Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эльжбета Смулкова: Пры Лукашэнку я адчула, што не змагу зрабіць для польска-беларускіх адносінаў нічога больш


Разьвітальная сустрэча Эльжбеты Смулковай з Аляксандрам Лукашэнкам.
Разьвітальная сустрэча Эльжбеты Смулковай з Аляксандрам Лукашэнкам.

Размова з Эльжбетай Смулковай (нар. 1931), славісткай і беларусісткай, якая ў 1992-1995 гг. была першым амбасадарам Польшчы ў Беларусі.

Ян Максімюк: Як вас, супрацоўніка ўнівэрсытэту і мовазнаўцу, удалося намовіць пайсьці на службу ў дыпляматыі? Чаму польскі ўрад выбраў якраз вас сваім першым амбасадарам у незалежнай Беларусі?

Эльжбета Смулкова: Сапраўды, гэта для мяне не было лёгкае рашэньне, таму што я была вельмі моцна ангажаваная ў навуковую і арганізацыйную працу на факультэце польскай мовы ў Варшаўскім унівэрсытэце. У мяне быў калектыў маладых здольных людзей і канкрэтныя дасьледніцкія праекты, зьвязаныя з узаемадзеяньнем славянскіх моваў, асабліва з узаемадзеяньнем беларускай, украінскай і польскай моваў на дзяржаўным памежжы.

Маё рашэньне пайсьці ў дыпляматыю было ў вялікай ступені выкліканае спадаром Марэкам Карпам, які часам удзельнічаў у нашых унівэрсытэцкіх занятках. Пазьней ён стаў дырэктарам Інстытуту ўсходніх дасьледаваньняў. Гэта была ягоная ініцыятыва, і часткова ініцыятыва сяброўкі з унівэрсытэту Агнешкі Магдзяк-Мішэўскай, якая потым таксама служыла ў дыпляматыі, каб падаць маю кандыдатуру міністру замежных справаў Кшыштафу Скубішэўскаму, які асабіста ня быў са мною знаёмы і зь якім я асабіста ў тым часе не сустрэлася. Спачатку я рашуча адмовілася ад гэтай прапановы. Але яны палічылі, што ў міжнародным жыцьці надышоў такі момант, калі трэба паслаць у Беларусь асобу, якая гэтай Беларусьсю займаецца, ведае і вывучае мову і культуру гэтай краіны і нацыі. Пасьля некалькіх размоваў са мною яны мяне пераканалі, што мне варта і трэба выкарыстаць свае веды і ў іншай дзялянцы, чым мовазнаўства. Я дамовілася, што стану дыпляматам толькі на адзін тэрмін і што гэта адбудзецца на прынцыпах унівэрсытэцкага водпуску, то бок, што я потым вярнуся ва ўнівэрсытэт.

Ян Максімюк: А ці бывалі вы ў Беларусі раней, да таго, як у 1991 годзе паехалі туды ўжо ў ролі консула?

Эльжбета Смулкова: Бывала, як стыпэндыятка польскага міністэрства вышэйшых школаў. Я была ў Акадэміі навук і ва ўнівэрсытэце ў Менску некалькі разоў у сувязі са сваёй кандыдацкай дысэртацыяй, на зломе 1960-1970-х гадоў. У мяне былі кантакты з навуковым асяродзьдзем у Менску, а таксама, дзякуючы спрыяньню беларускіх калегаў-мовазнаўцаў, кантакты зь беларускай вёскай. У тыя часы мне, як чужаземцу, нельга было выяжджаць па-за межы Менску, але калегі пераадзявалі мяне па-мясцоваму і забіралі з сабой у дыялекталягічныя экспэдыцыі на вёску.

Ян Максімюк: Цяпер я запытаю вас ужо пра дыпляматычны пэрыяд у вашым жыцьці. Як у Менску рэагавалі на тое, што вы, амбасадар, гаворыце па-беларуску? Вы ў 1992-м годзе былі, відаць, абсалютна першым замежным дыпляматам, які ведаў беларускую мову і карыстаўся ёй ў палітычных кантактах?

Эльжбета Смулкова: Наогул, калі мець на ўвазе навуковае, інтэлігенцкае або афіцыйнае асяродзьдзе, я, як беларускамоўны дыплямат, сустракалася з зацікаўленьнем і ўхваленьнем. Затое вельмі нэгатыўнай была рэакцыя людзей на вуліцы або ў аўтобусе, калі людзі чулі, што я размаўляю па-беларуску. Відаць было, так сказаць, рашучае непрыняцьце маёй беларускамоўнасьці. Падазронасьць людзей — навошта ёй гэта трэба, хто яна?

Ян Максімюк: У 1993 годзе з афіцыйным візытам у Беларусь прыехаў прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса. Здаецца, пакуль што гэта быў адзіны візыт кіраўніка польскай дзяржавы ў Беларусі. Як вы згадваеце гэты візыт? Прэзыдэнт Валэнса быў ім задаволены?

Лех Валэнса, Эльжбета Смулкова і Зянон Пазьняк. 1993 год
Лех Валэнса, Эльжбета Смулкова і Зянон Пазьняк. 1993 год

Эльжбета Смулкова: Гэта быў вельмі цікавы візыт. Магчыма, ня варта нам казаць, што гэта быў адзіны такі візыт, бо былі і прэм’ер-міністры, Ганна Сухоцка і Ян Кшыштаф Бялецкі, былі і міністры, так што гэтыя адносіны ў пачатковым пэрыядзе былі вельмі жывыя. Што тычыцца візыту прэзыдэнта Валэнсы, дык я сказала б, што ён вельмі добра ўпісаўся ў тамтэйшае асяродзьдзе, ня толькі асяродзьдзе беларускіх уладаў, якія яго прымалі, але і ў кантакты з гэтак званымі звычайнымі грамадзянамі. У прэзыдэнта Валэнсы былі тады і сустрэчы зь беларускімі палякамі, і наогул зь мясцовым народам, напрыклад у Наваградку.

Прэзыдэнт Валэнса добра адчуваў тагачасную сытуацыю, ён быў добра падрыхтаваны да таго візыту. У яго адбылася цікавая размова, у маёй прысутнасьці, зь Зянонам Пазьняком, на тэму Курапатаў. Прэзыдэнт Валэнса прапанаваў дапамогу ў пабудове помніка ў Курапатах, замест таго няшчаснага валуна, які тады плянавалі паставіць, але так і не паставілі. Вельмі шкада, што БНФ тады не пакарыстаўся гэтай прапановай Валэнсы.

Ян Максімюк: Вы пачыналі сваю дыпляматычную службу ў Менску амаль адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, а скончылі, калі прэзыдэнтам ужо год часу быў Аляксандар Лукашэнка. Тады, у 1995 годзе, вы ўжо ведалі або прадчувалі, што беларуска-польскія адносіны моцна пагоршацца, калі параўноўваць зь першай паловай 1990-х?

Эльжбета Смулкова: Гэта цяжкое пытаньне для мяне. Я якраз і перастала быць амбасадарам у Менску, бо палічыла, што ўжо нічога канкрэтнага больш не змагу там зрабіць. Я вярнулася ва ўнівэрсытэт на ўласную просьбу, раней чым хацела міністэрства, бо я ведала, што ўжо больш нічога там не зраблю. А я не хацела быць у Менску звычайным фігурантам, таму што гэта не адпавядала майму характару. Дык вось, такі мой адказ на ваша пытаньне.

Адначасова, я ня думала, што дойдзе ажно да такога паніжэньня рангу ўзаемных адносінаў. Хоць гэта можна было да нейкай ступені прадбачыць, бо цяжка было спадзявацца, каб Польшча пагадзілася на, агульна кажучы, такія абмежаваньні грамадзянскіх правоў, якія мелі месца ў Беларусі.

Ян Максімюк: Вялікі дзякуй вам за размову.

Больш на гэтую тэму:

Як Лукашэнка адрэагаваў на крытыку польскага амбасадара

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG