Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіч агучыў заклікі да эмісіі. Лукашэнка: пустых грошай друкаваць ня будзем


Пётар Пракаповіч

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што краіна павінна пазьбегнуць «валютных узрушэньняў, плацёжных крызісаў і іншых нэгатыўных зьяў, якія мы ўжо перажывалі».

«Калі нехта разьлічвае на маштабную эмісію, то маё патрабаваньне абсалютна вядомае і зыходзіць з сутнасьці эканамічнага разьвіцьця апошніх гадоў: пустых грошай друкаваць ня будзем. Неабходна вырашаць усе пытаньні ўласнымі сіламі за кошт граматнага эканамічнага рэгуляваньня і паляпшэньня дзелавога клімату», — сказаў Лукашэнка на нарадзе па актуальных пытаньнях разьвіцьця эканомікі, перадае БелТА.

Напярэдадні нарады tut.by апублікаваў артыкул, у якім гаворыцца пра ліст былога кіраўніка Нацбанку Пятра Пракаповіча да Лукашэнкі. Пракаповіч там піша, што эканоміка Беларусі ў стагнацыі, і згадвае пра «ўмераную эмісію».

«Шмат гаворыцца аб макраэканамічнай стабільнасьці. Але простаму чалавеку, асабліва ў рэгіёнах, ад гэтага ні холадна, ні горача, калі цэны растуць вышэй, чым на дэкляраваныя 12%, а зарплата, наадварот, абвалілася. Сёньня зарплата ў 4–5 мільёнаў (старымі) лічыцца за шчасьце ў рэгіёнах. Ніхто не прапануе альтэрнатывы, як задаволіць звычайныя патрэбы людзей. Седзячы ў Менску, добра казаць пра макраэканамічную стабільнасьць. Умераная эмісія ў гэтай сытуацыі бачыцца шмат каму адзіным рашэньнем. Бо на перакройваньне эканамічнай палітыкі прэзыдэнт ня пойдзе», — пераказвае Пятра Пракаповіча tut.by.

Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч лічыць, што грашовую эмісію праводзіць ня трэба, а павысіць заробкі беларусаў можна і без друкаваньня грошай:

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Лукашэнка ўжо зразумеў, што стварэньне пустых грошай ні да чога добрага не прыводзіць. Я наагул не разумею: навошта друкаваць грошы? Ліквіднасьць беларускай банкаўскай сыстэмы зашкальвае. Свабодных грошай у банкаў вельмі шмат — яны проста не знаходзяць, каму даваць крэдыты, хто гэтыя крэдыты зможа вярнуць. А саміх рэсурсаў вельмі шмат. Ці магчыма дасягнуць сярэдняга заробку ў 500 даляраў без эмісіі? Пяцьсот даляраў можна зрабіць розным чынам, не абавязкова ўключаць станок».

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG