Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я — бахаі зь Беларусі». Фантастычная гісторыя беларускай габаісткі Фані Бергер


Беларуская габаістка Фаня Бергер з 15 гадоў жыве за мяжой. У самых розных і складаных сытуацыях ёй дапамагалі палестынскі скрыпач, брытанскі габаіст, амэрыканская журналістка і вугорскі кампазытар.

Ганна Соўсь: Ваш музычны лёс склаўся так, што зь Беларусі вы прыехалі вучыцца ў Чэхію, потым у Нямеччыну, цяпер — ў Вялікую Брытанію. Як так атрымалася?

За 10 хвілін да яго канцэрту ў «Рудальфінуме» я яму грала, у выніку ён запрасіў мяне прыехаць да яго ў Нямеччыну вучыцца

Фаня Бергер: Калі мне было 15 гадоў, я пераехала ў Прагу. Я граю на габоі, а гэта вельмі рэдкі інструмэнт. У Беларусі на той момант быў толькі адзін пэдагог па габоі. Я вучылася ў яго з 6 гадоў, і у нейкі пэрыяд мне проста трэба было зьяжджаць. Мы з мамай прыехалі ў Прагу, яна нам вельмі спадабалася, і я вырашыла застацца. Цяпер я не разумею, як мы гэта зрабілі. Я пражыла ў Празе цудоўныя чатыры гады. Я пазнаёмілася зь вельмі добрымі людзьмі, вельмі вырасла як габаістка. Калі я скончыла праскую кансэрваторыю, трэба было ехаць кудысьці далей. У апошні год вучобы ў Празе я адкрыла буклет праграмы чэскай філярмоніі і я пабачыла, што будзе канцэрт вядомага брытанскага габаіста Нікаласа Дэніэла. Я напісала і папрасіла, каб ён мяне паслухаў, калі будзе ў Празе. І ўсё атрымалася. За 10 хвілін да яго канцэрту ў «Рудальфінуме» я яму грала, у выніку ён запрасіў мяне прыехаць да яго ў Нямеччыну вучыцца. Цяпер я — студэнтка чацьвёртага курсу Ўнівэрсытэту музыкі ў Тросінгене, гэта малы студэнцкі гарадок на поўдні Нямеччыны. Я паехала па праграме абмену Эразмус у Лёндан, дзе я таксама вучуся ў таго ж самага прафэсара.

Соўсь: Ведаю, што калі вы шукалі жыльлё ў Празе, адбылася фантастычная гісторыя...

Мне сказалі, што я магу ў яе пажыць два тыдні і буду выгульваць яе сабаку. У выніку я пражыла ў Рыкі год

Бергер: Гэта быў абсалютны цуд. Калі мы прыехалі ў Чэхію, я не гаварыла па-чэску, і зусім крыху гаварыла па-ангельску. Быў час габрэйскага новага году. Мы з маці пайшлі ў сынагогу, і там я разгаварылася зь дзеўчынай, маёй аднагодкай, амэрыканкай, і расказала ёй, што мне няма дзе жыць, бо аказалася, што ў кансэрваторыі няма інтэрнату. Нашу размову пачула амэрыканка, якая сядзела непадалёк. І яна стала шукаць, у каго я магла бы жыць. У выніку яна знайшла Рыкі Грын, якая ў той час працавала на Радыё Свабода Мне сказалі, што я магу ў яе пажыць два тыдні і буду выгульваць яе сабаку. У выніку я пражыла ў Рыкі год, пакуль яна не вярнулася ў Вашынгтон. І цяпер і Рыкі, і тая жанчына Алексіс, якая мяне зь ёй пазнаёміла, сталі маёй сям’ёй.


Соўсь: Дзе вы бачыце сваю будучыню — у Чэхіі, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі? Якія маеце пляны?

Бергер: Я баюся нешта сказаць, бо апошні раз, калі давала інтэрвію Радыё Свабода, я згадала Лёндан, хаця ў плянах зусім не было ані Нямеччыны, ані Вялікай Брытаніі. У выніку цяпер я вучуся ў Лёндане. Насамрэч я ня ведаю. Мае бліжэйшыя пляны — вяртацца ў Нямеччыну і паступаць там на магістра, бо у Нямеччыне выдатная вышэйшая музычная адукацыя, яна бясплатная для ўсіх, і для замежных студэнтаў таксама.

Соўсь: Вы казалі, што ў Беларусі быў толькі адзін выкладчык па габою. А як у Чэхіі ацэньвалі беларускую музычную школу?

Бергер: Майму прафэсару ў Чэхіі адразу вельмі спадабаўся мой ўзровень. Зразумела, былі рэчы, якія былі не даступныя ў Беларусі. У нас няма такога шырокага абмену вопытам зь іншымі краінамі. Цяпер беларускія студэнты часьцей езьдзяць на майстар-клясы ў Эўропу і прывозяць розныя навінкі, але ўжо і тады мой ўзровень быў дастаткова высокі, таму я і змагла паступіць у праскую кансэрваторыю.

Соўсь: Як вы расцэньваеце пэрспэктыву тых музыкаў, якія засталіся ў Беларусі вучацца ў кансэрваторыі і далей працаваць у музыцы? Я рабіла інтэрвію зь Віталём Стахіевічам, беларускім піяністам, які жыве ў Галяндыі, і ён казаў, што ў гэтай краіне вельмі добра разьвітая сыстэма прыватных канцэртаў, якая дазваляюць музыкам зарабляць. Што з вашага пункту гледжаньня варта было б удасканаліць у Беларусі ў гэтай сфэры?

чым шырэйшая публіка, тым цікавейшая клясычная музыка

Бергер: У Беларусі не хапае разнастайнасьці канцэртаў. У нас вельмі мала канцэртаў, і нават калі яны ёсьць, то гэта пустыя залі. Людзі мала ведаюць клясычную музыку, і яна не настолькі шырока прапагандуецца, як у іншых краінах. У Лёндане вельмі шмат розных ідэй канцэртаў. Ёсьць lunch-time канцэрты, калі людзі могуць у гадзіну дня паўгадзінкі паслухаць клясычную музыку і вярнуцца на працу. Ёсьць канцэрты ў гадзіну пік, калі людзі пасьля працы хутка ідуць на канцэрт, а потым — дадому вячэраць. У Беларусі да гэтага яшчэ вельмі далёка. Я думаю, што ў Беларусі будзе заставацца больш музыкаў высокага ўзроўню. Многія мае сябры, якія вучыліся за мяжой, пачынаюць вяртацца ў Беларусь або часта туды прыяжджаць і ладзяць вельмі добрыя канцэрты. Будзе расьці ўзровень, які заўсёды зьвязаны з інтарэсам публікі. А чым шырэйшая публіка, тым цікавейшая клясычная музыка.

Соўсь: Раскажыце як вы ініцыявалі ў Празе канцэрт у падтрымку ахвяраў Фукусімы.

Бергер: Японскія музыкі вельмі сябруюць з чэскімі, многія японскія студэнты едуць вучыцца ў Чэхію. У кансэрваторыі, дзе я вучылася, было вельмі шмат японскіх студэнтаў. Калі на Фукусіме адбылася трагедыя, яны вельмі перажывалі, у адной з маіх сябровак зьнікла бабуля на некалькі тыдняў, потым яе знайшлі. І мы зь сябрамі вырашылі зрабіць дабрачынны канцэрт. Зьвязаліся з японскай амбасадай, яна арэндавала залю Акадэміі музыкі, і мы арганізавалі канцэрт. Дырыжыраваў японскі дырыжор, зь якім мы разам вучыліся, ён цяпер у Празе вельмі пасьпяховы... Мы адыгралі пры поўнай залі вельмі кранальны канцэрт і сабралі шмат сродкаў, якія потым перадалі Чырвонаму Крыху Японіі.

Соўсь: Вы ведаеце, што такое салідарнасьць, і можаце прывесьці шмат прыкладаў. Калі вашая маці захварэла на рак, вельмі шмат людзей дапамагалі вам...

Празь месяц ці два ізноў прынёс 200 эўра і ізноў выбачаўся, што мала. Калі я маці распавяла пра гэта, яна плакала.

Бергер: Калі я вучылася на апошнім курсе ў Празе, мая маці захварэла на рак. Пасьля таго, як ёй зрабілі вельмі пасьпяховую апэрацыю, аказалася, што ёй у Беларусі недаступная хіміятэрапія добрай якасьці. Існавалі нейкія лекі, але яны не заслугоўвалі даверу, была рызыка, што гэта плацэба. І мы сталі шукаць магчымасьць купіць якасныя швайцарскія лекі. Я напісала ў фэйсбуку, што мама хварэе, што патрэбныя лекі і дапамога. Адгукнулася вялікая колькасьць людзей — знаёмых і незнаёмых. Нават больш было незнаёмых. Габрэі з розных канцоў сьвету, вельмі шмат бахаі, таму што мы — бахаі (Бахаізм (у беларускай і ўкраінскай мовах бытуе таксама назва багаізм, вера Багаі) — адна з усясьветных рэлігіяў, заснаваў яе Багаула ў Пэрсіі ў XIX ст.). Мне напісаў хлопец, вельмі таленавіты скрыпач, зь якім мы разам паўгода вучыліся ў кансэрваторыі ў чэскіх Цепліцах. Ён — палестынскі уцякач, у Чэхіі жыве разам з маці. Ён напісаў мне і прапанаваў сустрэцца. Да гэтага мы зь ім практычна не кантактавалі. Мы сустрэліся на трамвайным прыпынку. Ён дастаў капэрту і сказаў: «Фаіна, прабач, што так мала, але гэта ўсё, што я магу табе даць. Нікому пра гэта не гавары, таму што мы — ўцекачы, атрымліваем грашовую дапамогу». У капэрце было 200 эўра. Ён вельмі таленавіты скрыпач, я думаю, што ён гэтыя грошы выйграў на конкурсе. Ён вельмі выбачаўся, што так мала даў. Празь месяц ці два ізноў прынёс 200 эўра і ізноў выбачаўся, што мала. Калі я маці распавяла пра гэта, яна плакала.

Соўсь: Выглядае, што ўсё жыцьцё вы сутыкаецеся з праявамі салідарнасьці і са шчырай дапамогай людзей. З чым вы зьвязваеце гэта?

я ўвесь час трапляю ў сытуацыі, калі нечаканым шляхам прыходзіць дапамога

Бергер: Ня ведаю. Усе мае сябры ведаюць, што я ўвесь час трапляю ў сытуацыі, калі нечаканым шляхам прыходзіць дапамога. Мы з маці павінны былі ехаць упершыню ў Ізраіль. Я ў Нямеччыне падала дакумэнты на ізраільскую візу (тады яшчэ яна была патрэбная). За дзень да самалёту яе яшчэ не было (я паслала дакумэнты па пошце са свайго маленькага гарадку). Мой сусед быў хлопец-кампазытар, яны з маці — ўцекачы з Вугоршчыны. Я расказала яму гэтую гісторыю, і ён сказаў: «Будзем шукаць твой пашпарт. Можа, ён ужо на пошце ляжыць». І мы зь ім на наступны дзень а пятай раніцы паехалі на вельмі маленькую паштовую станцыю. Была зіма, сьнег, мы ледзь ня трапілі ў аварыю праз галалёдзіцу. Ён вельмі добра гаварыў па-нямецку ( а я толькі прыехала і яшчэ дрэнна гаварыла па-нямецку), ён пагаварыў з усімі паштальёнамі, і яны знайшлі мой пашпарт з візай. Калі бы мы не прыехалі, пашпарт бы прынесьлі мне занадта позна. Так ён мне дапамог, і мы з маці разам трапілі ў Ізраіль.

Соўсь: Які кампазытар для вас найбольш блізкі? Які музычны твор найбольш вас адлюстроўвае?

падчас гэтага канцэрту з музыкай Малера яна адчула, што яе маці да яе вярнулася

Бергер: Цяпер я вельмі шмат слухаю сымфоніі Малера. Гэта адзін зь нямногіх вядомых габрэйскіх кампазытараў. Так атрымалася, што ёсьць вельмі шмат габрэйскіх музыкаў, але габрэйскіх кампазытараў ня так шмат. У Равэля была габрэйка маці, але мы пра гэта мала гаворым. Мэндэльсон быў з габрэйскай сям’і, якая перайшла ў хрысьціянства. А Малер быў габрэй, пра гэта ўсе ведалі. Ён быў пасьпяховым дырыжорам таксама. Летась у Нямеччыне мы гралі ягоную другую сымфонію. Падчас канцэрту мая найлепшая сяброўка (мы разам зь ёй сядзелі на пярэдніх пультах) пачала плакаць. Пасьля канцэрту яна сказала, што адчула, што яе маці была зь ёй. У той жа самы час, калі мая маці захварэла на рак, яе маці памерла да раку ў Новай Зэляндыі. Але падчас гэтага канцэрту з музыкай Малера яна адчула, што яе маці да яе вярнулася.


Соўсь: Фаня, як вы сябе ідэнтыфікуеце? Як чалавека сьвету, як габрэйку зь Беларусі, як верніцу багаі?

Бергер: Мне найпрасьцей сябе ідэнтыфікаваць як багаі. Бахаі ёсьць ва ўсім сьвеце, і калі я сустракаю бахаі, адразу ведаю, што гэта — мае людзі, што яны мяне заўсёды прымуць. Я іх разумею, мы гаворым і думаем пра адны і тыя ж рэчы, мы жадаем адзінства чалавецтва і робім для гэтага ўсё, што ў нашых сілах. Таму я кажу, што я найперш бахаі, што я зь Беларусі, што я габрэйка. Але чым больш я тлумачу, тым больш гэта блытае людзей, таму я найчасьцей кажу, што я бахаі зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG