Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс іміграцыйнага ўказу Трампа, верагодна, вырашыцца ў Вярхоўным судзе ЗША


Ілюстрацыйнае фота. Пратэсты ў ЗША супраць іміграцыйнага ўказу Трампа

Пры цяперашнім складзе вышэйшага судовага органу краіны галасы могуць падзяліцца пароўну.

Амаль усе экспэрты ў прававых пытаньнях аднадушныя ў тым, што пытаньне аб канстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта Дональда Трампа, паводле якога часова прыпыняецца ўезд у ЗША ўцекачоў ды іншых асобаў зь сямі краінаў зь пераважна мусульманскім насельніцтвам, будзе ў канчатковым выніку вырашацца ў Вярхоўным судзе ЗША.

У цяперашні час на разглядзе ў судах знаходзяцца шматлікія пазовы, зьвязаныя з новым указам; адзін зь іх, хутчэй за ўсё, будзе разгледжаны найвышэйшай судовай інстанцыяй краіны. Як жа будуць амэрыканскія суды прымаць канчатковае рашэньне пра лёс уведзенай Трампам часовай забароны на ўезд? Тлумачыць «Голас Амэрыкі».

Судовы пазоў

Судовую сыстэму ЗША можна параўнаць зь пірамідай. На ніжнім яе ўзроўні знаходзяцца 94 суды першай інстанцыі, або акруговыя суды. Калі чалавек ці арганізацыя хоча падаць на кагосьці ў суд, то пачынаць варта менавіта з гэтага ўзроўню.

Наступная інстанцыя — 13 апэляцыйных судоў ЗША. Калі адзін з бакоў незадаволены рашэньнем акруговага суду, то справа прымаецца на разгляд апэляцыйным судом.

На вяршыні піраміды знаходзіцца Вярхоўны суд — найвышэйшы апэляцыйны суд. Усе рашэньні Вярхоўнага суду канчатковыя.

Суд другой інстанцыі

Як мінімум адзін суд другой інстанцыі, або акруговы суд, існуе ў кожным штаце і ў сталічнай акрузе Калюмбія. Гэтыя суды вырашаюць спрэчкі, высьвятляюць фактычны бок справы, ужываюць да яе прававыя прынцыпы і вызначаюць такім чынам, хто мае рацыю.

Шматлікія пазовы супраць іміграцыйнага ўказу былі пададзеныя ў акруговыя суды 29 студзеня, праз два дні пасьля таго, як указ быў падпісаны, тады ж судзьдзя нью-ёркскага акруговага суду на 7 дзён прыпыніў дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу ў агульнанацыянальным маштабе. 6 лютага судзьдзя ў штаце Вашынгтон заблякаваў указ, што дазволіла ўцекачам і грамадзянам краінаў, якія падпалі пад забарону, уехаць у ЗША.

Апэляцыйны суд

Задачай апэляцыйнага суду ёсьць праверка правамернасьці рашэньняў, прынятых у судзе першай інстанцыі. Апэляцыйныя суды складаюцца з трох судзьдзяў; прысяжныя ў гэтым выпадку адсутнічаюць.

Юрысты, якія абслугоўваюць адміністрацыю, зьвярнуліся ў апэляцыйны суд дзявятай акругі з патрабаваньнем скасаваць прынятае судзьдзём з штату Вашынгтон рашэньне аб прыпыненьні новага ўказу. Юрысты Міністэрства юстыцыі ЗША сьцьвярджаюць, што прэзыдэнт мае дастатковыя паўнамоцтвы, каб вызначаць, хто менавіта можа ўяжджаць на тэрыторыю ЗША і «ў значнай ступені не падлягае судоваму кантролю».

У нядзелю апэляцыйны суд адмовіўся неадкладна скасаваць пастанову аб прыпыненьні дзеяньня ўказу прэзыдэнта да разгляду справы. У аўторак аргумэнты бакоў выслухала камісія з трох судзьдзяў, неўзабаве будзе вынесены вэрдыкт.

Вярхоўны суд

Незалежна ад таго, які бок атрымае перамогу ў апэляцыйным судзе, той, хто прайграе, хутчэй за ўсё, зьвернецца ў Вярхоўны суд.

Звычайна рашэньне ў Вярхоўным судзе прымаюць дзевяць судзьдзяў. Пасьля сьмерці судзьдзі Антаніна Скалія ў лютым 2016 году адно зь месцаў у вышэйшай судовай інстанцыі краіны вакантнае. Гэта наводзіць на думку пра магчымы падзел галасоў пароўну. Калі суд будзе ня ў стане прыняць рашэньне бальшынёй галасоў, то справа вернецца ў апэляцыйны суд.

XS
SM
MD
LG