Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць фільм творчай групы «Навінкі» пад назвай «Гуд бай, Бацька!». Сюжэт такі: галоўны герой мусіць выкручвацца, на хаду прыдумляць тлумачэньні новай зьяве — Беларусі, якая стала свабоднай, над якой лунае Б-Ч-Б.

«Гуд бай, Бацька!» — пародыя на знакаміты нямецкі фільм «Гуд бай, Ленін!», дзе адданая камуністка заснула летаргічным сном у савецкі час, а прачнулася ў аб'яднанай Нямеччыне. Лекары строга папярэдзілі, што кожнае эмацыйнае ўзрушэньне можа прывесьці да непапраўных страт для здароўя. Дзеці галоўнай гераіні ўсяляк намагаюцца імітаваць вакол сваёй маці савецкія рэаліі.

Так і ў «Гуд бай, Бацька!». Удзельнік аднаго з Усебеларускіх нацыянальных сходаў губляе на пэўны час розум ад шчасьця, калі яму паціскае руку сам Лукашэнка. Калі пэрсанаж фільма ачуньвае пасьля хваробы, доктар забараняе эмацыйныя перапады. Але пэрсанаж раптам бачыць у акне, як рабочыя разгортваюць вялікі — на ўвесь тарэц дому — Б-Ч-Б.

«Э… Юбілей Грунвальдзкай бітвы, — на хаду прыдумляюць калегі на рабоце, якія прыйшлі ў адведкі. — Прэзідзент сказаў, што нада... Саўмесна з губэрнатарам Смаленскай обласьці... Флаг Пабеды!.. Пабеды над натаўскімі крэстаносцамі!».

У прыдуманых галоўным героем — сынам хворага — навінах Лукашэнка адмысловым указам зрабіў Б-Ч-Б «сьцягам Перамогі».

Хоць кардынальныя зьмены ў Беларусі ўсё яшчэ не адбыліся, падабенства з фільмам «Гуд бай, Бацька!» відавочнае. Найперш пасьля заявы Лукашэнкі пра неабходнасьць «здаровага нацыяналізму»: «Трэба прапісаць і ўкараніць у розумы нашых людзей праўду. Тут калі і ёсьць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм здаровы».

Можна і варта выказваць сумнеў у тым, ці будзе практычны працяг словаў Лукашэнкі. Ці будзе перагледжанае ня толькі стаўленьне да зьместу школьных падручнікаў, але і да месца ў грамадзкім жыцьці беларускай нацыянальнай сымболікі і беларускай мовы.

Але ёсьць факт — Лукашэнка пахваліў нацыяналізм як такі. Магчыма, для новай генэрацыі нацыяналізм — гэта проста патрыятызм на практыцы. Але большасьць грамадзян Беларусі сканчала школу яшчэ ў СССР. А ў савецкім тлумачэньні слова «нацыяналізм» раўнялася ледзь не «нацызму» і дакладна было ідэнтычным па эмацыйным напаўненьні слову «фашызм».

У СССР шмат які словы перакручваліся. Цяжка паверыць, але нават «пацыфізм» быў сынонімам «фашызму». Штосьці з савецкіх паняцьцяў-перавёртышаў зьнікла і забылася, але адмоўнае значэньне «нацыяналізму» перакачавала ў нашы дні разам з падфарбаванай псэўдасавецкай рыторыкай дзяржаўнай ідэалёгіяй.

І вось мы бачым з аднаго боку Міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, які называе беларускі антысавецкі супраціў «адшчапенцамі рознага кшталту», і выхваляецца міліцэйскай формай позьнесталінскага пэрыяду, калі РКМ («рабоче-крестьянская милиция») была ў сыстэме НКВД/МГБ. А зь іншага — «здаровага нацыяналіста» Лукашэнку.

Слова не верабей, цяпер Шуневіча можна выклікаць на дыскусію пра здаровасьць ці нездаровасьць той ці іншай праявы нацыяналізму. Таго самага слова, ад якога ў Шуневіча мусіць закіпаць кроў у жылах ад нянавісьці.

Больш за тое, цяпер Ігару Шуневічу трэба маральна рыхтавацца разганяць тых самых «рабоча-крэсьцянскіх» людзей, якія ўсё больш абураюцца сваім эканамічным становішчам. І абураюцца пэрсанальна Лукашэнкам, за якім пайшлі як дзеці за бацькам, цалкам давяраючы свой уласны лёс, аддаўшы права прымаць за сябе рашэньні ў абмен на абяцаньне дабрабыту.

Лукашэнка для сваіх «дзяцей» больш не «бацька». Негалосны сацыяльны кантракт парушаны — «вы ня лезеце ў палітыку, я даю вам стабільнае існаваньне». «Дзеці» прымусова робяцца самастойнымі, хоць адвыклі, а некаторыя і не прызвычайваліся ніколі, ад такога стану рэчаў.

Прычым, кантракт датычыў ня толькі «рабочэ-крэсьцьянскіх» людзей, а ўсіх, хто зьвязаў сваю прафэсійную кар'еру зь дзяржавай. І міліцыю ў тым ліку.

Хто рабіў стаўку на дзяржаву, чытай — на Лукашэнку, — фактычна прайгралі.

Цяпер Лукашэнка ня бацька, а бос. Начальнік карпарацыі «Дзяржава». Ня ўсе яшчэ разумеюць, што апынуліся ў новых умовах. Ва ўмовах, калі трэба адстойваць свае інтарэсы перад «наймальнікам». А найперш — вяртаць сабе долю ў «Дзяржаве».

Але разуменьне прыходзіць з досьведам. Галоўнае не пратэставаць супраць абстрактнай несправядлівасьці, а дакладна ўяўляць, як карпарацыю «Дзяржава» ператварыць назад ў дзяржаву.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG