Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гадоў беларускай міліцыі: сьвята беларускае ці савецкае


Сьвята стварэньня міліцыі або гадавіна разгрому паліцыі? Ці варта сьвяткаваць сьвяты, зьвязаныя з імпэрскім або савецкім пэрыядам гісторыі Беларусі? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Карбалевіч: 4 сакавіка Беларусь урачыста адзначыла 100-годзьдзе беларускай міліцыі. Сьвяткавалі некалькі дзён, пампэзна, з парадам, некалькі вечароў перакрывалі рух на галоўным праспэкце сталіцы для рэпэтыцыі. Сваё нараджэньне міліцыя адлічвае з падзеяў у Менску 4 сакавіка 1917 году, калі пасьля атрыманьня інфармацыі аб адрачэньні ад пасаду цара Мікалая II група людзей захапіла будынак паліцыі, а бальшавік Міхаіл Фрунзэ быў прызначаны часовым кіраўніком міліцыі. Праўда, насамрэч з улікам пераходу на новы стыль 100 гадоў спаўняецца 17 сакавіка. Трохі пераблыталі, памыліліся на два тыдні.

Больш цікава іншае. Урачыстае сьвяткаваньне гэтага юбілею дазваляе яшчэ раз зьвярнуць увагу на дзіўны фэномэн. Беларускае грамадзтва і дзяржава адлічваюць сваю гісторыю з 1917 году. Нікому не прыходзіць у галаву простае пытаньне: а да 1917 году тут не існавала органаў аховы парадку? Хай і называліся яны па-іншаму.

Варта адзначыць, што ў савецкія часы Дзень міліцыі адзначаўся 10 лістапада. У Расеі і сёньня яго адзначаюць у гэты дзень. Гэтую самую дату ў 1990-я гады адзначалі і ў Беларусі. Але ў 1998 годзе ў беларускай міліцыі зьявілася новая дата народзінаў — 4 сакавіка 1917 году. Хоць яшчэ і не адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, не пачалася савецкая эпоха, якой так трымаецца цяперашні беларускі рэжым, аднак міліцыю ў сакавіку 1917-га ўзначаліў бальшавік Фрунзэ.

Нядаўна ў «Трайным удары» мы абмяркоўвалі пытаньне, чаму ў Беларусі 23 лютага афіцыйна адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Гэтае сьвята засталося ад СССР, лічыцца, што ў гэты дзень у 1918 годзе нарадзілася Чырвоная армія. І да Беларусі гэта ня мае ніякага дачыненьня.

Зноў жа ўзьнікае пытаньне: а да 1918 году ў беларусаў не было свайго войска, яны ні з кім не ваявалі, не атрымлівалі перамогі? Трэба меркаваць, што ў наступным годзе Беларусь будзе афіцыйна адзначаць 100-годзьдзе ўзьнікненьня беларускага войска. Чаму не? Вось жа адзначаюць Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня.

Нагадаю, што ўсе афіцыйныя беларускія сьвяты — савецкія: Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Першае мая, Восьмае сакавіка. А яшчэ адзначаюцца Дзень памежніка, Дзень Паветрана-дэсантных войск (гэта калі п’яныя дэсантнікі купаюцца ў фантанах) і інш.

Цікавае і вельмі сымбалічнае супадзеньне. 3 сакавіка споўнілася 950 гадоў Менску. Гісторыя гораду адлічваецца ад першага летапіснага згадваньня пра яго. 3 сакавіка 1067 году ў часе бітвы на Нямізе каля Менску кіеўскія князі перамаглі полацкага князя. Нешматлікія гарады ў сьвеце могуць пахваліцца такой старажытнай гісторыяй. Але замест усенароднага сьвяткаваньня 950-годзьдзя сваёй сталіцы, улады ўрачыста адзначылі прыдуманую дату — стагодзьдзе беларускай міліцыі.

Улады амаль пераканалі народ, што да 1917 году тут, на гэтай тэрыторыі, ніхто ня жыў. Ці то гэта была ненаселеная зямля, ці то людзі, якія тут жылі, не пакінулі па сабе ніякіх сьлядоў — ні помнікаў, ні нашчадкаў. Цяжка яшчэ знайсьці ў сьвеце народ з такой скалечанай гістарычнай памяцьцю, як беларусы.

Улады амаль пераканалі народ, што да 1917 году тут, на гэтай тэрыторыі, ніхто ня жыў.

Ну а чаму так урачыста сьвяткуецца дзень міліцыі? Адказ даў Лукашэнка падчас выступу на ўрачыстасьцях. Бо міліцыя — галоўная перашкода на шляху дэстабілізацыі, то бок, у перакладзе з палітычнай на нармальную мову, галоўная абарона ўлады ад народнага незадаволеньня.

Дракахруст: Сапраўды, вельмі шмат у Беларусі сьвятаў, зьвязаных з савецкай эпохай, матываваных савецкай эпохай. У дадзеным выпадку гэта сьвята дастаткова сьвежае: яно зьявілася літаральна некалькі гадоў таму. Але па сваёй сутнасьці яно супярэчнае ўнутры сябе.

Вось гэтая фраза Лукашэнкі, што міліцыя — гэта галоўная перашкода на шляху дэстабілізацыі — дык адзначаецца цяпер стагодзьдзе адной з самых велізарных у гісторыі Беларусі дэстабілізацыяў. 100 гадоў таму нейкія грамадзкія актывісты, рэвалюцыянэры грамілі аддзелы паліцыі, выганялі гэтых гарадавых, стралялі іх і займалі іх месца. Ці можна ўявіць большую дэстабілізацыю? Гэта поўны абсурд.

Яшчэ 23 лютага сьвяткаваць або не — дык было зьяўленьне новай арміі на месцы той, якой ужо не было. Але ў дадзеным выпадку да таго была паліцыя. І фактычна вось гэтае сьвята, стагодзьдзе міліцыі — гэта сьвята пагрому рэвалюцыянэрамі паліцыі. Але што тычыцца гэтых савецкіх сьвятаў, яны вельмі часта пераасэнсоўваюцца грамадзтвам, ім надаецца іншы зьмест, і грамадзтва як бы адбірае, што яму падыходзіць, а што не. Вось, скажам, сьвята 7 лістапада. Мы з вамі як людзі ня вельмі маладыя памятаем, як у савецкія часы гэта было галоўнае сьвята. Было і сплыло, і зьнікла, і хоць у беларускім дзяржаўным календары яно застаецца, яго ніхто не сьвяткуе, акрамя купкі камуністаў. Вось адзін лёс. А вось іншы лёс — 1 студзеня, Новы Год. Гэта прыдуманае камуністамі сьвята. Прыдуманае для таго, каб нэўтралізаваць Каляды. Але сьвята засталося. Дазволілі Каляды, калі ласка, сьвяткуйце, але ўсё ж галоўнае цяперашняе сьвята беларусаў — Новы Год. Яно ўжо ніяк не зьвязанае з камуністамі, але гэта важнае сьвята.

Стагодзьдзе міліцыі — гэта сьвята пагрому рэвалюцыянэрамі паліцыі.

У пэўным сэнсе тое самае адбылося і з 23 лютага, і асабліва з 8 сакавіка. Так, гэта былі прыдуманыя сьвяты, але яны ўжо маюць зусім іншы сэнс. 8 сакавіка — гэта проста сьвята жанчын, у якім няма ніякай салідарнасьці пралетарак ці нават жаночай роўнасьці. Хоць варта сказаць, гэтыя сьвяты не настолькі абсурдныя, як сьвяткаваньне стагодзьдзя сілаў правапарадку ў дзень фактычна рэвалюцыйнага перавароту ў Менску.

Цыганкоў: Дзень беларускай міліцыі выклікаў вялікія дыскусіі ў сацыяльных сетках. Напрыклад, вядомы мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч некалькі допісаў пра гэта пісаў, пераважна з абурэньнем наконт таго, як можна адзначаць дзень беларускай міліцыі з 2017 году, калі беларускай дзяржаве 26-27 гадоў, як ён піша.

І, маўляў, пакуль беларуская міліцыя ня будзе сьвяткаваць пачатак свайго існаваньня з 1991 году, парадак у нашай краіне будуць падтрымліваць органы нейкай іншай неіснуючай краіны. Вось такое меркаваньне.

Я думаю, яно сапраўды ставіць філязофскае пытаньне наконт розных сьвятаў. Два падыходы: альбо сьвяткаваць усе такія прафэсійныя сьвяты, пачынаючы з 1991 году, калі Беларусь набыла незалежнасьць, альбо ўжо шукаць пэўныя даты ў гісторыі, адпаведныя прафэсіям.

Выходзіць, што ў Беларусі ні да 1991-га, ні да 1917-га году нічога не было.

Сёньняшняя ўлада не прыняла 1991 год, і значнай часткай грамадзтва такі падыход таксама ня быў бы прыняты. Выходзіць, што ў Беларусі ні да 1991-га, ні да 1917-га году нічога не было. Вось мы будзем адзначаць 500 гадоў беларускай кнізе, альбо 500 гадоў Рэфармацыі ў Беларусі. Што ж, атрымліваецца гэта не беларускія сьвяты, паколькі не было яшчэ незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1517 годзе? Калі ж шукаць даты ў гісторыі, то вельмі нямногія зь іх прыпадуць на пэрыяд ВКЛ, а значная частка будзе прыпадаць на пэрыяд савецкі альбо царскі. Ну сапраўды, калі зварылі першае беларускае піва ці калі зьявілася першая беларуская пажарная служба? У царскі пэрыяд. Калі зьявіліся дэсантнікі? У савецкі пэрыяд. Гэта былі савецкія дэсантнікі. Ясна, што гэта ня ўсім будзе падабацца.

Калі прымаць такі падыход, што штосьці было да 1991 году, то любое сьвята — гістарычнае, прафэсійнае — будзе выклікаць незадавальненьне многіх людзей, паколькі ў нейкіх гістарычных абставінах яно было ўтворанае. І часам гэта абставіны — альбо царская імпэрыялістычная Расея альбо таталітарны Савецкі Саюз. Але ў дадзеным выпадку гэтую гісторыю не закрэсьліш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG