Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«МЗС нікога не абвінавачваў і не падаваў у суд за выкарыстаньне слоў і выразаў», — афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Захарава


Марыя Захарава

«Выкарыстаньне такіх слоў і выразаў, як „недадзяржава“ ці „неданарод“ і ім падобных, кім бы там ні было адносна Беларусі і беларускага народу, недапушчальнае».

Пра гэта заявіла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава, камэнтуючы пазоў агенцтва Regnum да расейскага МЗС, па якім яна выступае суадказчыкам.

На сваёй старонцы ў фэйсбуку яна піша, што прэтэнзіі агенцтва зьвязаныя зь яе адказам на пытаньне падчас брыфінгу пра заявы амбасадара Расеі ў Беларусі.

Захарава адзначае, што яна ня згодная з думкай, што амбасадар Аляксандар Сурыкаў даў невыразны камэнтар адносна затрыманьня аўтараў агенцтва Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі. Яна лічыць, што амбасадар «даў якраз разгорнуты камэнтар» і выказаў «наш, расейскі, пункт гледжаньня».

«Я хацела б сказаць, што мы падзяляем тое, што было сказана паслом, што ўжываньне такіх слоў, як „неданарод“ або „недадзяржава“ ў дачыненьні да Беларусі і беларусаў — гэта недапушчальна. Вы кажаце пра тое, што яны папярэджвалі Беларусь ад руху ў бок Захаду і „фліртаваньня“ з нацыяналізмам. Гэта была ваша цытата, і я не магу гэта камэнтаваць. Хачу сказаць, што „неданарод“ або „недадзяржава“ з вуснаў людзей, якія ўплываюць на грамадзкую думку — гэта проста непрыстойныя рэчы, таму што яны могуць спрыяць распальваньню міжнацыянальнай праблемы і ксэнафобіі. Такія выразы не спрыяюць стварэньню пазытыўнай атмасфэры ў беларускіх адносінах, хоць вы кажаце, што менавіта на гэта і была нацэлена іх праца. Гаворка ідзе пра трох журналістаў, таму я хачу сказаць, што мы далі вельмі выразную ацэнку тым словам і выразам, якія яны ўжывалі, прычым ужывалі, як я разумею, не ў прыватных размовах, а ў сваіх матэрыялах».

Захарава заявіла, што расейскі бок пацьвярджае сваю прыхільнасьць да абароны свабоды слова і журналістаў і лічыць гэта неабходным. Яна адзначыла, што лёсы гэтых журналістаў «знаходзяцца ў сфэры нашай пільнай увагі».

«У згаданых матэрыялах, апублікаваных агенцтвам, зьмяшчаецца слова „недадзяржава“ і цьверджаньне, што „беларусы не зьяўляюцца нацыянальнай групай“. Менавіта таму была зроблена агульная выснова, якая распаўсюджваецца на ўсіх, пра тое, што ўжываньне такіх слоў, як „неданарод“ або „недадзяржава“, недапушчальнае, непрыстойнае. Заўважу, што МЗС нікога не абвінавачваў і не падаваў у суд за выкарыстаньне слоў і выразаў — мы зноў выказалі прыхільнасьць да свабоды слова і ў гэтым кантэксьце, паважаючы права журналістаў нават на вельмі спрэчныя сьцьвярджэньні. Міністэрства выказала сваю пазыцыю і стаўленьне да слоў і выразаў выключна ў адказ на пытаньне прадстаўнікоў СМІ».

Захарава таксама патлумачыла, што яна агучвала пазыцыю Міністэрства замежных спраў Расеі, таму гэтым пытаньнем займаецца юрыдычная служба МЗС.

«Але хачу заявіць і пра свае асабістыя перакананьні: выкарыстаньне такіх слоў і выразаў, як „недадзяржава“ ці „неданарод“ і ім падобных, кім бы там ні было адносна Беларусі і беларускага народу недапушчальнае. Любым праявам або намёкам на прыніжэньне людзей, народаў ці цэлых дзяржаў па нацыянальнай прыкмеце — бой. І гэтыя перакананьні я гатовая адстойваць да апошняга ўздыху!», — напісала афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG