Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абароце зьявілася купюра ў 500 рублёў. Хто яе не атрымае


Купюра ў 500 беларускіх рублёў зьявілася ў абароце, хоць першапачаткова Нацбанк заяўляў, што не плянуе выпускаць купюру ў шырокі абарот на першым этапе дэнамінацыі. Але, як заявіў прадстаўнік Нацбанку агенцтву БелаПАН, ад першых дзён дэнамінацыі фізычныя асобы маглі зьвяртацца па 500-рублёвую купюру ў касы Нацбанку. Таксама камэрцыйныя банкі маглі зьвяртацца па такія купюры «дзеля задавальненьня попыту з боку фізычных асобаў».

Цяпер у абароце невялікая колькасьць 500-рублёвых купюраў — тыя, што атрымалі фізычныя асобы. Дзеля іншых мэтаў Нацбанк усё яшчэ не выпускае ў абарот банкноты буйнога наміналу.

«Нелюбоў» да купюраў буйных наміналаў у абароце — ня толькі беларуская зьява. Максымальны намінал даляра ў шырокім абароце — 100 даляраў, хоць выпускаліся і купюры да 10 тысяч даляраў, пакуль не зьявіліся электронныя плацяжы. А самую дарагую купюру эўрапейскай валюты, 500 эўра, перастануць выпускаць пасьля 2018 году. Прадстаўнікі праваахоўных органаў мяркуюць, што існаваньне буйных купюраў, магчыма, дапамагае злачынцам і тэрарыстам хаваць незаконныя апэрацыі.

Па 500 рублёў атрымліваюць ня ўсе

Сярэдні заробак беларуса можна выдаць трыма купюрамі і трыма манэтамі: 500 рублёў плюс 200 рублёў плюс 100 рублёў, а яшчэ па адной манэце ў 1 рубель, 5 капеек і 1 капейку. Разам — 801,6 рубля (паводле Белстату, зьвесткі за сьнежань 2016 году).

Але далёка ня ўсе беларусы змогуць атрымаць купюру ў 500 рублёў, калі здымуць свае прыбыткі за месяц.

— У расьлінаводзтве сярэдні месячны заробак — 480,9 рубля.

— У водным транспарце — 476,6 рубля.

— У бібліятэках, архівах, музэях — 444,4 рубля.

— У сфэры сацыяльных паслугаў і догляду ў спэцыялізаваных установах — 435,3 рубля.

— Сярэдняя пэнсія — 297,01 рубля.

Крыху больш за самую буйную беларускую купюру атрымліваюць у сярэднім працаўнікі жывёлагадоўлі (511,1 рубля), адукацыі (542,7 рубля), рыбнай лоўлі і гадоўлі рыбы (550,2 рубля) а таксама працаўнікі сфэраў адміністратыўных і дапаможных паслугаў (577,3 рубля) і грамадзкага харчаваньня (587 рублёў).

Але ж нават тыя, хто фармальна атрымлівае 500 рублёў намінальнага налічанага заробку, могуць мець фактычна ніжэйшыя рэальныя даходы (заробкі мінус падаткі і зборы з улікам інфляцыі). Сьвежых афіцыйных зьвестак пра рэальныя даходы беларусаў няма, але ў III квартале 2016 году толькі пятая частка беларусаў мела рэальныя даходы больш за 500 рублёў (8,6% ад 500 да 600, 13% больш за 600 рублёў).

Аляксандар Лукашэнка ўжо больш за 10 год абяцае, што беларусы будуць у сярэднім атрымліваць заробкі «па пяцьсот» — толькі не рублёў, а даляраў.

XS
SM
MD
LG