Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве ствараюць суботнюю беларускую групу ў садку


Марыся Лукашэвіч

Неўзабаве ў Варшаве мае зьявіцца беларускамоўная група ў адным з муніцыпальных садкоў гораду. Для стварэньня такой групы польскае заканадаўства патрабуе ўсяго траіх дзяцей, а зацікаўленых ужо каля дзясятку сем’яў. Свабода пагутарыла з Алесем Лукашэвічам, адным з ініцыятараў гэтай ідэі.

Гурневіч: Алесь, навошта ствараць для дзяцей беларускую групу ў польскім дзіцячым садку? Калі вы жывяце ў Варшаве, то ці не павінны вашыя дзеці хадзіць у польскі садок?

Каб дзеці бачылі, што гэта ня толькі мова выключна мамы ці таты.

Лукашэвіч: Мы імкнемся стварыць міжсадковую/міжшкольную групу, якая б сустракалася па суботах на тры гадзіны — столькі прадугледжвае закон — у нейкай вызначанай самакіраваньнем школе ў цэнтры Варшавы. То бок беларускія дзеці ад панядзелку па пятніцу хадзілі бы кожны ў свой польскамоўны садок у сваім раёне, а па суботах зьбіраліся б разам у адным месцы на занятках беларускай мовы. Мы ладзім гэта, перадусім, для таго, каб дзеці, якія выхоўваюцца ў беларускіх і беларуска-польскіх сем’ях, бачылі, што па-за ўласнай хатай беларуская мова таксама функцыянуе, што ёсьць іншыя дзеці, якія на ёй размаўляюць, што ёсьць іншыя беларускамоўныя дарослыя і прафэсійныя настаўнікі мовы, што гэта ня толькі мова выключна мамы ці таты.

Алесь Лукашэвіч з дачкой
Алесь Лукашэвіч з дачкой

Гурневіч: Колькі бацькоў і дзяцей зацікаўленыя ў стварэньні беларускай групы ў Варшаве?

Лукашэвіч: Пакуль што ініцыятывай зацікавіліся каля дзесяці сем’яў. Перад намі яшчэ дзьве сустрэчы, якія мы арганізуем для бацькоў:
— 8 лютага (серада) а гадзіне 18:00, Muzeum Ikon ul. Lelechowska 5
— 25 лютага (субота) а гадзіне 12:00 Biblioteka Multimedialna Nautilus ul. Pancerna 18
Пасьля гэтых спатканьняў можна будзе дакладна сказаць, якую групу дзяцей мы ў стане сабраць.

Гурневіч: А якія ўмовы неабходна выканаць для стварэньня такой групы?

Лукашэвіч: Для стварэньня міжсадковай/міжшкольнай групы дастаткова знайсьці траіх дзяцей з дадзенай гміны (у нашым выпадку — з Варшавы). Гаворка вядзецца пра дзяцей, якія:
— нарадзіліся ў 2014 годзе і раней,
— маюць польскае грамадзянства,
— прапісаныя ў Варшаве,
— мама і/ці тата — беларус/cка.

Беларускамоўная мама ці тата ня мусяць мець польскага грамадзянства.

Пры гэтым беларускамоўная мама ці тата ня мусяць мець польскага грамадзянства, дастаткова карты побыту альбо проста візы. Вядома, што ў законе прапісаныя агульныя ўмовы, усе патрабязнасьці трэба абмяркоўваць з самакіраваньнем. Гэта наш наступны крок. Пакуль што зьбіраем зацікаўленых бацькоў.

Гурневіч: А дзе фізычна можа знаходзіцца садок? Ці захочуць бацькі з розных раёнаў Варшавы вазіць туды сваіх дзяцей, калі яны з абсалютна розных раёнаў?

Лукашэвіч: Пра месца, дзе будуць адбывацца заняткі мы яшчэ будзем размаўляць з самакіраваньнем і бацькамі. Мяркую, што скарыстаемся досьведам украінцаў, якія некалькі гадоў таму стварылі ў Варшаве міжшкольны аддзел навучаньня ўкраінскай мовы, які працуе дагэтуль. Украінскія дзеці сустракаюцца па суботах у адной з варшаўскіх школаў у цэнтры гораду. Вядома, што для кожнага з такіх зацікаўленых бацькоў гэта дадатковая нагрузка — вазіць па выходных дзяцей у школу, таму тут трэба быць моцна матываваным татам і мамай. З другога боку, усё гэта робіцца для ўласных дзяцей, для іх усебаковага разьвіцьця і будучыні.

Гурневіч: Якія ўмовы гарантуе польская дзяржава ў такой групе? Патрэбныя ж выхавацелі, заробак, харчаваньне, абсталяваньне?

Адзнака з гэтых заняткаў будзе ў школьных пасьведчаньнях.

Лукашэвіч: Усе падрабязнасьці стануць вядомыя толькі пасьля таго, каб створым групу і абмяркуем нашыя патрэбы з варшаўскім самакіраваньнем. Для нас, бацькоў, галоўнае — каб увогуле пачаць працэс. Як казаў Лао-цзы: «Дарога ў тысячу лі пачынаецца з першага кроку». Пакуль магу толькі адзначыць, што заняткі будуць весьціся прафэсійнымі настаўнікамі і выхавацелямі на тым жа прафэсійным узроўні, што і іншыя заняткі ў польскім садку ці школе. Болей за тое, адзнака з гэтых заняткаў будзе ў школьных пасьведчаньнях.

Гурневіч: Ці спрабавалі вы альбо можа будзеце спрабаваць атрымаць дапамогу ад беларускай дзяржавы?

Лукашэвіч: Ад беларускай дзяржавы можна дачакацца хіба што дадатковых падаткаў. Я думаю, што мы задаволімся дапамогай беларусаў. Нам было б цікава, напрыклад, запрашаць на такія заняткі нейкіх вядомых людзей у галіне адукацыі і беларускай мовы — напрыклад, таго ж Глеба Лабадзенку ці нейкіх дзіцячых пісьменьнікаў. Але ўсё гэта пазьней. Пакуль што трэба ўвогуле пачаць.

Гурневіч: Што вас асабіста матывуе да таго, каб вашыя дзеці ведалі беларускую мову? І ці магчыма выхаваць за мяжой дзяцей-беларусаў?

Беларуская мова — гэта культурны код людзей з высокай матывацыяй і актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй.

Лукашэвіч: Мне здаецца, што ўсе бацькі, якія адгукаюцца на нашую ініцыятыву — гэта самадастатковыя і сфармаваныя людзі, якім ня трэба тлумачыць відавочных рэчаў. Для іх беларуская мова — гэта частка сьветапогляду і адзін з асноўных элементаў нацыянальнай сьвядомасьці. Яны самі зьяўляюцца актыўнымі носьбітамі мовы і жадаюць, каб іхнія дзеці мелі ўяўленьне пра карані і культуру краіны, зь якой паходзіць іх род. Выхоўваць дзяцей па-беларуску за мяжой складана, таму ладзім падобныя ініцыятывы, каб нейкім чынам «інстытуцыяналізаваць» нашыя выхаваўчыя і адукацыя памкненьні. Але з падобнымі праблемамі шмат хто сутыкаецца і ў Беларусі. Беларускамоўныя людзі, якія жывуць у цяперашняй Беларусі ў пэўным сэньсе таксама ў эміграцыі, толькі ўнутранай. Як бы там ні было, беларуская мова — гэта культурны код людзей з высокай матывацыяй і актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй.

Глядзець камэнтары (2)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG