Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінчука, якога выклікалі ў пракуратуру «з БССР», папярэдзілі, каб не рэклямаваў «Марш недармаедаў»


Позва пінчуку Дзьмітрыю Сергіевічу на блянку часоў БССР

Пінскі актывіст Дзьмітры Сергіевіч атрымаў 4 сакавіка позву ў пракуратуру на блянку часоў БССР. Як ён сказаў Свабодзе, позву яму прынесьлі дамоў два супрацоўнікі міліцыі. Ён разважаў, ці варта ісьці, калі яго выклікаюць дакумэнтам краіны, якой ужо не існуе, але вырашыў схадзіць у пракуратуру.

Пракурор Людміла Супрун у гутарцы зь Сергіевічам спаслаўся ўжо не на законы БССР, а на законы Беларусі. На старонцы Сергіевіча «ЎКантакце» знайшлі выяву з анонсам «Маршу недармаедаў», дзе былі пазначаныя меркаваныя месца і час, але ў Пінскі гарвыканкам з заявай аб правядзеньні акцыі ніхто не зьвяртаўся. Актывісту вынесьлі пісьмовае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону «Аб масавых мерапрыемствах», прыгразілі штрафам ці адміністрацыйным арыштам у выпадку ўдзелу ў маршы. Размова доўжылася каля 20 хвілін.

Пра іншыя выпадкі папярэджаньняў пракуратуры тым, хто разьмяшчаў анонсы маршу, невядома. Сергіевіч кажа Свабодзе, што каманда выклікаць яго паступіла з абласной пракуратуры. Ён зьбіраўся ісьці на марш да выкліку ў пракуратуру, але цяпер ня ведае, ці дойдзе: маўляў, ня факт, што зможа выйсьці з дому, калі выклікалі толькі яго аднаго.

«Марш недармаедаў» у Пінску ладзяць мясцовыя актывісты, якіх падтрымлівае кампанія «Мы не дармаеды», што падае заяўкі на акцыі ў іншых гарадах. Адзін з удзельнікаў кампаніі, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі кажа Свабодзе, што кампанія не падавала заяўку на марш у Пінску, бо інфармацыя пра марш распаўсюджвалася ў сацсетках мясцовымі актывістамі бязь іх удзелу, а папярэднія заяўкі ў іншых гарадах усё адно не задавальняліся, а ўдзельнікаў кампаніі затрымлівалі па дарозе на акцыю ў Берасьці.

Дарэчы, у БССР, на блянку якой выклікалі Сергіевіча, як і ўвогуле ў СССР, парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў ніяк ня быў урэгуляваны аж да 1988 году. У пастанове Вярхоўнага савету СССР 1988 году гаворыцца, што трэба падаваць пісьмовую заяўку на мітынг за 10 дзён да яго правядзеньня, адказаць мусілі за 5 дзён да правядзеньня. Да таго ж у СССР не было легальнага шляху, каб зладзіць мітынг не празь мясцовыя ўлады. Ад канца 1920-х гадоў амаль не здаралася мітынгаў, арганізаваных народам, а ня партыяй, хоць такое права гарантавала Канстытуцыя.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG