Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці суд пакараў зборшчыка подпісаў за адмену дэкрэту аб «дармаедах»


Аляксандар Сахарук (у цэнтры) з праваабаронцамі Ўладзімерам Малеем (зьлева) і Ўладзімерам Вялічкіным у судзе

Маскоўскі суд Берасьця прызнаў вінаватым Аляксандра Сахарука ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету. Суд прызначыў самае мяккае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня.

Сябра прафсаюзу РЭП Аляксандар Сахарук зьбіраў подпісы за адмену дэкрэту № 3 у Берасьці. 5 лютага ў часе збору подпісаў каля «Эўраопту» да яго падыходзіў міліцыянт, які браў з актывіста тлумачэньні. 9 лютага Сахарука выклікалі ў міліцыю, дзе на яго склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

У судзе Аляксандар Сахарук віны не прызнаў, ён заявіў, што збор подпісаў не зьяўляецца несанкцыянаваным пікетам:

«Пікетаваньня я не праводзіў, я зьбіраў подпісы за адмену дэкрэту № 3. Ніякага закону я не парушаў. Я сам працую, але вырашыў зьбіраць подпісы, каб дапамагчы людзям, якіх хочуць абадраць», — сказаў Аляксандар Сахарук.

Каля 20 чалавек прыйшлі падтрымаць Аляксандра Сахарука ў судзе
Каля 20 чалавек прыйшлі падтрымаць Аляксандра Сахарука ў судзе

Суд Маскоўскага раёну Берасьця прызнаў Аляксандра Сахарука вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванай акцыі і прызначыў яму пакараньне ў выглядзе папярэджаньня.

Актывіст кажа, што з дапамогай юрыстаў прафсаюзу РЭП будзе абскарджваць вынесенае яму папярэджаньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG