Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самае галоўнае пра «Марш недармаедаў» у Маладэчне


10 сакавіка каля тысячы чалавек узялі ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Маладэчне. Удзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю і прайшліся да будынку мясцовай падатковай інспэкцыі.

Міліцыя не перашкаджала праводзіць марш, аднак пасьля яго былі жорстка затрыманыя людзьмі ў цывільным лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, лідэрка Хрысьціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, а таксама Сяргей Каралевіч, журналіст БелаПАН.

Затрыманыя таксама мясцовыя ўдзельнікі акцыі. 21-гадовы беспрацоўны Ільля Бондар, якога выпусьцілі з пастарунку пасьля складаньня пратаколу, сказаў, што яго затрымалі разам з двума сябрамі. Іх міліцыянты выхапілі з таксоўкі, нацягнулі шапкі на галаву, пабілі і прывезьлі ў пастарунак. Паводле Бондара, затрыманыя яшчэ пяцёра мясцовых удзельнікаў акцыі, сярод якіх Алесь Абрамовіч.

Акцыя пачалася на цэнтральнай плошчы, дзе выступілі Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі і іншыя ўдзельнікі маршу.

Пасьля выступаў прынялі рэзалюцыю з шэрагам патрабаваньняў. Галоўныя зь іх — адмена дэкрэту № 3, зьмена эканамічнага курсу і правядзеньне справядлівых выбараў. У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што калі ўлады ня выканаюць гэтыя патрабаваньні, то людзі выступяць за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і ягонага ўраду.

Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў кіраўнік мясцовай вэртыкалі, які сказаў, што акцыя незаконная, і запрасіў прадстаўнікоў пратэстоўцаў да сябе ў райвыканкам, дзе іх прымуць дэпутаты і работнікі выканкаму. Людзі пайсьці адмовіліся і скандавалі «Ганьба!». Яны папрасілі чыноўніка выключыць на плошчы радыётрансьляцыю, якая перашкаджае выступоўцам.

Затым удзельнікі акцыі прайшлі да будынку падатковай інспэкцыі і прымацавалі тэкст рэзалюцыі мітынгу да дзьвярэй.

Падчас акцыі гучалі традыцыйныя для такіх маршаў лёзунгі: «Не — дэкрэту № 3», «Лукашэнка, сыходзь!», «Баста!», «Жыве Беларусь!». Адзін з удзельнікаў акцыі трымаў плякат «Галоўны дармаед — у Драздах».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG