Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эмісія грошай — наркотык для эканомікі»


Чаму Лукашэнка выступіў супраць павелічэньня эмісіі грошай?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: 10 лютага Аляксандар Лукашэнка правёў нараду на тэму эканамічнага разьвіцьця Беларусі. У цэлым абмяркоўвалася, ці заставацца ў рамках макраэканамічнай стабільнасьці, ці пайсьці на больш мяккія крокі па друкаваньні грошай, на эмісію. Напярэдадні нарады ў прэсу пратачылася інфармацыя пра тое, што былы кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч напісаў Лукашэнку ліст пра неабходнасьць зьменаў у эканамічнай палітыцы.

Пасьля гэтай сустрэчы была інфармацыя, што сапраўды маштабная грашовая эмісія стала ключавым момантам гэтай размовы. Але, як сьцьвярджаюць крыніцы tut. by, Пётр Пракаповіч не прапаноўваў запусьціць друкарскі станок. У яго лісьце праводзіўся аналіз 2 гадоў дзейнасьці ўраду, падзеньня ВУП, інвэстыцыяў, зьніжэньня даходаў, але не прапаноўвалася вялікіх крокаў. Сярод прапаноў было падвышэньне даступнасьці крэдытаў, збліжэньне іх узроўню з інфляцыяй, стымуляваньне будаўніцтва індывідуальнага жыльля, актывізацыя ўнутраных інвэстыцыяў.

Можна сказаць, што прыблізна такія эканамічныя захады якраз і праводзіліся ў нулявыя-дзесятыя гады, калі Пётр Пракаповіч быў старшынём Нацыянальнага банку. Нягледзячы на тое, што крыніцы кажуць, што Пракаповіч не прапаноўваў друкарскі станок уключыць, але звычайна менавіта гэтыя крокі якраз і прыводзілі да эмісіі і ў далейшым да дэвальвацыі і высокай інфляцыі.

Аднак Аляксандар Лукашэнка на нарадзе заявіў: «Калі нехта разьлічвае на маштабную эмісію, то маё патрабаваньне абсалютна вядомае і сыходзіць з сутнасьці эканамічнага разьвіцьця апошніх гадоў: пустых грошай друкаваць не будзем».

Лукашэнка выступіў у ролі лібэральнага эканаміста.

Вось так нетыпова Лукашэнка выступіў у ролі лібэральнага эканаміста, прынамсі прыхільніка макраэканамічных жорсткіх падыходаў. Гэта кажа напэўна пра тое, што калі ўдасца прыхільнікам падыходаў стабільнасьці беларускага рубля адстаяць сваю пазыцыю, то магчыма гэта будзе ключавым паваротным пунктам беларускай эканамічнай палітыкі.

Ёсьць меркаваньне, што справа ня толькі ў асобе Пракаповіча, але ягонымі вуснамі гавораць і лабісты, перш за ўсё прамысловасьці, якія ў нейкім сэнсе стаяць за яго сьпінай і менавіта яны патрабавалі зьмены ў эканамічнай палітыцы. У якасьці аргумэнту яны прыводзяць тыя відавочныя нэгатыўныя наступствы, якія яны зьвязваюць са стабілізацыяй рубля.

Гэта зьніжэньне ВУП, які цяпер штучна не падтрымліваецца крэдытамі і інфляцыяй, гэта рост беспрацоўя, ну і ўвогуле рост сацыяльных выдаткаў ад такой жорсткай макраэканамічнай палітыкі. Але выглядае, што ўсё ж на цяперашні момант большасьць тых людзей, якія і прысутнічалі на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, і магчыма сам ён, зьяўляюцца прыхільнікамі такога курсу, які праводзіцца апошнія паўтара году — на адсутнасьць пустых грошай і на датрыманьне жорсткага курсу рубля.

На гэты момант даляр каштуе менш за 1.90 рубля і можна ўзгадаць, што калісьці, калі беларускія ўлады заявілі, што ў канцы 2016 году курс будзе 1.86, так было заплянавана, большасьць незалежных эканамістаў з гэтага проста сьмяялася і заяўляла, што курс будзе не менш за 3 рублі. Мы маем цяперз менш за 1.9 рубля. То бок парадаксальным чынам прагноз беларускіх уладаў быў нашмат бліжэйшы да рэальнасьці, чым пэсымістычны незалежны.

Таксама прыйшло паведамленьне, што ключавыя рашэньні па далейшым разьвіцьці эканомікі могуць быць прынятыя ў часе справаздачы ўраду ў Аляксандра Лукашэнкі, якая адбудзецца ў канцы лютага. І вось там напэўна на нейкі час у гэтай дыскусіі будзе пастаўленая кропка. Мой прагноз — беларускія ўлады ўжо ўсьвядомілі неабходнасьць макраэканамічнай стабільнасьці і гэты курс будзе працягнуты.

Калі вы робіце дэнамінацыю, то потым пускаць станок вельмі псыхалягічна і палітычна нявыгадна, шкодна.

Дракахруст: Я таксама згодны з такім прагнозам. У мяне абгрунтаваньне палягае ў падзеі, якая адбылася ў мінулым годзе. А менавіта — у дэнамінацыі. Калі вы кажаце А, вы павінныя казаць Б. Калі вам напляваць на лёс нацыянальнай валюты — можна і ўключыць станочак. Але калі вы робіце дэнамінацыю, калі ўкладаеце рэсурсы, тлумачыце нешта насельніцтву, то потым пускаць станок вельмі псыхалягічна і палітычна нявыгадна, шкодна.

Бо адна справа, калі курс 20 тысяч, а потым стаў 30 тысяч, і ўжо ўсе прызвычаіліся да таго, што гэтыя тысячы, нулі мільгацяць. А калі сёньня 2 рублі даляр, а заўтра тры — гэта зусім іншае. І таму леташняе рашэньне ўжо вымагала цяперашняга рашэньня.

Так, магло быць прынятае і іншае, калі б адбылася нейкая велізарная эканамічная катастрофа — але велізарнай катастрофы мы якраз не назіраем. Ну так, эканамічнае становішча складанае, але можна сказаць пра нейкія маленечкія нават станоўчыя зрухі — вось крыху нафта падаражэла. То бок нельга сказаць, што друкавальны станок — гэта апошняе выратаваньне.

Доўгі досьвед, доўгае жыцьцё паказала, што гэта чысты наркотык. Сёньня ты ўкалоў, сёньня табе добра, а заўтра будзе кепска. І Аляксандар Лукашэнка за час свайго доўгага кіраваньня Беларусьсю пераканаўся, што гэта працуе менавіта так, і што гэтыя грошы выскокваюць вельмі хутка на рынак.

Вось, дарэчы, можна параўноўваць з Расеяй. Там Пуцін даволі цьвёрда трымаецца лініі манэтарызму Кудрына. І ўсё ж такі друкавальны станок ён ахоўвае ад рук тых, хто хацеў бы яго запусьціць.

Але пры ўсім тым у Расеі рэакцыя рынку не імгненная. Мы памятаем, як там напрыканцы 2014 году абваліўся курс. Але цэны скокнулі не адразу і ня так моцна. А ў Беларусі гэта адбываецца імгненна. Як толькі грошы зьяўляюцца на рынку, адразу падае курс і адразу ж ляцяць уверх цэны. Лукашэнка проста гэтую няхітрую арытмэтыку зразумеў, таму нягледзячы на ўсе добрыя пачуцьці спадара Пракаповіча, вырашыў гэтага не рабіць.

Яшчэ адзін фактар — пажаданьні МВФ.

Яшчэ адзін фактар — пажаданьні МВФ. Так, пакуль крэдыт не далі, але можа і дадуць. А вось калі станок запусьціць — дык дакладна не дадуць. Таму я думаю, што ваш прагноз справядлівы.

Цыганкоў: На жаль насуперак нам гаворыць беларуская гісторыя, падчас якой з 1991 году было толькі некалькі гадоў, калі курс беларускага рубля не мяняўся.

Дракахруст: Першы раз гэта было ў 1995 годзе, калі Багданкевіч год трымаў курс.

Цыганкоў: Ну вось, максымальна год-два трымаўся курс у гісторыі Беларусі, а далей зноў адбывалася дэвальвацыя. Вось гэта кепская тэндэнцыя.

Карбалевіч: Ёсьць некалькі аргумэнтаў на карысьць таго, каб не мяняць жорсткую грашовую палітыку. Найперш, гэта патрабаваньне замежных крэдытораў. І Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця, і МВФ выстаўляюць у якасьці ўмовы выдзяленьня крэдытаў менавіта жорсткую манэтарную палітыку ўладаў.

Другі момант. Такая палітыка, якая цягнецца ўжо два гады, дала плён. Адносна стабільны абменны курс рубля. Зьбітыя дэвальвацыйныя чаканьні насельніцтва, падвысіўся давер да фінансавай сыстэмы Беларусі з боку людзей. Гэта вылілася ў тое, што людзі цяпер не скупляюць ажыятажна валюту, як было раней, а наадварот, пачалі прадаваць валюту. І гэта дарагога каштуе. Страціць такія здабыткі было б глупствам.

Калі народ цярпіць, то навошта нешта мяняць?

Так, адваротным бокам жорсткай грашовай палітыкі стаў параліч дзяржаўнага сэктару эканомікі. Аднак эканамічны крызыс не перарос у сацыяльны, у краіне спакойна, ніякіх пратэстаў, працоўных канфліктаў ці хаця патрабаваньняў павысіць заробкі няма. Дык калі народ цярпіць, то навошта нешта мяняць?

Запуск друкарскага станка і давядзеньне сярэдняга заробку да 500 даляраў патрэбныя толькі ў адным выпадку: калі Лукашэнка плянуе ў пачатку 2018 году правесьці рэфэрэндум аб павелічэньні прэзыдэнцкага тэрміну. У такім разе можна ахвяраваць усімі рацыянальнымі эканамічнымі аргумэнтамі. Але, гледзячы па ўсім, гэтае пытаньне пакуль не вырашанае.

Цыганкоў: Запуск друкарскага станка і давядзеньне заробку да 500 даляраў — гэта ж рознаскіраваныя задачы. Калі запускаецца друкарскі станок, робіцца больш грошай і будзе дэвальвацыя. А калі, то заробак падае. Цяпер, калі курс стабільны, то заробак хутка, праз некалькі месяцаў, дарасьце да 500 даляраў проста з-за таго, што курс рубля ўмацоўваецца.

Карбалевіч: Паміж запускам друкарскага станка і дэвальвацыяй ёсьць нейкі пэўны тэрмін. І вось за гэты тэрмін можна правесьці рэфэрэндум.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG