Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канец «беларускай мары» ў карпарацыі «Дзяржава»


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Чаму дваццаць гадоў тэма падаткаў у Беларусі асабліва не гучала, а цяпер другі год тарпэдуецца? На тое падатак, на тое, на тое штраф, на тое. «Скончыліся расейскія грошы»? Але ж грошы былі і іншыя.

Злавіў сябе на тым, што ў размовах з жыхарамі суседніх краінаў упіраюся ў нябачную сьцяну непаразуменьня. Як толькі спрабую патлумачыць, што адбываецца ў Беларусі. Пры тым, што, здаецца, расейская і ўкраінская дзяржаўная ўлада па прыродзе сваёй блізкія беларускай, а палякі, латышы і літоўцы добра памятаюць, як яно ўсё было сыстэмна ўладкаванае ў СССР. Насамрэч падабенства з усім савецкім толькі вонкавае, эстэтычнае: «аліўе», «іван васілевіч меняе прафесію», «васьмое марта». Дэ-факта схемы ў постсавецкіх сыстэмах відавочна адрозныя.

Калі спрошчана тлумачыць суседу, на пачатку прэзыдэнцкай Беларусі схема была такая. Стварылася карпарацыя «Дзяржава», якая сама сабе зарабляла. Шмат у чым за кошт Расеі. Узялі тавар за ўмоўныя 50, прадалі на зьнешнім рынку па 100. Рынкавыя адносіны былі зьнешнімі. Унутры «Дзяржава» «клапацілася пра народ» – імкнулася да стопрацэнтнага кантролю ў эканоміцы.

Задача была, каб максымальная колькасьць грамадзян залежала ад дзяржавы. А «Дзяржава» сама вызначала, колькі каму плаціць, з каго які падатак і на што ўтрымліваць. Самастойныя падаткаплатнікі ў схеме былі непатрэбнымі. Хіба што афіляваныя зь «Дзяржавай» больш-менш буйныя бізнэсы. Падкантрольныя і зь мінімальнай колькасьцю гульцоў.

Тое, што ў Расеі скончыцца магчымасьць «брацкай дапамогі», у схеме «Дзяржавы» не было прадугледжана. І вось у 2014 пачало ўсё распаўзацца. А да таго часу «Дзяржава» набрала сабе процьму начальнікаў і кантралёраў, сэнс якіх быў у функцыі пастухоў пры статку.

«Пастухі» ўяўлялі сабе сучасную беларускую мару, тое, што звалася «выбіцца ў людзі». Ідэалёгія якой заўгодна карпарацыі – расьці ўнутры сыстэмы, падвышацца ў сваіх аддзелах, а ўсе разам – працаваць на стабільнае разьвіцьцё карпарацыі.

Tatsiana Kalinouskaya піша пра ацэнку нямецкімі бізнэсоўцамі дзелавога клімату ў Беларусі. Высока адзначаецца недзяржаўны сэктар і вельмі нізка – дзяржаўны, і рэзюмуецца:

– Дзяржава мусіць задумацца, навошта яна беларусам.

Мой адказ просты. Унутры карпарацыі работнік думае пра ацэнку начальствам уласнай працы, а не, напрыклад, нямецкімі бізнэсоўцамі ці сваім народам.

Умовы зьмяніліся, схема працягвае працаваць. Думаю, кожны чытач можа назваць не адно новаўвядзеньне апошніх двух гадоў, зьвязанае з выбіваньнем з грамадзян грошай. Самы яскравы прыклад – «закон пра дармаедаў». Замест таго, каб рэфармаваць само зьбіраньне падаткаў. Паўводзіць страхавыя полісы і даць людзям магчымасьць самім зарабляць за кошт зьменаў эканамічнай палітыкі ўнутры краіны.

Падобныя рэформы ня толькі пагражаюць палітычнай нестабільнасьцю галаве карпарацыі «Дзяржава». Яны робяць непатрэбнымі і тую колькасьць «пастухоў», бессэнсоўнасьць іхнага існаваньня, якое таксама аплачваецца з падаткаў. Рэформы пагражаюць «беларускай мары».

Доўга многімі было прынята меркаваць, што вось ёсьць узурпатар улады, а вось простыя людзі, якія не разумеюць, што іх падманваюць. На сёньня сытуацыя выглядае так, што рэформы трэба было пачынаць учора, бо колькі ні прыдумляй кантрольна-карныя мэтады, грошай у людзей ад гэтага болей ня стане. А значыць, ня будзе як карміць армію «пастухоў».

Але ўдарыць па «пастухах» – ударыць па самай адданай частцы электарату. Па тых, хто не ахвяры прапаганды, а маюць вельмі канкрэтны матэрыяльны інтарэс. Дадайце сюды тых, хто марыць прыстроіць у «Дзяржаву» дзяцей і ўнукаў.

Уявіце сабе, што заўтра адбыліся кардынальныя зьмены. Напрыклад, мясцовая ўлада – выбарная. І ўсе гадамі напрацаваныя кумаўскія сувязі ад сельсаветаў да рай- і аблвыканкамаў робяцца бессэнсоўнымі. Жыцьцёвыя мары тысяч і тысяч ідуць кату пад хвост. Разам з работнікамі газэт-«раёнак» і начальствам буйных і малых дзяржаўных прадпрыемстваў, якія прыватызуюцца.

Гэта тае, што на паверхні. Дадамо сюды розныя «крышаваньні» рознымі структурамі розных бізнэсаў, пра якія мы можам толькі здагадвацца, чытаючы пра рэгулярныя карупцыйныя скандалы.

Цікава было б пачытаць прафэсійны агляд эканаміста: які патэнцыял вытрасаньня грошай, якія «несазнацельныя граждане» трымаюць пад матрацамі? Якія дзіры ў бюджэце можна запхнуць тымі грашыма? І як надоўга?

Карпарацыя «Дзяржава» распаўзаецца. Сам факт, што яна зьявілася – гэта сацыяльнае зло. Гэта і разбэшчваньне грамадзянскай сьвядомасьці, і проста скрадзены час для разьвіцьця дзяржавы. Дзяржавы ў звычайным энцыкляпэдычным сэнсе.

har Melnikau рэагуе на інфармацыю пра тое, што даляравы валавы ўнутраны прадукт Расеі рухнуў на 35%:

– «Вось і добра».

Леонид Фридкин:

– «Шо тут добрага? Они ж и наш ВВП за собой на 27,5% утянули».

Ihar Melnikau:

– «Можа людзі пачнуць разумець. Да іх жа дагрукацца вельмі цяжка».

Як па мне, – разумець тое, што «як было» ўжо ня будзе. Ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў «беларускай мары». Усё будзе новым. Але «пастухі» карпарацыі «Дзяржава» будуць трымацца да канца. Яны ж нічога іншага ня ўмеюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG