Ужо цяпер на сайце movabox.by можна прайсьці тэст па гэтым творы (нават пакуль не чытаўшы яго) і паўдзельнічаць у розыгрышы скрынкі артэфактаў, зьвязаных з кнігай.
20 сьнежня арганізатары падвялі вынікі першага сэзону праекту, які складаўся зь дзьвюх частак: анлайн-тэсту ў жанры «Хто ты з тэтралёгіі Людмілы Рублеўскай?» і буккросінгу ў кавярнях. Паводле вынікаў тэсту, 10% удзельнікаў зьяўляюцца цмокамі, рэшта разьмеркавалася паміж галоўнымі героямі твору.
Кіраўнік аддзелу брэнд-мэнэджмэнту Velcom Зьміцер Курловіч падсумаваў вынікі першага этапу праекту:
«За 8 тыдняў першага этапу больш за 20 тысяч чалавек наведалі сайт, зь іх больш за 7 тысяч прайшлі тэст і 4270 удзельнікаў пакінулі кантакты для ўдзелу ў розыгрышы. Зь іх 20 шчасьліўчыкаў атрымаюць скрынку з кнігай Людмілы Рублеўскай і магчымасьцю вырасьціць сапраўдны крышталь, згатаваць верашчаку і запісаць „нятленку“ ў нататнік чарнакніжніка».
Рублеўская: гэта проста цуд
Людміла Рублеўская падзялілася сваімі ўражаньнямі ад ўдзелу ў праекце:
«Гэта проста цуд, калі ты адкрываеш сацыяльныя сеткі і сустракаеш там сваіх герояў: „Я — Паланэя Багінская“, „Я — Прантасій Вырвіч“, „Я — Баўтрамей Лёднік“. Цікава, што ў маім атачэньні цмокаў аказалася больш за 10 адсоткаў, а ў сям’і ўсе прайшлі тэст на Баўтрамея Лёдніка, майго ўлюбёнага героя. Такіх крэатыўных спосабаў прапаганды беларускай літаратуры яшчэ не было. Калі ёсьць водгукі, нейкія цікавінкі вакол кнігі, то гэта павышае шанцы чытача сустрэцца зь ёй. На маю думку, праект выканаў асноўную задачу — разбурыць стэрэатыпы вакол беларускай літаратуры».
Артэфактамі сама пісьменьніца скарысталася наступным чынам: выгадавала крохкі крышталь, падобны да вялікай сьняжынкі, запісала на чорных старонках нататніка верш, а вось верашчаку так і не прыгатавала, бо ў дылеме «раман ці верашчака» ўвесь час аддавала перавагу новаму раману, якім у хуткім часе пацешыць чытачоў.
Бахарэвіч: зайздрасьць прымушае рухацца
Другім удзельнікам праекту стаў вядомы бэлетрыст і эсэіст Альгерд Бахарэвіч зь ягонай улюбёнай кнігай «Дзеці Аліндаркі». Ён таксама атрымаў у падарунак першы «Мовабокс» з элемэнтамі коду, зь якога складаецца казка-ўтопія пра «мову на языку». У яго ўвайшла падарожная гульня, шышка, сродак ад камароў, пігулкі, ліхтарык і кавалак гліны, зь якога быў вылеплены адзін з герояў кнігі. На працягу 8 тыдняў на сайце можна будзе прайсьці тэст па кнізе, атрымаць свой моўны дыягназ і паўдзельнічаць у розыгрышы. А ў кавярнях можна будзе ўзяць і пачытаць кнігу Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын».
Бахарэвіч адзначыў, што ў Беларусі няма ніводнага пісьменьніка, у якога было б шмат чытачоў, і выказаў спадзеў, што ягоны ўдзел у праекце іх колькасьць павялічыць:
«Калі быць рэалістам, то на сёньня чытачоў у мяне тысячы дзьве. Я паглядзеў на лічбы пра кнігу Людмілы Рублеўскай і вось цяпер сяджу і зайздрошчу. Зайздрасьць наогул — гэта цудоўнае пачуцьцё, якое прымушае рухацца. Спадзяюся, што гэты праект станоўча паўплывае на пазнавальнасьць беларускіх аўтараў. Важна, каб людзі даведаліся, што такая кніга існуе, а ўжо спадабаецца ці не, гэта іншая справа».
Разважаючы пра пасярэдніцтва паміж кнігай і чытачом, Бахарэвіч адзначыў:
«Ні для кога не сакрэт, што ў Беларусі мэханізм прасоўваньня літаратуры адсутнічае. Пісьменьнікі ўсё робяць самі. Я сам дамаўляюся з кнігарнямі і выдаўцамі. Вось да мяне зьвярнуўся Velcom з прапановай паўдзельнічаць у праекце — я з радасьцю пагадзіўся. Але наогул я належу да тых аўтараў, якія спрабуюць захоўваць незалежнасьць. Мастацтва мусіць быць незалежным.
Цяпер у сусьветнай літаратуры назіраецца імкненьне аўтараў пісаць проста; чым прасьцей, тым лепш. Таму што такія кнігі хутчэй прынясуць славу і грошы. Калі кніжка напісана проста, яе прасьцей перакладаць. Вось у кнізе „Белая муха, забойца мужчын“ я таксама крыху „пафліртаваў“ з масавай літаратурай».
Адказваючы на пытаньне пра пераклады і ўспрыманьне твораў замежнікамі, Бахарэвіч сьцьвердзіў:
«Праблема ў тым, што тэксты беларускіх аўтараў за мяжой патрабуюць шмат камэнтароў. У мяне ёсьць эсэ „Сьмерць“, перакладзенае на розныя мовы. Калі я яго чытаў у Беларусі, людзі разумелі ўсё і сьмяяліся. Калі чытаў у Літве, людзі жываты надрывалі. А калі чытаў у Нямеччыне, людзі сядзелі і думалі, што гэта сур’ёзны тэкст. Чым далей ад нас, тым цяжэй чытачам нас зразумець».
19 сьнежня была прэзэнтаваная новая кніга Бахарэвіча «Бэзавы і чорны: Парыж праз акуляры беларускай літаратуры» разам з кнігай ягонай жонкі Юлі Цімафеевай «Цырк», тэксты якіх былі напісаныя пераважна ў Парыжы.