Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч у Курапатах: «Плот можа стаяць і год, але гэтае будаўніцтва спынена»


Зьміцер Дашкевіч

На 15-ы дзень акцыі пад будоўляй каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» актывісты паступова згортваюць лягер. Як кажа ініцыятар акцыі Зьміцер Дашкевіч, упершыню «Малады Фронт» сам згортвае сваю акцыю. Але агароджа вакол будаўнічай пляцоўкі яшчэ стаіць.

«Хутчэй за ўсё, лягер згортваецца канчаткова, — кажа Свабодзе Дашкевіч. — Гэты забудоўнік тут працаваць відавочна ня будзе, проста стаяць побач з плотам асаблівага сэнсу няма. Ёсьць такая інфармацыя, што забудоўнік ня можа зьняць агароджу, пакуль няма рашэньня выканкаму, і гэтая агароджа тут можа і год стаяць. Мажліва, выканкам будзе шукаць іншага забудоўніка. Калі сюды паедзе тэхніка, пліты, то будзем прымаць рашэньне».

Падчас згортваньня лягера ўдзельнікі абароны Курапатаў расьпісваліся на бела-чырвона-белым сьцягу. Ці адзначаюць актывісты перамогу над забудоўнікам і гарадзкімі ўладамі?

«Мы тут асабліва нічога не адзначаем, — адмаўляе Дашкевіч. — Але я асабіста думаю, што хто б тут не будаваўся, справа атрымала ўжо вельмі вялікі рэзананс, наўрад ці нават кітайцы проста так змогуць будавацца.

Мы можам толькі рабіць здагадкі. Што абсалютна зразумела — што гэты забудоўнік тут ня будзе будавацца, што тэма ахоўнай зоны Курапатаў выведзена на высокі, агульнанацыянальны ўзровень абмеркаваньня. Чытаем заявы дзяржаўных інфармагенцтваў, прапагандыстаў нейкія выступы... Нават калі выканкам захоча тут будавацца, нават у дзяржавы ёсьць пэўнае меркаваньне, што трэба разьбірацца з ахоўнай зонай».

Актывістаў не разганялі: нягледзячы на асобныя жорсткія сутычкі і напады ў першы тыдзень, масавага «хапуну» не было. Чаму актывістам дазволілі стаяць?

«Напэўна, такая эканамічная сытуацыя, што ня вельмі выгадна разганяць людзей і адначасова прасіць крэдыты ў Захаду, — разважае Дашкевіч. — Магчыма, дзякуючы гэтаму стаялі бязь нейкіх брутальных зачыстак. Улады сапраўды трошку абстрагаваліся».

Далей абарона Купапатаў мае ісьці ў юрыдычным рэчышчы: будуць ладзіцца круглыя сталы, накіроўвацца скаргі і ацэньвацца рэакцыі на ўжо высланыя звароты. Гэтым, кажа Дашкевіч, будуць займацца іншыя людзі, больш дасьведчаныя ў юрыдычных справах. Але актывісты, кажа ён, будуць дапамагаць, чым змогуць.

***

Забудоўнікі на сустрэчы з Дашкевічам заявілі, што будавацца ля Курапатаў ужо ня хочуць, але гарадзкія ўлады ад ідэі забудовы пляцоўкі не адмаўляліся. У першы тыдзень акцыі чыніліся бойкі і напады, другі тыдзень прайшоў без інцыдэнтаў.

У дзяржаўнай прэсе стаўленьне да будоўлі неадназначнае: выданьне «Менгарвыканкаму» даказвае, што будаўніцтва законнае (беларусы знаходзяць розныя парушэньні і падаюць на іх скаргі); выданьне адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия» публікуе заявы пра тое, што Курапаты павінны стаць «месцам народнага смутку і высакароднай памяці», але на тэлевізіі галоўны рэдактар выданьня кажа, што будаўніцтва бізнэс-цэнтру «ня мае да Курапатаў ніякага дачыненьня».

XS
SM
MD
LG