Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўнікі «падатку на дармаедаў» зьвернуцца ў Канстытуцыйны суд. Да адмоўнага адказу гатовыя


Генадзь Фядыніч, архіўнае фота
Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) атрымаў на мінулым тыдні адказ на звароты ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў з патрабаваньнем скасаваць дэкрэт № 3 і «падатак на дармаедаў». Адказ у РЭП называюць «адпіскай» і зьбіраюцца ісьці вышэй: заклікаюць зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд.

Дэкрэт, мяркуюць у РЭП, супярэчыць артыкулу 56 Канстытуцыі ў тым, што беларусы і без «падатку на дармаедаў» фінансуюць дзяржаву праз шматлікія зборы, мыта і ўскосныя падаткі, а права прымушаць да дадатковых выплатаў «адвольную групу грамадзянаў» законы і Канстытуцыя не даюць. Таксама дэкрэт парушае артыкул 104 Канстытуцыі ў тым, што мае адваротную сілу (прыняты 2 красавіка 2015 году, а дзейнічае ад 1 студзеня таго ж году), але ані зьмякчае, ані скасоўвае адказнасьць грамадзянаў.

Нязгодных з дэкрэтам запрашаюць падпісваць анлайн-зварот пра тое, што дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі, на сайце zvarot.by. Прыблізна праз тыдзень РЭП перадасьць гэтыя звароты ў Канстытуцыйны суд. На момант публікацыі зварот падпісалі больш за 1000 чалавек.

Але ж палову судзьдзяў Канстытуцыйнага суду (у тым ліку старшыню) прызначае асабіста Аляксандар Лукашэнка, які казаў, што касаваць дэкрэт ня стане, а другую палову — Савет рэспублікі, у якім праціўнікаў Лукашэнкі няма. Ці вераць аўтары звароту, што Канстытуцыйны суд можа пайсьці супраць волі Лукашэнкі?

«Нічога я ня веру, я што, з дубу ўпаў? — абураецца ў адказ на такое пытаньне Свабоды старшыня РЭП Генадзь Фядыніч. — Галоўнае, каб яны таксама атрымалі зварот, а то атрымліваецца, што яны самі па сабе, а мы самі па сабе. Каб было сьведчаньне, што быў зварот, каб потым адказнасьць несьлі.

Калі яны адказваюць, што няма прававой калізіі, у чэрвені зьвернемся ў Міжнародную арганізацыю працы. Мы ня так проста гэта робім, адмоўны адказ таксама можна выкарыстаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG