Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні сям’я Станкевічаў змагаецца за беларускамоўную групу ў садку, бракуе чатырох дзетак


Сямья Станкевічаў

Карэспандэнт Свабоды пабываў у гасьцях сям’і Віталя і Аксаны Станкевічаў у Горадні, якія дзеля стварэньня беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку для свайго сына Янкі загітавалі ўжо шэсьць чалавек.

Для стварэньня групы засталося знайсьці яшчэ чатырох, але пакуль больш ніхто не адгукаецца. Часу засталося толькі да красавіка.

Янку Станкевічу паўтара годзіка. У верасьні ён пойдзе ў дзіцячы садок. Ягоныя тата Віталь і мама Аксана вельмі стараюцца знайсьці ў мікрараёне Фолюш Горадні 10 дзетак для ясельнай групы альбо 12 для рознаўзроставай з тым, каб у садку адкрылі для іх беларускамоўную групу. Аксана Станкевіч вельмі проста тлумачыць такое жаданьне:

— Мы ў сям’і размаўляем з мужам па-беларуску, і наш Янка зь першых дзён чуе беларускую мову. І свае першыя словы — тата, мама — таксама сказаў па-беларуску. І я вельмі баюся, што яму будзе няўтульна ў садку, калі ня будзе гучаць ягоная родная мова. Не загадваю, як будзе далей, але дашкольную падрыхтоўку ў садку вельмі б хацелася атрымаць па-беларуску. Каб зь ім там выхавальніцы гаварылі па-беларуску, каб былі сябры, якія будуць таксама гаварыць на роднай мове. І нам было б вельмі прыемна знайсьці людзей, якія б падзялялі нашы погляды, любілі нашу мову. Мы вельмі шкадуем, што беларуская мова сёньня амаль нідзе не ўжываецца, і вельмі б хацелі на сваім прыкладзе прапагандаваць яе.

І Віталь, і Аксана — яшчэ маладыя людзі, далёка да трыццаці. Атрымалі ў сталіцы вышэйшую адукацыю (Віталь — інжынэр, Аксана — юрыстка), працуюць у Горадні ў дзяржаўных установах. Яны ўжо зьвярталіся ў рана па месцы жыхарства наконт адкрыцьця беларускамоўнай групы ў садку. Віталь кажа, што там да іхнай прапановы паставіліся станоўча. Праўда, для таго, каб група працавала, патрэбна дзесяць чалавек.

Віталь Станкевіч
Віталь Станкевіч

— Нам нават паабяцалі, што калі набяром групу, то больш ніякіх праблемаў мець ня будзем, паколькі ёсьць адпаведныя праграмы, ёсьць кваліфікаваныя кадры, падбяруць садок...

Аксана дадае, што спачатку стварылі групу ў сацыяльных сетках. Адазваліся 12 бацькоў, але, паводле яе, разлічваюць яны дакладна на 6 сем’яў, паколькі астатнія апошнім часам не выходзяць на сувязь.

— Мы нават былі трохі ўражаныя, колькі людзей цікавяцца тым, каб аддаць сваіх дзетак у беларускамоўны садок. На жаль, ня ўсе падтрымліваюць кантакт, і таму цяжка арыентавацца, колькі іх набярэцца да красавіка.

Віталь дадае, што водгукі на іхную ініцыятыву былі ў сацсетках розныя. Некаторыя людзі імкнуліся папракнуць іх у тым, што, маўляў, ствараюць для свайго дзіцяці нейкае прывілеяванае становішча, каб яно выхоўвалася ў невялікай групе, а ня так, як у астатніх.

— Мне, вядома, было трохі сьмешна такое чытаць. Я іх усіх запрашаў у гэтае прывілеяванае становішча, бо для нашага Янкі будзе толькі лепш, калі ён будзе мець больш сяброў у садку, потым пойдзе з імі вучыцца ў адну клясу — ну гэта ж проста натуральна.

Янка Станкевіч з мамай Аксанай
Янка Станкевіч з мамай Аксанай

Віталь кажа, што калі трохі пацяплее, то пойдзе па сваім раёне разьвешваць аб’явы і спадзяецца, што яшчэ нехта адгукнецца. Ён наагул лічыць, што гэта рэальна, паколькі, паводле яго, беларуская мова ў жыцьці не стварае праблемаў, а наадварот дае новы стымул.

Ён вучыўся ў беларускай школе на Вілейшчыне, з маленства чуў мову ад сваіх бацькоў і бабуль, для яго яна натуральная.

— Проста людзям, відаць, трэба перастаць баяцца, што іх дзеці вырастуць непаўнавартаснымі, калі будуць вучыцца па-беларуску. Што будуць дрэнна разумець іншыя мовы і рабіць памылкі. Проста дзяцей трэба выхоўваць, а не аддаваць на волю вуліцы, кампаніі ці лёсу, даўшы ў рукі новы пляншэт. Дзецьмі, на мой погляд, трэба займацца, і тады яны будуць ведаць ня проста некалькі моў, а і матэматыку, і хімію, і іншыя прадметы.

Аксана распавядае, што з вопыту іхных сяброў у беларускіх групах заўсёды добрыя выхавальніцы, добра ставяцца да дзетак, і яна марыць, каб у ейнага Янкі была такая ж. Бо тады дзеткі з большай радасьцю ідуць у садок, цягнуцца да вывучэньня нечага новага.

— Мы ня думаем, што ў беларускай групе ў садку павінна быць нешта звышнатуральнае кшталту дарагіх цацак. Не, нашы дзеткі павінны мець усё тое ж, што і астатнія. Проста хацелася б, каб дзіця прыходзіла ў садок і чула з усіх бакоў беларускую мову.

Так зьбіраецца гісторыя сям’і Станкевічаў у здымках
Так зьбіраецца гісторыя сям’і Станкевічаў у здымках

Наагул і Віталь, і Аксана кажуць, што выхоўваць дзіця па-беларуску няпроста, паколькі не хапае беларускіх кніжак, цацак з галасамі, песьнямі па-беларуску. Віталь зазначае, што і набыць іх праблематычна:

— Асабліва нестае вось такіх мультымэдыйных забавак. Дзеткам цяпер важна, каб яны ня толькі рухаліся, але і каб органы слыху, зроку былі таксама задзейнічаныя, а цацак з беларускімі песьнямі ці проста словамі, літарамі нідзе няма. Прынамсі, мы ня маем. А дзеці любяць усё мацаць, і каб яно гаварыла, сьпявала і г.д.

Цікаўлюся напрыканцы нашае размовы ў сям’і Станкевічаў, ці здолеюць яны ўсё ж знайсьці неабходную колькасьць аднадумцаў, якія захочуць аддаць сваіх дзетак у беларускую групу? Аксана кажа, што будзе вельмі прыемна, калі ўдасца стварыць такую групу ў іх раёне. А Віталь дадае, што людзям ня варта зьвязваць беларускую групу ў садку зь нейкімі палітычнымі колерамі.

— Па-мойму, тут усё проста, нам трэба станавіцца самімі сабой, беларусамі, і ў гэтым няма нічога такога ні страшнага, ні зайздроснага. Для нас гэта ўсё натуральна, ня трэба нічога баяцца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG