Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі актывіст хоча, каб улада заснавала «Дзень дармаеда»


Аляксей Паўлоўскі, архіўнае фота
Аляксей Паўлоўскі, архіўнае фота

У Магілёве актывіст прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксей Паўлоўскі зьбірае подпісы за заснаваньне «прафэсійнага сьвята» — Дня дармаеда.

Калектыўны зварот прафсаюзнік мае адправіць у Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў. На думку актывіста, у 400 тысяч беларускіх дармаедаў павінны быць ня толькі сумныя дні, але і дні радасьці. Паўлоўскі лічыць, што ўлада павінна быць удзячная дармаедам за «іхны ўдзел у фармаваньні дзяржаўнага бюджэту»:

«Такое сьвята будзе ўпершыню ў сьвеце, і ў сьвятле таго, што цяпер да нас могуць бязь візаў прыяжджаць грамадзяне іншых краінаў, то для іх Беларусь будзе яшчэ больш прыцягальная, калі будзе адзначацца такое сьвята. У нас паставяць помнік дармаедам. Турысты будуць масава прыяжджаць, папаўняць бюджэт і дзівіцца на тое, як такое сьвята адзначаецца. Карнавал, дэманстрацыі, весела будзе», — кажа пра пэрспэктывы сваёй ініцыятывы Аляксей Паўлоўскі.

Акрамя карнавалаў, мітынгаў ды парадаў прафсаюзны актывіст прапануе выдаць да Дня дармаеда адмысловыя манэты, а таксама заснаваць узнагароду «Заслужаны дармаед Беларусі» і ўручаць яе «дзеячам галіны». Пры гэтым падказвае Аляксандру Лукашэнку і дэпутатам усталяваць скульптурную кампазыцыю «чэснаму дармаеду» насупраць Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Дзень жа дармаеда прапануе адзначаць 30 жніўня, на дзень народзінаў чыноўніка № 1, які падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Зьбіраць подпісы ў падтрымку сваёй ініцыятывы Паўлоўскі пачаў на пешаходнай вуліцы Ленінскай. За сёньня падпісаліся 79 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG