Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Менску не ўдалося стаць «донарам бясьпекі» ў рэгіёне


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Глод: Доўгі час ніхто не аспрэчваў думкі, што альтэрнатывы менскім пагадненьням па Ўкраіне ня проста няма, яе наагул не існуе. Маўляў, нармандзкая чацьвёрка выпрацавала добрыя дакумэнты. А канфлікт не заціхае толькі таму, што два бакі (украінскі і расейскі) не выконваюць дасягнутае пагадненьне.

Аднак апошнім часам, асабліва ва Ўкраіне, нарастае незадаволенасьць. У Кіеве лічаць, што Крэмль празь менскую пляцоўку ўцягнуў Украіну ў пастку. Украінскія ўлады адмаўляюцца нешта рабіць у пляне палітычнага ўрэгуляваньня на Данбасе да таго, як Расея выведзе адтуль свае войскі. Аднак Масква іх выводзіць катэгарычна не зьбіраецца, а іншыя ўдзельнікі «нармандзкага фармату» падштурхоўваюць Украіну з гэтым зьмірыцца. Таму цяпер ёсьць толькі адзін выхад — адрынуць менскія пагадненьні і замест іх распрацаваць новыя.

Усё больш экспэртаў прыходзяць да думкі, што менскі фармат адпачатку быў спраектаваны так, што ня можа вырашыць тыя пытаньні, якія ў ім запісаныя. Таму, мабыць, трэба пераходзіць на іншы фармат.

У адзін дзень, 8 лютага, адразу двое народных дэпутатаў Украіны — Віктар Балога і Сяргей Тарута — апублікавалі свае пляны-прапановы, як дасягнуць міру на Данбасе і наагул урэгуляваць тамтэйшы канфлікт. Спадар Тарута прапануе накіраваць у зону канфлікту міратворчыя сілы ААН. Такое рашэньне павінна прыняць Рада Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. А «калі хтосьці заблякуе такое рашэньне ці прагаласуе супраць, то гэты хтосьці возьме на сябе адназначную адказнасьць за правал урэгуляваньня ў Данбасе».

Аднак некаторыя экспэрты кажуць, што міратворцы ААН, на якіх ускладае надзеі Тарута, могуць, як максымум, стаць паміж украінскімі і расейскімі войскамі, каб спыніць стральбу. Але яны ня могуць прымусіць Расею наагул вывесьці свае войскі з Данбасу.

Некаторыя экспэрты лічаць, што галоўная слабасьць менскіх пагадненьняў — у тым, што там агульная канфліктная сытуацыя не вызначаецца як вынік сілавых агрэсіўных дзеяньняў Расеі. І, адпаведна, дакумэнты ня ўтрымліваюць пунктаў, як гэтую расейскую сілу абясшкодзіць.

Таксама існуе думка, што сытуацыю ва Ўкраіне нельга вырашыць наагул, не далучыўшы да праблемы Злучаныя Штаты Амэрыкі. А гэта азначае, што «нармандзкі» фармат трэба ператвараць у «жэнэўскі». Узьнікаюць прапановы далучыць да перамоваў і Польшчу — як краіну-суседку Ўкраіны, альбо нават увесь Эўразьвяз.

Такім чынам, пакуль іншага фармату, акрамя менскага, няма. Аднак усё больш і больш экспэртаў прыходзяць да думкі, што менскі фармат адпачатку быў спраектаваны так, што ня можа вырашыць тыя пытаньні, якія ў ім запісаныя. Таму, мабыць, трэба пераходзіць на іншы фармат.

А што думаеце пра гэта вы, калегі?

Цыганкоў: Выглядае, што гэтая думка на сёньня паноўная па абодва бакі — тое, што менскі фармат на сёньняшні дзень ужо вычарпаў сябе. Безумоўна, у свой час Менскія пагадненьні алыгралі сваю пазытыўную ролю, на пэўны момант яны цалкам прыпынілі ваенныя дзеяньні. Але празь некалькі месяцаў абодва бакі пераканаліся, што яны, па сутнасьці, ня хочуць выконваць гэтыя пагадненьні. І ўся палітыка-дыпляматычная гульня ішла вакол таго, як бы іх не выконваць і як бы абвінаваціць іншы бок у невыкананьні. Расея абвінавачвала кіеўскія ўлады, што тыя ня хочуць праводзіць вольныя выбары на тэрыторыі Данецкай і Луганскай «рэспублік». У сваю чаргу, Украіна ня менш падставаў мела абвінавачваць альбо сэпаратыстаў, альбо ўласна Маскву ў тым, што няма кантролю на расейска-украінскай мяжы, і г.д. Шмат парушэньняў з абодвух бакоў, і цяпер можна ўзгадаць, на якім фоне мы абмяркоўваем гэтыя тэмы. Тыдзень таму адбылося абвастрэньне сытуацыі, што выявілася ў ваенных дзеяньнях вакол населенага пункту Аўдзееўка, у выніку — дзясяткі сьмерцяў вайскоўцаў і мірных жыхароў.

Магчыма, новая адміністрацыя ЗША вымушаная будзе ўзяць удзел у мірным працэсе ва Ўкраіне.

Вэрсіі, чаму гэтае абвастрэньне адбылося, такія. Перш за ўсё тое, што Крэмль прамацвае новую амэрыканскую адміністрацыю, як яна будзе рэагаваць на тое, што адбываецца па лініі фронту, і якую пазыцыю зойме. Амэрыканская адміністрацыя пакуль думае, выказвае заклапочанасьць, як гэта традыцыйна прынята ў дыпляматыі, але ня робіць нейкіх захадаў. Бо сапраўды ідзе сур’ёзная геапалітычная гульня вакол санкцыяў адносна Расеі, вакол магчымасьці Вашынгтону ў нейкіх пытаньнях супрацоўнічаць з Масквой. І тут самае трагічнае, што гэтая тэма становіцца закладнікам гэтых геапалітычных гульняў, разьменнай манэтай. Як будзе разьмененая сытуацыя ў Данбасе — на Сырыю, на ядзернае раззбраеньне — мы ня можам сказаць. Але, безумоўна, цяпер вялікія дзяржавы вырашаюць, якім чынам яны могуць паўплываць, і Ўладзімер правільна адзначыў такі парадаксальны факт, што ранейшая адміністрацыя Вашынгтону адасобілася ад удзелу ў мірным працэсе. Магчыма, што новая адміністрацыя — пры тым, што Дональд Трамп ня раз заяўляў, што Амэрыцы трэба менш умешвацца ў розныя сытуацыі ў сьвеце, і што пра ягоную палітыку кажуць як пра патэнцыйна ізаляцыянісцкую, — вымушаная будзе ўзяць удзел. Які — пытаньне адкрытае. А закрытае — у тым сэнсе, што менскі фармат вычарпаў сябе.

Карбалевіч: Давайце разьдзелім два пытаньні. Першае пытаньне. Менскія дамоўленасьці не выконваюцца. І, на мой погляд, яны ня могуць быць выкананыя, бо супярэчнасьці паміж Расеяй і Ўкраінай непрымірымыя і бескампрамісныя.

Другое пытаньне: Менск як перамоўная пляцоўка. Сама пляцоўка не вінаватая ў тым, што яе выкарыстоўваюць неэфэктыўна. Можна, вядома, перанесьці перамовы ў іншую краіну, у Жэнэву ці Бэрлін, дзе, дарэчы, праходзіла сустрэча міністраў замежных спраў «нармандзкай чацьвёркі». Але што гэта памяняе?

Але зьвярнуў бы ўвагу на іншы момант. Адносны дыпляматычны посьпех (правядзеньне самітаў у Менску) моцна ўскружыў голаў беларускаму кіраўніцтву. Яно пачало жыць у сфэры сваіх фантазій. Улады абвясьцілі краіну цэнтрам сусьветнага міратворчага працэсу, «донарам бясьпекі» ў рэгіёне, месцам, пляцоўкай вырашэньня ўсіх міжнародных канфліктаў. За гэтыя два гады афіцыйны Менск пачаў фантанаваць міратворчымі ініцыятывамі. Каго толькі ён не зьбіраўся мірыць!

Адносны дыпляматычны посьпех (правядзеньне самітаў у Менску) моцна ўскружыў голаў беларускаму кіраўніцтву. Улады абвясьцілі краіну цэнтрам сусьветнага міратворчага працэсу, «донарам бясьпекі» ў рэгіёне.

Падчас сустрэчы з дэлегацыяй Камітэту па палітыцы і бясьпецы Рады ЭЗ мінулым годам Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Менск як пляцоўку для ўрэгуляваньня адносін паміж Усходам і Захадам: «У свой час для разрадкі ў адносінах паміж Захадам і Ўсходам спатрэбіўся Хэльсынскі працэс, які ў выніку прывёў да стварэньня АБСЭ. Давайце... паспрабуем запусьціць міратворчы працэс, магчыма, «менскі працэс».

Менск прапаноўваў ролю пасярэдніка па прымірэньні Расеі і Турэччыны, калі паміж імі ўзьнік канфлікт. Беларусь выступіла з ідэяй стаць міратворцам у армянска-азэрбайджанскім канфлікце.

У траўні 2016-га Лукашэнка пасьля візыту ў Ватыкан да папы агучыў сваю даўнюю ідэю аб сустрэчы ў Беларусі пантыфіка з патрыярхам Рускай праваслаўнай царквы Кірылам. Але гэтага Аляксандру Лукашэнку здалося мала, і ён пайшоў далей. «Усё ў руках Госпада. Калі ён дабраславіць, то нашы вышэйшыя герархі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў сустрэнуцца на беларускай зямлі. Думаю, што запросяць туды і прадстаўнікоў мусульманскага сьвету, і юдэяў, і людзей іншых канфэсій», — сказаў беларускі лідэр. І дадаў: «Запрасілі б сьвятароў і эўрапейскіх, і ўкраінскіх, і расейскіх, і нашых. Селі б, пагаварылі, а потым усе разам перад мільёнамі паломнікаў памаліліся б у імя міру». Вось, аказваецца, дзе біблейская «зямля запаветная».

Выступаючы перад расейскімі журналістамі, Лукашэнка прапанаваў увесьці ў Данбас беларускія міратворчыя сілы і нават вызваўся правесьці там выбары!

Цікава тое, што ня толькі ўлада апынуліся ў палоне гэтай новай беларускай міталёгіі. Здаецца, трошкі «зьнесла дах» і ў часткі незалежнага грамадзтва. Недзяржаўныя аналітычныя структуры падхапілі гэтую ідэю і нават распрацавалі цэлую канцэпцыю, новую стратэгію беларускай дыпляматыі. Зьявіўся нават слоган: Менск — новая Жэнэва. У перадачы АНТ «Дело принципа», дзе абмяркоўваліся вынікі амэрыканскіх выбараў, прагучала прапанова выступіць з ініцыятывай правядзеньня ў Менску сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Дональда Трампа.

Трэба ўсім трохі спусьціцца на зямлю. Беларусь сёньня — малапрыкметная краіна ў сьвеце. Прычым краіна праблемная. У Беларусі ёсьць замарожаны ўнутрыпалітычны канфлікт. Якім чынам дзяржава, якая ня ў стане ўрэгуляваць уласныя праблемы, прэтэндуе на вырашэньне нейкіх міжнародных канфліктаў?

Да таго ж Беларусь фармальна, а ў значнай ступені і фактычна ня ёсьць нэўтральнай дзяржавай. Яна — саюзьніца Расеі, чалец вайскова-палітычнага блёку АДКБ, сябра Эўразійскага эканамічнага саюзу. А РФ сёньня — адна з галоўных удзельніц міжнародных канфліктаў, галоўны віноўнік разбурэньня сыстэмы рэгіянальнай бясьпекі, якая існавала дагэтуль.

XS
SM
MD
LG