Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваё ня можа быць «для ўсіх»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

У мяне ў Менску ёсьць любімы бар. Ён не тыповы для Беларусі, рэдкі. Ён «намолены». Сапраўдны паб, дзе за стойкай часьцяком стаіць гаспадар, а наведнікі знаёмыя між сабой гадамі.

Наведнікі рэпрэзэнтуюць самыя розныя групы менчукоў: бізнэсоўцы, чыноўнікі, журналісты і «людзі нявызначаных прафэсій».

Ад нядаўняга часу ў бар пачалі рэгулярна заходзіць госьці з афрыканскай краіны Дэмакратычная Рэспубліка Конга.

А варта зазначыць, што ДРК — адна з самых бедных і няшчасных празь бясконцыя грамадзянскія войны краін. Кангалезцы вельмі перасьледаваныя па ўсім сьвеце людзі: найперш празь беднасьць. Беларусь для кангалезцаў — пасьпяховая «белая» эўрапейская краіна, дзе няма вайны, голаду, і дзе ёсьць такі душэўны бар.

Менскія кангалезцы ня бедныя. Але ім гэта не дапамагае. Яны ўвесь час углядаюцца ў новых знаёмцаў — ці павітаюцца за руку? Як павітаюцца?

Кангалезцы далі ня толькі грошы ў касу бару, але і франкамоўную «чорную» музыку. Для Менску сьвежая музыка наагул праблема, бо FM-ы зазвычай круцяць старую, бо за яе плаціць ня трэба. Дый наагул кангалезцы прыўнесьлі паўднёвыя цёплыя фарбы ў паўночную зіму.

У бары адразу зьявілася група расістаў. Яны выяўлялі сябе незадаволеным бурчэньнем і выразнай жэстыкуляцыяй на адрас афрыканцаў.

У закрытых суполках бару ў сеціве нават разгарнулася дыскусія — што больш абразьлівае: «ксэнафоб» ці «расіст». Чамусьці расістам «ксэнафоб» падавалася больш абразьлівым азначэньнем.

Расісты прайгралі.

Афрыканцы дамовіліся з уладальнікам бару на «блэк паці» раз на тыдзень, паставілі свайго ахоўніка — «спэцабслугоўваньне», і пускаюць толькі нерасістаў.

«Ён ведае, што такое быць чорным!» — упэўнена паказаў на мяне кангалезец Эрык. Я не зразумеў чаму. Відаць, дазнаўся ад наведнікаў што я журналіст і шмат паезьдзіў па Эўропе. А яшчэ я размаўляю па-француску і ня маю ксэнафобскіх настрояў. Магчыма, так Эрык зрабіў сваю выснову. А магчыма, правяраў мяне на «вашывасьць».

У кожным разе, афрыканцы скардзіліся на татальны расізм у Беларусі. Што праўда, яны нічога ня ведаюць пра беларусафобію ў Беларусі, пра русіфікацыю, палітычны і сацыяльны перасьлед па моўнай прыкмеце. Абсалютна нічога. Для іх мы — беларусы — адно цэлае.

І вось яны знайшлі ў Менску месца, дзе ня трэба напружвацца ад нядобразычлівых жэстаў і разьбіраць у словах наведнікаў абразьлівыя словы.

Быць зь беднай раздратаванай краіны, быць гнаным за колер скуры і... радавацца. Як кангалезцы радуюцца пад сваю ўлюбёную музыку!

Паўднёвая культура — так. Але яшчэ радуюцца, што паразумеліся з большасьцю наведнікаў і найперш — з уладальнікам бару, які ахвяраваў часткай сталых наведнікаў, калі пайшоў насустрач «блэк паці».

Уладальнік бару Саша — тыповы мянчук, гадаваны ў 1980-х у адным са спальных раёнаў. Ён ня супраць беларускай традыцыі, але папросту яе ня ведае. Ні даўнейшую культуру, ні сучасную. Амаль ня ведае.

У Сашы ў бары вісяць сьцягі ўсіх краін сьвету, апроч беларускага. Хоць якога. Б-Ч-Б — боязна, Ч-З — не зразумее большасьць наведнікаў.

Сашава палітыка — бар для ўсіх. Але палітыка не спрацоўвае. Вісеў калісьці сьцяг Эўразьвязу, украінскі і «калярадка». Праз прэтэнзіі наведнікаў давялося прыбраць.

З музыкай тое самае. То «Воины света» Міхалка, то расейская папса. А тут афрыканцы са сваёй.

Заходжу чарговы раз у бар, знаёмы кангалезец па-француску з гонарам мне тлумачыць, што ставіць трэк папулярнага выканаўцы з Конга.

Пачынаюцца першыя акорды, і раптам Саша кажа: «Дык гэта ж як нашы “Песьняры” толькі ў афрыканскай аранжыроўцы — “Каляда, Каляда, Ка-ля-да!”».

І дадае:

«Чаму яны балдзеюць са свайго, а мы — не?».

Бо ня можа быць сваё «для ўсіх». Як са сьцягамі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG