Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід з Парычаў за рэпост залічаны ў экстрэмісты


Паромная пераправа ў Парычах.
Паромная пераправа ў Парычах.

Інвалід першай групы Аляксандар Рабец зь мястэчка Парычы Сьветлагорскага раёну пазбавілі мабільнага тэлефону, падключанага да інтэрнэту.

Тэлефон 8 сакавіка забраў участковы міліцыянт за рэпост відэасюжэту суполкі «Укантакце» пад назовам «Рэвалюцыйнае дзеяньне».

Відэа адлюстроўвала акцыю анархістаў у Гомелі: яны вывешвалі плякаты на выездах з гораду з надпісамі: «У новы год з новымі падаткамі», «Падаткі. Беспрацоўе. Павышэньне коштаў. З Новым Годам». Аказваецца, анархісцкая суполка і паведамленьні ў ёй занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і заблякаваныя для доступу ў Беларусі.

«Быў у мяне ўчастковы, сказаў, што з крымінальнага вышуку зь Менску паступіла каманда скласьці на мяне адміністрацыйны пратакол за распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ну, што я буду рабіць? Складайце. Адкуль я ведаў, хто каго і калі запісаў у экстрэмісты. Я ж не ўзламаў нейкі закрыты сайт. І хоць было гэта ў студзені, я не адмаўляўся, падпісаў пратакол з пазнакаю «згодны», — распавёў Рабец.

Аляксандару — 49 гадоў, большую частку зь іх ён правёў у ложку. Да 1991 году хлопец працаваў калгасным кіроўцам, але патрапіў у аварыю. Ад таго й інваліднасьць. Мабільны тэлефон быў заўсёды з інвалідам як сродак зносін зь белым сьветам.

Участковы папярэдзіў Рабца, што пратакол перадасьць у суд. А там штраф ад 230 да 1150 рублёў. Цяпер Аляксандар бядуе, як будзе сплачваць буйны штраф, жывучы на дапамогу дзяржавы па інваліднасьці.

«Мяне, напэўна, у суд і выклікаць ня будуць, бо я ж напісаў, што згодны з пратаколам», — кажа інвалід, які неспадзявана для яго залічаны ў распаўсюднікі экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG