Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Movabox ахапіў 32 тысячы чалавек


9 лютага стартаваў трэці этап праекту «Мовабокс» ад Velcom, прысьвечанага ўсебаковай папулярызацыі беларускай літаратуры — як анлайн, так і афлайн. Цяпер да кавы можна ўзяць зборнік паэзіі Віктара Жыбуля, а на сайце праекту прайсьці тэст па хуліганскіх вершах паэта, атрымаць вершаваны вынік і, магчыма, выйграць кнігу з артэфактамі да яе.

Сярод акцыяў #чытаем разам , «Чытаем па-беларуску з Velcom», «Музэй дзецям з Velcom» праект Movabox вылучаецца тым, што папулярызуе літаратуру ў розных фарматах: як праз адмысловы тэст на сайце movabox.by, які вірусна распаўзаецца па сацыяльных сетках, так і праз буккросінг у кавярнях па ўсёй Беларусі. Папярэднія «Мовабоксы» з артэфактамі паводле кніг былі прысьвечаныя творам Людмілы Рублеўскай і Альгерда Бахарэвіча. Не засталася па-за ўвагай арганізатараў і дзіцячая літаратура: кніга Вольгі Гапеевай «Сумны суп» таксама была адзначаная ў межах праекту.

На прэзэнтацыі трэцяга «Мовабоксу» кіраўнік аддзелу брэнд-мэнэджмэнту Velcom Зьміцер Курловіч адзначыў, што праект ахапіў ужо больш як 32 тысячы чалавек. А гэта значыць, што сама мала 32 тысячы чалавек даведаліся пра існаваньне тэтралёгіі аб Пранцішу Вырвічу Людмілы Рублеўскай і раману «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча.

Перадаючы эстафэту Віктару Жыбулю, Бахарэвіч сказаў:

— Натуральна, калегі паставіліся да майго ўдзелу ў праекце з зайздрасьцю. А як інакш? Пазвалі мяне ў такі праект, раскруцілі, а я нават аніякіх намаганьняў не прыклаў, апрача таго, што напісаў кніжку. Узрасла цікавасьць да «Дзяцей Аліндаркі», узрасьлі продажы і колькасьць спампоўваньняў. Мы знаходзімся ў сытуацыі, калі ўсім ужо стала зразумела, што культура ня можа існаваць без падтрымкі. Людзі карыстаюцца паслугамі Velcom і паралельна пачынаюць карыстацца паслугамі нас, сьціплых работнікаў пяра.

Віктар Жыбуль, першы паэт у праекце, які спачатку ўдзельнічаў у ім на правах экспэрта, ня мог сабе ўявіць, што сам стане адным з чатырох аўтараў, паводле кніг якіх складуць «Мовабокс». Віктар Жыбуль прымаў удзел у складаньні тэсту для сайту і зрыфмаваў вынікі для кожнага характару: і для свавольніка, і для ціхоні, і для выдатніка, і для падбухторшчыка.

Зьлева - Віктар Жыбуль
Зьлева - Віктар Жыбуль

Артэфакты для «Мовабоксу» складаліся паводле кнігі «Дзяцел і дупло», хоць ані ў кнізе, ані ў «Мовабоксе» няма ні дзятла, ні дупла. Віктар Жыбуль патлумачыў гэта так:

— Дзяцел — гэта рытм-сэкцыя ў шматгалосым лясным аркестры, хоць назву можна трактаваць па-рознаму, нават па-фройдаўску. Некаторыя называюць маю кнігу хуліганскай, быццам бы я нейкі там Ганаровы хуліган раёна. Хе-хе, яны не бачылі яе ў першым варыянце, задуманым яшчэ ў 2008 годзе! Кніга выйшла толькі цяпер і складаецца з тэкстаў, зь якімі я выступаў на розных слэмах. Гэта, можна сказаць, паэтычны акцыянізм.

У каробцы, якую можа выйграць той, хто пройдзе тэст і пакіне свае кантакты, апрача кнігі, знаходзяцца розныя хуліганскія артэфакты: пакецік зь семкамі, пернік у выглядзе квіточка на аўтобус, лямцавы чалавечак на кнопцы, значок, трафарэцік і налепкі.

Віктар Жыбуль ня толькі паэт-хуліган, але і літаратуразнаўца-архівіст. Ды яшчэ аўтар самага вялікага паліндрому ў беларускай літаратуры. А вось колькі ў яго творчасьці ад літаратуразнаўства, а колькі ад хуліганства, гэта пытаньне:

— Маё хуліганства больш уплывае на паэзію, чым на літаратуразнаўства, бо цяжка сказаць, дзе ў літаратуразнаўстве я нахуліганіў. Выступаў я неяк на канфэрэнцыі, прысьвечанай Аркадзю Куляшову, з дакладам «Раньняя паэзія Аркадзя Куляшова і футурызм». Параўноўваў яго з Маякоўскім. Па тварах вучоных старэйшага пакаленьня было відаць, як гэта ім не падабалася. Адна выкладчыца паслухала і выказалася, што дзецям трэба падаваць ясныя, зразумелыя творы, а вось гэты футурызм — ну яго к чорту! На навуковай канфэрэнцыі! Дык я нават ня ведаю, хто з нас тут больш нахуліганіў.

Працягваючы тэму яснай паэзіі, Віктар Жыбуль распавёў пра творчыя посьпехі свайго сына Кастуся і ягоныя зусім не дзіцячыя вершы:

— Часам вершы Кастуся выглядаюць, як экспэрымэнты дарослага авангардыста. Неяк Кастусю прапанавалі надрукавацца ў часопісе «Вясёлка». Калі я даслаў у рэдакцыю ягоныя вершы, галоўны рэдактар Уладзімер Ліпскі проста разьвёў рукамі, маўляў, а што гэта такое? Давялося пару вершаў аформіць, быццам гэта хуткамоўкі і загадкі, і вось так надрукаваць.

Цяпер кнігу «Дзяцел і дупло» можна пачытаць у сетцы кавярняў, якія ўдзельнічаюць у праекце. А самому Віктару Жыбулю пад каву лепш заходзяць вершы замежных аўтараў у беларускіх перакладах, напрыклад Шарля Бадлера ці Гіёма Апалінэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG