прысудзілі 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра яго распавёў чалавек, які заявіў, што сядзеў зь ім у камэры. Ганчарова затрымалі яшчэ раніцай 10 сакавіка, пасьпелі судзіць да мітынгу. Пра іншых затрыманых гэты чалавек ня ведае. У Маладэчна ізалятар знаходзіцца ў будынку РУУС.

Да Маладзечанскага РУУС прыехалі дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая, жонка Анатоля Лябедзькі Сьвятлана і намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва. Іх прапусьцілі ў памяшканьне, яны размаўлялі праз краты з актывісткай Вольгай Кавальковай. Пасьля таго, як яна ўзяла перададзеную бутэльку вады, Кавалькову адвялі з вэстыбюлю ў калідор.

Павал Севярынец прынёс ў пастарунак прадукты і ваду для затрыманых. У яго нічога не прынялі, ў тым ліку ваду. Журналістам і блогерам, якія чакаюць вынікаў каля Маладзечанскага РУУС, мясцовы неабыякавы жыхар прынёс каву і бутэрброды.

Тым часам Юрась Губарэвіч напісаў у Facebook, што яго затрымалі да суду.

Па калідоры РУУС праводзілі затрыманага Алеся Абрамовіча. Ён распавёў, што дагэтуль сядзеў у «стакане» (вузкая камэра, у якой можна толькі стаяць ці сядзець) разам з Рымашэўскім. Абрамовіч дадаў, што яго завязуць дамоў, бо ён інвалід, але заўтра ў 9.00 ён мусіць быць у РУУС. Севярынец мяркуе, што суды будуць ужо заўтра.

А 1-й гадзіне ночы прыехалі актывістка БХД Марына Хоміч з сяброўкай, таксама пайшлі пісаць заявы пра парушэньні міліцыянтаў падчас затрыманьня іх паплечнікаў.

«Тварам у падлогу, накінуўшы капюшоны на галаву», — Губарэвіч, Кавалькова, Лябедзька, Рымашэўскі ды іншыя затрыманыя ў Маладэчне

Канапацкая патрабуе, каб затрыманых вызвалілі: паколькі на іх былі складзеныя пратаколы, і патрэбы ў іх знаходжаньні ў пастарунку цяпер няма.

На ганку РУУС яна распавяла пра вынікі размовы з міліцыянтамі. Паводле яе, «пра вызваленьне нічога пэўнага ня кажуць».

«Кажуць, што з затрыманымі ідзе высьвятленьне абставін правапарушэньня, якое ім прыпісваюць, — патлумачыла Канапацкая. — Я напісала заяву, каб адшукалі і затрымалі асобаў, якія незаконна затрымлівалі Анатоля Лябедзьку ды іншых, ёсьць доказы, што гэта рабілася з парушэньнямі. Патрабавала іх затрымаць. Адказалі, што мая заява будзе разгледжаная».

Нагадала міліцыянтам пра словы Лукашэнкі, сказаныя ўчора, што грамадзяне Беларусі маюць права выказваць свае погляды публічна
Ганна Канапацкая

На пытанье Свабоды, як міліцыянты адрэагавалі на дэпутацкае пасьведчаньне, Ганна Канапацкая адказала: «Ніяк, гэта для мяне не ўпершыню, такое стаўленьне да заканадаўчай улады. Нагадала міліцыянтам пра словы Лукашэнкі, сказаныя ўчора, што грамадзяне Беларусі маюць права выказваць свае погляды публічна».

А 1-й гадзіне ночы Канапацкая зноў выходзіла на ганак:

«Сказалі толькі, што адносна затрыманых вядзецца адміністрацыйны працэс. Гэта ўсе, што вядома».

​Дэпутатка ходзіць на мыліцах, бо нядаўна зламала нагу. Яна і ейныя памочнікі вялі жывую трансьляцыю праз Facebook.

Сьвятлана Лябедзька не змагла згадаць выпадак з затрыманьняў свайго мужа, калі б яго судзілі ў выходны дзень, але дапускае і такое. Яна намераная паехаць у Маладэчна заўтра.

Антаніна Кавалёва згадала словы Вольгі Кавальковай, што тут суд магчымы і ў 12 ночы:

«Паўплываць на гэта мы ня можам. Адказныя міліцыянты паводзяць сябе па-хамску, інфармацыю даюць толькі па крупінах. Нашыя заявы аб фактычным выкраданьні людзей у нас прынялі, але мы ня ўбачылі жаданьня працаваць па гэтых заявах».

Тое, што адбывалася сёньня ў Маладэчна, яна назвала беззаконьнем.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG